Вы тут

Увага да кожнай просьбы


На «прамую лінію» да губернатара Брэстчыны Анатоля ЛІСА, як і ў мінулы раз, дазванілася 42 чалавекі. Самым значным і сур'ёзным зваротам, відаць, ёсць сэнс назваць званок з Баранавіч. Старшыня кааператыва забудоўшчыкаў Віталь Сяліцкі расказаў пра сітуацыю, якая склалася вакол двух новых дамоў. Жыллё было здадзена ў 2013 годзе. Людзі атрымалі ключы ад чаканых кватэр, засяліліся... а потым пачаліся праблемы. Справа ў тым, што ў дамах былі ўстаноўлены алюмініевыя радыятары ацяплення айчыннай вытворчасці. За час эксплуатацыі, фактычна за год, сем радыятараў пацякло, пастаянна здараюцца аварыі ў цеплапунктах.

18-34

Адзін з радыятараў знялі і адвезлі ў мінскую лабараторыю. Сталічныя спецыялісты выдалі заключэнне, што знос абсталявання складае ў розных частках ад 70 да 80 працэнтаў. Адным словам, жыць у новых дамах у ацяпляльны сезон становіцца небяспечна. Старшыня кааператыва прасіў дапамогі ў стварэнні камісіі і правядзенні незалежнай экспертызы з тым, каб прыняць рашэнне і нейкім чынам дапамагчы жыльцам новых дамоў.

Старшыня аблвыканкама ўважліва слухаў тэлефоннага суразмоўцу, задаваў пытанні, потым акрэсліў галоўнае пытанне, якое паўстае: за чый кошт давядзецца перарабляць сістэму ацяплення ў двух жылых дамах? Для гэтага патрэбна высветліць, хто ж усё-такі вінаваты ў такім няўдалым эксперыменце над жыльцамі. Намесніку старшыні аблвыканкама па будаўніцтве Віктару Сакоўскаму даручана ўзначаліць камісію, якая падрабязна разгледзіць сітуацыю з прыцягненнем кампетэнтных спецыялістаў і прыме рашэнне. Кіраўнік вобласці зазначыў, што кааператыў забудоўшчыкаў уяўляе сабой прыватную структуру, але ж проста накіраваць іх высвятляць адносіны ў судзе было б несправядліва. Улада не пакіне людзей сам-насам з іх праблемамі, а, наколькі магчыма, дапаможа заклікаць да адказу тых, хто дапусціў пралікі і паставіў няякасную альбо бракаваную прадукцыю.

Іншых жыллёвых пытанняў падчас суботняга тэлефоннага дыялогу было няшмат. Некалькі зваротаў паступіла з сельскай мясцовасці, людзі скардзіліся на завышаную ацэнку кошту дамоў і кватэр, якую правялі для будучай прыватызацыі. Губернатар адзначыў, што на кошт жылля, якое ўзводзілі ў гаспадарках некалькі дзесяцігоддзяў таму, у асобных выпадках паўплывала недакладнае вядзенне ўліку і дакументацыі. Тады маглі аднесці на жыллё іншыя траты, напрыклад, калгасныя гаспадарчыя пабудовы. А цяпер гэта адбіваецца на ацэначным кошце. Таму ў кожным выпадку службовыя асобы атрымалі даручэнне праверыць яшчэ раз парадак разлікаў.

Тры звароты датычыліся пошуку работы. Маці ўчарашняга студэнта, выпускніка Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, прасіла за сына. Хлопец летась атрымаў інжынерную спецыяльнасць на платным аддзяленні, і да гэтай пары не здолеў уладкавацца на працу. Куды не звяртаўся малады чалавек па аб'явах, там патрабаваліся спецыялісты з вопытам працы. А дзе ўзяць той вопыт учарашняму студэнту, як не на вытворчасці? Кіраўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці Сяргей Лабанаў, які прысутнічаў на «прамой лініі», паабяцаў дапамагчы з першым рабочым месцам для выпускніка.

