Вы тут

Вучымся разам: прышчэпка новых сартоў


Як жа няпроста вясной праехаць міма месцаў, дзе прадаюцца саджанцы! Так і хочацца купіць новыя сарты і яблынь, і груш, і сліў... А прывязеш дрэўцы на свой участак і не ведаеш, куды падзець навасёлаў. Але рашэнне праблемы ўсё ж ёсць. Гэта прышчэпка новых сартоў у кроны дрэў, якія ўжо растуць на ўчастку. Паверце, нічога складанага ў гэтай справе няма. Усяго і трэба — востры нож, скрутак ізастужкі, некалькі цэлафанавых пакетаў, кавалак шпагату і, уласна, чаранкі для прышчэпкі. Выдаткі, як бачым, мінімальныя, а ў выніку можам са звычайнай антонаўкі атрымаць салодкія яблыкі. Можам мужчынскую расліну абляпіхі замяніць некалькімі прышчэпленымі галінкамі ў кроне жаночай. Можам самабясплодныя чарэшню ці сліву «ўгаварыць» запладаносіць, калі сярод іх галінак «пасяліць» чаранкі сартоў-апыляльнікаў.

18-7

Шчэпа

Галоўная ўмова паспяховай прышчэпкі — гэта спячыя (якія не пачалі брыняць) пупышкі на чаранках. Улічыце яшчэ, што рух соку ў костачкавых культур пачынаецца вельмі рана. Чаранкі лепш за ўсё браць з цэнтральнай або верхавіннай часткі дрэва з паўднёвага боку. Тут найбольш выспелыя пупышкі і поўны запас рэзервовых пажыўных рэчываў. Для прышчэпкі падыходзяць толькі прыросты мінулага года. Яны маюць спецыфічныя прыкметы: знаходзяцца на канцах галін, прамыя з гладкай маладой светла-карычневай карой і шчыльна прыціснутымі невялікімі пупышкамі. Даўжыня прыростаў можа быць ад 15 см да метра, дыяметр — ад 3 мм да 8—10 мм. Зрэзаўшы такую галінку, звярніце ўвагу на колер стрыжня. Калі яна светла-зялёная або белаватая — значыць, дрэвы перазімавалі выдатна, а чаранок вышэйшай якасці. Калі ёсць карычневае адценне, то тканкі, напэўна, падмарожаныя. Галіны ж з цёмным або папялістым колерам стрыжня для прышчэпкі не падыходзяць.

Каб захаваць чаранкі да надыходу найбольш спрыяльнага часу прышчэпкі, іх складваюць пучкамі па чаранках, падпісваюць, каб не пераблытаць. Абгортваюць вільготнай (не мокрай!) анучай ніжнія месцы зрэзаў і шчыльна закручваюць поліэтыленавай плёнкай або мяшком. Гэты пакет можна змясціць у халадзільнік або склеп з тэмпературай не вышэй за 2-3 градусы цяпла.

Нож

Пэўную ўвагу трэба надаць і падрыхтоўцы галоўнага інструмента — нажа. Гэта можа быць як пакупны спецыяльны прышчэпачны нож, так і самаробны з нарыхтоўкі для шавецкага нажа. Агульнае патрабаванне — інструмент павінен быць завостраны так, каб галіў валасы на руцэ. Для такой падрыхтоўкі скарыстайцеся спачатку брускамі, а затым дробназярністай наждачнай паперай. Фінішная аперацыя — даводка на скураным рамяні ці кавалку лямцу, нацёртым пастай гоі. Цяпер вельмі карысным будзе патрэніравацца падразаць чаранкі. Для гэтага з нарыхтаванай галінкі выразаецца сярэдняя частка з 2—4 пупышкамі, якая бярэцца ў левую руку, а нажом у правай руцэ акуратна, за адзін праход, трэба зрабіць касы зрэз даўжынёй каля 4 см. Тое ж самае робім на другім баку. Атрымліваем два касыя зрэзы ў ніжняй частцы чаранка.

