Вы тут

Сініца ў руках ці журавель у небе


Як мой сусед вярнуўся з Масквы без зарплаты

Да нядаўняга часу ў Расію сцякаліся жыхары амаль з усіх краін СНД з адной марай — зарабіць: хто на здобную булку з маслам, хто на кватэру ці машыну. Сярод іх нямала беларусаў. Некаму сапраўды шанцавала з работай і зарплатай. Але не ўсім...

18-25

Вырашыў ухапіць за хвост «сінюю птушку» і мой знаёмы Мікалай: патрэбны былі грошы на прыватызацыю кватэры. Па спецыяльнасці ён электрык з немалым стажам. На рабоце яго цанілі: дысцыплінаваны, не п'е гарэлкі, а рукі дык проста залатыя.

Неяк зайшоў да Міколы сусед ды кажа: «Паехалі на заробкі ў Маскву, адзін знаёмы там ужо пабываў, шукае добрых хлопцаў. Пакінуў каардынаты будоўлі». На доўгі роздум часу не было, кінуліся з жонкай па білет, а затым на рынак па прадукты. Купілі сала, з дзясятак бляшанак тушонкі, запасліся крупамі ды макаронай. Жонка ўпакавала ў сумку скараварку, маўляў, каб супы сабе гатаваў, не еў усухамятку.

— Выйшлі на Беларускім вакзале раніцай, было сцюдзёна: якраз пачыналіся першыя замаразкі. Ніхто нас там не сустрэў. Нанялі таксі. Ехалі амаль што праз усю Маскву, — згадвае сусед. — Высадзіў нас кіроўца на самай ускраіне горада: вакол толькі катлаваны, калдобіны ды баракі. Насустрач выйшаў чалавек нееўрапейскай знешнасці: таджык ці ўзбек, які прадставіўся прарабам. Сказаў, што будзем будаваць склады. Пасялілі нас у халодным бараку, дзе ўжо жылі некалькі чалавек.

Прайшоў дзень, другі, трэці, але ніхто і не думаў заключаць з намі нейкія дагаворы, кантракты. Тады мы нагадалі старэйшаму, што час ужо і аформіць дакументальна нашы працоўныя адносіны, пазначыць усе нюансы распарадку рабочага дня, зарплату, тэрміны яе выплаты. Але ён адказаў, што прыедзе гаспадар, з ім усё і вырашыце. А яго прыезд усё адкладваўся: то ў яго камандзіроўка, то нейкія тэрміновыя справы. Нарэшце, гаспадар з'явіўся і прапанаваў нам вусную дамоўленасць. Працавалі на аб'екце па 12 гадзін. Мне давялося перакваліфікавацца з электрыка ў падсобныя рабочыя. Кармілі ж нас кількай не першай свежасці, часам давалі рэдкі суп ды кубак мутнай гарбаты з кавалкам хлеба. Сухі паёк заканчваўся. Давялося распальваць касцёр на вуліцы ды ў сваёй скараварцы гатаваць кашу з прывезеных круп.

Заканчваўся месяц нашага знаходжання на аб'екце, а зарплаты так і не было. Зноў прыехаў галоўны і абяцаў разлічыцца з намі толькі ў тым выпадку, калі прывязём з сабой новую рабочую сілу на замену або папрацуем тыдні два на іншым аб'екце. І тут мы з сябрам зразумелі, што нас «кінулі» і трэба як мага хутчэй уцякаць дадому. Ноччу, калі калегі паснулі, мы сіганулі за агароджу, нават не забралі з сабой рэчаў. Грошай на зваротны шлях не было. З цяжкасцю дабраліся да шашы на Мінск. Да Оршы ехалі спадарожнымі машынамі. А ўжо адтуль — электрычкай да Мінска, вядома, «зайцамі». Натрапілі на кантралёраў, але, выслухаўшы пра нашы прыгоды ў Маскве, тыя па-чалавечы нас пашкадавалі, не сталі штрафаваць. Не паверыць нам яны не маглі: шчацінне на твары — яскравае пацверджанне таму, што мы не махлюем.

«Некалькі дзён запар я адсыпаўся, уставаў толькі, каб паесці. Цяпер працую ў той арганізацыі, адкуль звольніўся, па сваёй ранейшай спецыяльнасці. Лепш мець стабільны заробак на радзіме, чым гнацца за доўгім рублём за мяжой, — лічыць мужчына. А кватэру ён усё ж прыватызаваў. Як былому воіну-афганцу 20 квадратных метраў у 48-метровай двухпакаёўцы яму дасталіся бясплатна.

«Пасля гэтага яшчэ некалькі знаёмых прапаноўвалі мне паспрабаваць шчасця ў Расіі, праўда, ужо ў Цюмені. Але, апёкшыся на малацэ і на ваду будзеш дзьмуць», — жартуе Мікалай.

Ды і жонка супраць, каб ён кудысьці з'язджаў. Вось толькі час ад часу нагадвае яму пра тую скараварку, што пакінуў у Маскве: добрая рэч была ў гаспадарцы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».