Вы тут

Гальштукі бываюць і драўлянымі, або За што мужчыны могуць быць удзячныя амерыканскім паліцэйскім?


Рабочы з Віцебска Уладзімір Уданоўскі каля дзесяці гадоў збірае гальштукі і бабачкі. У яго незвычайнай калекцыі ўжо больш за 100 экзэмпляраў. Іх можна ўбачыць на выставе ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М.П.Шмырова. Карэспандэнт «Звязды», які не носіць гальштукі, сустрэўся з чалавекам, які мае рэдкае хобі.

[caption id="attachment_75769" align="alignnone" width="600"]18-11 Ула­дзі­мір з «кні­гай вод­гу­каў», у якой мож­на па­дзя­ліц­ца ўра­жан­ня­мі на­конт вы­ста­вы.[/caption]

Пан калекцыянер

Рабочы, які з задавальненнем носіць гальштукі ды ўмее іх завязваць, — гэта, пагадзіцеся, рэдкая з'ява.

— Так, я працую рабочым — на віцебскім абутковым прадпрыемстве «Сан Марка». І на працу, здараецца, прыходжу з гальштукам на шыі. І што? Я люблю гальштукі! Дарэчы, многія здзіўляюцца, чаму я, маючы вышэйшую адукацыю, працую транспарціроўшчыкам, а раней — на іншай рабочай «пасадзе»... Калісьці вучыўся ў Віцебскім каледжы мастацтваў, потым у Смаленскім інстытуце мастацтваў. А пайшоў рабочым на прадпрыемства, таму што на той час там плацілі параўнальна нядрэнна.

Што яшчэ здзіўляе, ён прынцыпова не карыстаецца мабільным тэлефонам. Праўда, не супраць іншых выгод нашага стагоддзя віртуальных тэхналогій. У прыватнасці, у сацыяльнай сетцы ёсць яго старонка. Сярод мноства здымкаў там ёсць і фота ў вобразе нейкага пана.

— Ну не люблю мабільную сувязь! Мне зручна дамаўляцца аб сустрэчах па праводным тэлефоне і ў інтэрнэце... А што тычыцца фота, якія вас зацікавілі, я здымаўся ў Віцебску — у масоўцы расійскага фільма. Прачытаў у інтэрнэце аб'яву, на кастынгу мяне выбралі для здымак. Было цікава, з «зоркамі» кіно пазнаёміўся, — тлумачыць Уладзімір.

Мо і яшчэ будзе здымацца! Ён — сябра клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Таварышы па зброі» (які пастаянна супрацоўнічае са згаданым вышэй музеем). Мужчыны і жанчыны ў ваеннай форме часоў Вялікай Айчыннай паказваюць фрагменты вайны ў тэатралізаваным выглядзе.

Аксесуар з сакрэтам

Пра гальштукі ён расказвае так, што слухаў бы і слухаў. Дарэчы, а як можна назваць тых, хто гальштукі збірае? «Гальштучнікі»? Упершыню ў жыцці шукаў у інтэрнэце адпаведную назву, але не знайшоў.

— Грабарыст, — падказвае калекцыянер. — Слова ўзнікла пры перакладзе з адной з моў слова «гальштук». А ў перакладзе з нямецкай Halstuch значыць «шыйная хустка». Ёсць некалькі версій таго, калі людзі пачалі насіць гальштукі. У старажытным Егіпце іх насілі тыя, хто мелі прывілеі. Але некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што гэты аксесуар адкрылі свету кітайцы. Некаторыя лічаць, што гальштукі пайшлі ад рымскіх легіянераў, якія насілі тканіну на шыі, каб даспехі не намульвалі скуру... Я чытаў пра тое, што на Русі правобразы гальштукаў з'явіліся падчас праўлення Пятра І. Калі чалавека вешалі «няўдала», паўторна пакараць смерцю забаранялася. Але шчасліўчыкі павінны былі ўсё жыццё публічна насіць кавалак вяроўкі на шыі. А вы ведаеце, хто першым пачаў насіць заціскі для гальштукаў? Амерыканскія паліцэйскія да пачатку Другой сусветнай. І гэта спатрэбілася, каб іх... не задушылі зладзеі, якіх яны затрымлівалі. Без заціскаў вельмі лёгка зацягнуць гальштук і...