За дарослых унукаў прасіла бабуля-брастаўчанка. Адзін з іх, дарэчы, працаваў на будоўлях Масквы, а цяпер і там не хапае работы. Вярнуўся дадому, уладкавацца аказалася вельмі складана. Пра гэта пазней губернатар гаварыў з журналістамі падчас прэс-канферэнцыі. Працэнт беспрацоўя ў рэгіёне павялічылі будаўнікі з палескіх раёнаў: Століншчыны, Піншчыны, Ганцаўшчыны, якія раней працавалі ў Расіі, а цяпер паступова вяртаюцца ў родныя гарады і вёскі. І паколькі ў грамадстве ідзе актыўнае абмеркаванне будучага заканадаўчага акта па занятасці насельніцтва, людзі не хочуць доўга адпачываць, а становяцца на ўлік у цэнтрах занятасці. Гэта стварае пэўны ажыятаж.

А ў жыхароў вёскі Чарняны Маларыцкага раёна і работа ёсць у сельгаспрадпрыемстве, і жаданне займацца падсобнай гаспадаркай. Але прайшла чутка, што літаральна з красавіка малако ад вясковых гаспадароў браць не будуць. Прадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай, аб'явіла пра свае патрабаванні да якасці сыравіны, ім не адпавядае малако з прыватных падворкаў. Яўгенія Клебановіч тэлефанавала ад імя ўсіх заклапочаных гаспадынь. Яе папрасілі перадаць суседзям і аднавяскоўцам, што малако ў людзей будуць купляць у любым выпадку, нейкае выйсце мусяць знайсці раённыя ўлады: адмовіцца адзін перапрацоўшчык, прыцягнуць другога.

Сельскія жыхары на гэты раз праявілі сапраўдную актыўнасць. І праблемы ўзнімалі, якія заслугоўваюць увагі. Жыхар пасёлка Мухавец Брэсцкага раёна прасіў памяняць ім паліклініку. Пацыенты з названай вёскі абслугоўваюцца ў раённай паліклініцы, размешчанай у мікрараёне Рэчыца. Ім даводзіцца прыязджаць у горад і дабірацца ў яго другі канец. Але нядаўна паліклініку ўзвялі ў мікрараёне Паўднёвы, гэта якраз у напрамку Мухаўца. Такім чынам, хворым людзям не трэба было б ехаць яшчэ гарадскім транспартам, удалося б сэканоміць і час, і грошы. Старшыня аблвыканкама даручыў упраўленню аховы здароўя прааналізаваць сітуацыю, пралічыць усё і, магчыма, у будучыні правесці перадыслакацыю пацыентаў.

Ветэран сельскагаспадарчай працы, хворы на Паркінсона, прасіў канкрэтнай дапамогі, спасылаючыся на нядаўняе выступленне міністра аховы здароўя. Іван Мікалаевіч расказаў, што раней яму прызначалі прэпарат вытворчасці Славеніі, а цяпер выпісалі ўкраінскае лякарства, якое аказалася ў яго выпадку неэфектыўным. Пры названым захворванні лекі выдаюць бясплатна. І пацыент падазрае, што яму выпісалі больш танны прэпарат. Ён прасіў паспрыяць, каб вярнулі ранейшы, які дапамагае. Службовыя асобы атрымалі даручэнне ўважліва паставіцца да просьбы пенсіянера.

А вось адзін зварот вясковай шматдзетнай маці пакінуў дваістае адчуванне. Пенсіянерка, як яна назвалася, «маці-гераіня», скардзілася, што гаспадарка, дзе яна працавала, не выдзяляе ёй зваршчыка для замены ацяпляльнага катла ў доме. Вядома, ёй абяцалі дапамагчы. Але падумалася адразу, дзе ж дзеці, за выхаванне якіх жанчына атрымала ўзнагароду? Мусіць, моцна занятыя, калі не маюць часу дапамагчы маці з рамонтам.

Пра два званкі варта сказаць асобна. Жанчыны, якія дазваніліся на «прамую лінію» 17 студзеня, падзякавалі Анатолю Лісу за аператыўнае вырашэнне іх праблем.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.