Вы тут

Гатоўнасць нумар адзін


Беларусь прыме чэмпіянат свету па футзале

Наша краіна зноў гатова прыняць найбуйнейшыя спартыўныя спаборніцтвы. З 17 па 25 красавіка шаснаццаць самых лепшых камандаў планеты будуць змагацца за званне чэмпіёна свету па футзале. Гульні першынства пройдуць адразу ў пяці гарадах — Мінску, Пінску, Брэсце, Маладзечне і Барысаве.

18-16

Пра гатоўнасць арганізатараў і спартсменаў да самай важнай «футзальнай» падзеі года расказаў галоўны трэнер зборнай Беларусі і першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футзала Сяргей Сафонаў.

— Мы ўступаем у трэці, заключны этап падрыхтоўкі да чэмпіянату свету. Прыблізна на гэтым жа этапе знаходзіцца і зборная, перад якой пастаўлены сур'ёзныя задачы. Ужо праведзена большая частка работы ў плане прасоўвання чэмпіянату. Запушчана рэклама, прадстаўлены лагатыпы і талісманы першынства. Гэта тычыцца не толькі Мінска, але і ўсіх гарадоў, у якіх будуць праходзіць гульні чэмпіянату свету.

Што тычыцца гульцоў, то з кастрычніка ўсе кандыдаты ў зборную Беларусі знаходзяцца пад кантролем трэнерскага штаба. Падрыхтоўка складалася з некалькіх этапаў, першым з якіх сталі афіцыйныя рэспубліканскія спаборніцтвы, а дакладней — чэмпіянат Беларусі і 20-ы розыгрыш Кубка краіны. Усе гульцы зборнай прайшлі медыцынскія абследаванні, стан іх кантралюецца. Таксама мы правялі першыя вучэбна-трэніровачныя зборы ў Раўбічах, яны доўжыліся пяць дзён, і за гэты час трэнерскі штаб атрымаў дастаткова патрэбнай інфармацыі для аналізу як фізічнага стану гульцоў, так і іх практычнай падрыхтоўкі.

У лютым зборная паспяхова правяла два спарынгі са сталічнымі клубамі, якія скончыліся ўдала для нас. Цяпер гульцоў чакае 6-ы тур чэмпіянату краіны ў Брэсце, дзе мы плануем яшчэ раз прагледзець усіх кандыдатаў у зборную. Далей запланаваны зборы ў Мінску, яны пройдуць з 7 па 17 красавіка. Будзем трэніравацца ў «Мінск-Арэне». У трэніровачнай зале ўжо накрылі спецыяльны насціл, які нам неабходны. Там пройдзе і стартавая гульня з бразільцамі, і, спадзяюся, паўфінал і фінал з удзелам беларусаў.

Гэтыя апошнія зборы дадуць нам канчатковую інфармацыю і магчымасць выбраць з 17-ці гульцоў тых 12, якія будуць заяўлены на чэмпіянат свету. Трэнерская каманда ўжо вызначана, мне дапамагаюць два спецыялісты — гэта Ігар Шыла і Леанід Коўш. Таксама мы заручыліся падтрымкай практычна ўсіх кіраўнікоў структур, у якіх працуюць нашы гульцы. Усе яны гатовыя адпускаць спартсменаў для паўнавартаснай, якаснай падрыхтоўкі і паважліва ставяцца да той задачы, якая пастаўлена перад зборнай Беларусі. А задача адна — медалі.

— Па выніках лёсавання чэмпіянату, зборная Беларусі трапіла ў групу з камандамі Бразіліі, Уругвая і Аўстраліі. Што скажаце пра сапернікаў і якія шанцы нашых футзалістаў?

— Гэта вельмі няпростая група. У футзальным плане гэтыя краіны шмат чаго дамагліся. Бразільцы — неаднаразовыя чэмпіёны свету, уругвайцы — шматразовыя прызёры чэмпіянатаў свету і свайго кантынента. Таму будзе няпроста, але гэта нас абсалютна не палохае, мы гатовы да таго, каб гуляць з усімі камандамі, таму што задачы пастаўлены высокія. Па выніках лёсавання яны абсалютна ніяк не карэктаваліся. Акрамя таго, што ў нас няпростая група, сама «галіна» чэмпіянату вельмі складаная. Калі глядзець тэарэтычна, выходзячы з групы, мы трапляем зноў жа на вельмі сур'ёзнага саперніка, а далей, у паўфінале нас, хутчэй за ўсё, чакае чэмпіён свету — Калумбія.

18-15

— У Мінску буйныя спартыўныя спаборніцтвы праводзіліся ўжо не раз, праблем з арганізацыяй чэмпіянату менш, чым у рэгіёнах?