[caption id="attachment_75770" align="alignnone" width="600"]OLYMPUS DIGITAL CAMERA Галь­шту­кі з вы­ста­вы.[/caption]

У калекцыі Уладзіміра гальштукі з розных краін, розных часоў вырабу, тканін.

— Усе яны для мяне па-свойму дарагія. «Любімчыкаў» няма! Самы першы быў прывезены з Балгарыі мамай, калі яшчэ я не нарадзіўся. Гэты гальштук — аранжавага колеру! Доўгі час ён ляжаў у яе ў шафе, пакуль я не ўбачыў. Прымяраў, але як насіць такі на афіцыйныя мерапрыемствы? Купіў шэры гальштук, потым вось гэты з доларамі (паказвае). Даволі хутка зразумеў, што мне падабаюцца розныя гальштукі. Стаў купляць, абменьвацца...

Паводле слоў калекцыянера, у часы СССР не было гальштукаў кідкіх колераў, а толькі класічныя: чорны і шэры, калі з палоскамі, дык стандартнымі. Часам гальштукі ўпрыгожваліся белым гарохам. Што добра, усе вырабляліся з натуральнай тканіны, у наш час большасць — са штучнага шоўку.

— У 1990-я гады на постсавецкім «рынку» назіраўся «росквіт» гальштукаў. Вось, напрыклад, з люрэксам — вузенькія. Дарэчы, і дамы насілі такія. Гэта шыкам лічылася. Мне падабаюцца гальштукі з «сакрэтам». Вось, бачыце, упрыгожаны «гарохам», а калі прыглядзецца, гарох — гэта свінка... А цяпер уваходзяць у моду драўляныя гальштукі. Робіцца аснова з драўніны, паверх нацягваецца тканіна... Сабраў гальштукі з ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і іншых краін. Самы дарагі па цане — ад Крысціяна Дзіёра (яго падарылі), ёсць і эксклюзіўныя — вырабленыя нашымі майстрамі ў адным экзэмпляры, — зноў здзіўляе Уладзімір.

Што дзіўна, нават «кніга водгукаў», у якой можна падзяліцца ўражаннямі ад убачанага на выставе, зроблена ў форме гальштука. Дзе такое яшчэ ўбачыць можна?

— Шчыра дзякую супрацоўнікам музея за тое, што прапанавалі мне паказаць калекцыю. Прапанову атрымаў, калі аднойчы прыйшоў сюды з аранжавым гальштукам на шыі. Разгаварыліся з дырэктарам, і скончылася гэтай выставай, — смяецца калекцыянер.

Halstuch — у дар

Уладзімір расказаў, што ў Мінску толькі аднойчы арганізавалі выставу гальштукаў, якія належаць латвійскаму дыпламату.

Каб папоўніць сваю калекцыю, У. Уданоўскі купляе гальштукі, калі бачыць адпаведныя аб'явы ў інтэрнэце, прымае ў дар. Дарэчы, мо хто з чытачоў хоча падарыць гальштук ці прадаць, тэлефануйце ў віцебскі карпункт «Звязды». Абавязкова перадам інфармацыю Уладзіміру.

— Наведвальнікам музея выстава вельмі спадабалася. Дарэчы, легендарны Шмыроў, імя якога носіць музей, быў ганаровым піянерам дружыны адной з віцебскіх школ. У нас ёсць той самы гальштук, які яму завязалі дзеці... Перыядычна калекцыянеры, якія збіраюць маркі, паштоўкі, календары, фотаапараты і іншае, прапаноўваюць арганізаваць выставу. Але адмаўляем, бо такое хобі «на слыху». А каб чалавек гальштукі збіраў, гэта насамрэч цікава. І вялікая каштоўнасць калекцыі ў неардынарным падыходзе да яе фарміравання. Ёсць і форменныя гальштукі, і ручной работы... Гальштукі могуць стаць падставай для вывучэння гісторыі, геаграфіі, а мо каго зацікавіць тэхналогія вырабу? У прыватнасці, тканіна абавязкова з трох частак па дыяганалі складаецца, каб гальштук не цягнуўся, добра на шыі «ляжаў», — расказала карэспандэнту «Звязды» дырэктар установы культуры Ірына Шышкова.

Паводле яе слоў, выстава будзе працаваць яшчэ пару дзён. Калі завітаеце ў Віцебск, абавязкова наведайце яе. Калекцыянер будзе рады прадставіць калекцыю ў іншым музеі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.