18-8

Час за справу

З канца сакавіка да сярэдзіны красавіка самы час адпраўляцца ў сад прышчапляць і перапрышчапляць дрэвы. Аперацыя гэтая лічыцца хірургічнай, таму вельмі важныя чысціня інструмента, сабранасць, уважлівасць і хуткасць дзеянняў садоўніка. Сутнасць прышчэпкі і гарантыя поспеху ў тым, каб злучыць жывыя, біялагічна роднасныя тканіны шчэпы (гэта наш чаранок) і прышчэпы (гэта расліна, на якую мы прышчапляем). Гэтыя тканкі размешчаны паміж карой і драўнінай і называюцца камбій. Менавіта яго клеткі з вясны і да восені ўзмоцнена дзеляцца і здольныя за кароткі час зрастацца адна з адной так, што ўтвараюць адзінае цэлае.

Прышчапляць лепш за ўсё ў тую частку кроны дрэва, дзе ідуць актыўныя роставыя працэсы. Гэта добра асветленыя сонцам сярэднія і верхавінкавыя галіны таўшчынёй да 3 см. Прышчэпкі на ніжніх галінках развіваюцца, як правіла, слаба.

Калі дрэва маладое і таўшчыня прышчэпы і шчэпы амаль супадаюць, можна прышчапляць спосабамі ў расшчэп, простай або палепшанай капуліроўкай. Важна сумясціць камбіяльныя слаі хоць бы з аднаго боку. На больш тоўстыя галінкі лепш прышчапляць спосабам у бакавы зарэз кары (калі робіцца касы надрэз кары на ўсю таўшчыню, а чаранок мае ўнізе зрэз накшталт вельмі востравугольнага трохвугольніка).

Праз год, калі будзе ясна відаць, што прышчэпка ўдалася, верхнюю частку галінкі прышчэпы зразаюць, а прышчэпка ўтварае працяг галіны, толькі ўжо, зразумела, новага сорта.

Гэты спосаб добры тым, што ў выпадку няўдачы рана за лета зарастае і памылка лёгка выпраўляецца наступнай вясной.

Важная дэталь: даўжыня чаранка звычайна складае максімум 4 пупышкі, лепш — дзве-тры.

Рыхтаваць чаранок трэба па магчымасці хутка, не дапускаючы падсыхання валокнаў драўніны і камбію. Недапушчальна датыкацца да зрэзаў рукамі.

Калі чаранок злучаны з прышчэпай, сцісніце іх пальцамі левай рукі, а правай пачынайце фіксаваць ізастужкай. Прычым першы слой матаецца ліпкім бокам вонкі, каб потым, пры зняцці стужкі, за ёй не адставала кара. Наматаўшы першы слой, проста перавярніце катушку і абматайце з нацягам яшчэ некалькімі слаямі. Пры гэтым адбываецца больш шчыльнае прыляганне камбіяльных слаёў.

Многія раяць шчодра нанесці па стужцы садовы вар або абкітоўку. Але рабіць гэтага не варта. Справа ў тым, што сучасныя садовыя абкітоўкі робяцца на аснове нафтапрадуктаў. Дзённае сонца растоплівае абкітоўку, і тоненькая тлушчавая плёнка перашкаджае зрастанню шчэпы з прышчэпай.

А цяпер, каб ахаваць пупышкі чаранка ад высушвання ветрам і сонцам, надзеньце на прышчэпку экран — цэлафанавы пакет, папярэдне зрэзаўшы ў яго куткі, і няшчыльна прывяжыце яго да прышчэпы. Як толькі стане ясна, што пупышкі чаранка пайшлі ў рост (а гэты час можа скласці і месяц), пакет зніміце.

Праз месяцы два акуратна разматайце ізастужку. А далей як хочаце: калі чаранок падаўжэў у межах 20 см, то месца злучэння можна зноў пераматаць ізастужкай для прадухілення адлому і пакінуць так да наступнага года. Калі ж прырост большы за 20 см, прышчэпу са шчэпай пажадана змацаваць шынай з падыходзячай рэйкі.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.