— Як ні дзіўна, менавіта ў рэгіёнах усё значна прасцей, больш эфектыўна спрацоўвае адміністрацыйны рэсурс. Усё знаходзіцца ў поўнай баявой гатоўнасці. Мы неаднаразова выязджалі на гэтыя аб'екты, праводзілі цэлы шэраг мерапрыемстваў. За Пінск і Брэст я абсалютна спакойны, людзі там вельмі актыўныя, ініцыятыўныя, ва ўсіх пытаннях правядзення чэмпіянату гатовыя праяўляць свой рэсурс, свае магчымасці. У Барысаве і Маладзечне былі зусім нядаўна, усе пытанні прапрацаваны. У тым, што і там будзе ўсё на найвышэйшым узроўні, я абсалютна ўпэўнены. І балельшчыкаў, і кіраўніцтва гэтых гарадоў засмучае толькі адно — там будзе праведзена мала матчаў. У Маладзечне — дзве гульні, у Барысаве — усяго адна. А яны хацелі б прыняць больш.

Асноўныя складанасці сканцэнтраваны якраз у Мінску. Па-першае, таму што тут дзве групы камандаў. Па-другое, яны гуляюць на такіх сур'ёзных аб'ектах, як «Мінск-Арэна» і Палац спорту, таму тут у нас яшчэ ёсць некаторыя пытанні, якія трэба паспець дапрацаваць. Магчыма, узмацніць вонкавую рэкламу, больш актыўна запусціць на экраны анонсы чэмпіянату.

Існуе яшчэ адна праблема, якая пакуль не вырашана, — гэта трансляцыі матчаў з Пінска і Брэста. Гэта тое, у чым раней мы былі абсалютна ўпэўнены, бо пытанне было пазначана з першага дня падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, аднак цяпер паўсталі пэўныя тэхнічныя складанасці. Па нашай папярэдняй дамоўленасці павінна была ажыццяўляцца тэлетрансляцыя 29-ці матчаў першынства. Тым больш што ў Пінску згуляюць зборныя Расіі і Аргенціны, на матчы якіх ужо няма квіткоў. У Брэсце выступяць чэмпіёны свету калумбійцы і адна з наймацнейшых зборных свету — Венесуэла. Трансляцыі ў любым выпадку павінны быць арганізаваны.

— Да чэмпіянату застаўся месяц, наколькі высокую цікавасць праяўляюць заўзятары?

— Калі казаць пра замежных турыстаў, то ўжо вядома, што многія дэлегацыі прывязуць групы сваіх прыхільнікаў. Пакуль дакладную лічбу назваць складана. Ведаю, што прыедуць аматары спорту з Аргенціны. Яны нават будуць праводзіць тут шэраг мерапрыемстваў, бо прэтэндуюць на правядзенне чэмпіянату свету па футзале ў 2019 годзе. Чакаем, вядома, што будзе шмат расіян.

Што да беларусаў, то іх цікавасць расце з кожным днём. Цэны на квіткі ў нас першапачаткова былі сацыяльна арыентаваныя. У дзень будзе праходзіць па дзве гульні на арэне, таму квіток прадаецца адразу на два матчы. Кошт білета на першы этап ад 60 тыс. рублёў. Таксама прадаюцца абанементы, распрацавана сістэма зніжак. На сувенірную прадукцыю цэны таксама досыць дэмакратычныя, «сувенірка» будзе рэалізоўвацца ва ўсіх гарадах, дзе пройдуць гульні чэмпіянату.

— Заўзятарам футзала ўласцівы такі ж буйны нораў, як і фанатам «вялікага» футбола?

— Не, у футзале глядач больш дысцыплінаваны, у нас няма груп, якія ствараюць непатрэбнае напружанне, ладзяць бойкі. За ўсю сваю трэнерскую працу, за 25 гадоў, я ні разу не сустракаўся з падобнага роду канфліктамі. Спадзяюся, што і на чэмпіянаце свету ў Мінску нічога падобнага адбывацца не будзе. Я лічу, што наш спорт больш яркі, больш дынамічны, чым футбол, дзе больш паўзаў. Дынаміка футзала ў 5 разоў вышэйшая за футбольную, усё гэта прываблівае гледачоў.

Дар'я Лабажэвіч.

Даведка

Беларуская федэрацыя футзала створана ў 1993 годзе і з таго ж часу з'яўляецца членам Еўрапейскага саюза футзала, удзельнічае ў кантынентальных чэмпіянатах.

Беларусь і раней праводзіла розныя турніры па футзале еўрапейскага ўзроўню. Напрыклад, дзясяты чэмпіянат Еўропы сярод мужчынскіх камандаў у 2012 годзе прымаў Брэст, а ў Гомелі ў 2013-м адбыўся турнір Лігі чэмпіёнаў.

Зборная Беларусі па футзале дамаглася гучнага поспеху, стаўшы чэмпіёнам Еўропы 2014 года. У вырашальным паядынку 11-га кантынентальнага першынства, які праходзіў у Празе (Чэхія), беларусы выйгралі ў зборнай Бельгіі з лікам 2:1. На шляху да фінальнага матча яны перамаглі футбалістаў Славакіі і Бельгіі ў серыях пасляматчавых пенальці, а таксама Нарвегію ў дадатковы час. У паўфінальным матчы беларускія спартсмены ўзялі верх над каталонскай камандай з лікам 2:0.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».