Вы тут

Палёт Осіпава


Беларускія фрыстайлісты разлічваюць трымаць узятую вышыню

Дзяніс ОСІПАЎ — апошні з магікан зборнай Беларусі па фрыстайле. Ён выступаў за нацыянальную каманду поплеч са славутымі Аляксеем Грышыным, Дзмітрыем Дашчынскім, Антонам Кушнірам і Алай Цупер. Летам яму споўніцца 32, і ён самы вопытны спартсмен у зборнай. Праўда, Дзяніс у пашпарт не глядзіць і кар'еру завяршаць не плануе. Нядаўна заваяваў «бронзу» ў акрабатыцы на этапе Кубка свету ў Раўбічах і збіраецца пазмагацца за ўдзел у зімовай Алімпіядзе, якую праз тры гады прыме карэйскі Пхёнчхан. А пакуль ёсць вольная хвіліна, дае змястоўнае інтэрв'ю карэспандэнту «Звязды».

18-19

–Для мяне падобная ўзнагарода значыць многае, — прызнаецца Дзяніс. — І, па вялікім рахунку, хатні этап Кубка свету быў, як Алімпійскія гульні: не хацелася ўдарыць тварам у гразь, было вялікае жаданне заняць прызавое месца. І я рады, што так і атрымалася.

Асабліва перад стартам не хваляваўся. Мяне крыху бянтэжыла надвор'е, але я стараўся не думаць аб ім. На маёй памяці гэта ўжо не першы выпадак, калі з-за ўмоў спаборніцтвы былі пад пагрозай зрыву. На адным з этапаў, на поўначы Канады, перад пачаткам спаборніцтваў адмянілі трэніроўкі. Прыйшлося скакаць без падрыхтоўкі. Слой снегу быў мінімальны. У некаторых месцах з'явіліся лужы і туман. Пайшоў дождж. Праўда, арганізатары выкруціліся і правялі этап на належным узроўні. Адрозненне ад раўбіцкага этапа ў тым, што ў Канадзе ляжаў натуральны снег, а ў нас з-за цёплай зімы ўпор зрабілі на штучны. Апошні этап Кубка свету Раўбічы прымалі тры гады таму. За гэты час шмат што змянілася. У нас з'явіліся новыя трампліны, абсталявалі судзейскі домік. І цяпер туды пагрэцца могуць зайсці не толькі суддзі, але і спартсмены.

* * *

Хатні этап Кубка свету ў Раўбічах — гэта нешта сваё, не падобнае да іншых спаборніцтваў. На некаторыя этапы прыходзіць мала гледачоў. А ў нас за скачкамі сачыла шмат балельшчыкаў. Сярод іх, дарэчы, было багата сваякоў фрыстайлістаў. Мяне прыехалі падтрымаць мае сябры і жонка. Прысутнасць іх на трыбунах прыдавала мне ўпэўненасці.

* * *

— Фрыстайлістам больш камфортна выступаць увечары. У дрэннае надвор'е не так проста прызямліцца. А пры святле пражэктараў вельмі добра відаць на схіле ўсе грудкі. Пры палёце ты арынтуешся на іх і можаш добра выканаць прызямленне.

18-18

* * *

— Спортам пачаў займацца з першага класа. Да нас у школу прыходзілі спецыялісты з розных секцый, гурткоў, глядзелі на фізічныя здольнасці, прасілі, каб падцягнуўся некалькі разоў, адціснуўся, і пакідалі свае візітоўкі. Я назбіраў поўную кішэню гэтых «талонаў» па розных відах спорту. Гімнастыка, акрабатыка, вырашыў паспрабаваць сябе нават у музыцы. Мне, малому, хацелася паўсюль паўдзельнічаць. Але разам з маці спыніліся на гімнастыцы, бо калі трэнер Мікалай Якаўлевіч Котаў завёў мяне на батут, ён мне здаўся нечым касмічным, нерэальным.

* * *

— У фрыстайле апынуўся ў 1999 годзе. Дагэтуль я не ведаў нічога пра гэты спорт. У навінах па тэлебачанні неяк глядзеў, як спартсмен выконвае скачок, і быў літаральна шакіраваны ўбачаным. Я ведаў, што такое сальта, што такое вярчэнне, але ніяк не мог зразумець, як гэта ехаць на лыжах, а пасля рабіць адважны скачок з трампліна. Думаў, гэтыя людзі вар'яты. А ў выніку сам стаў адным з іх.

* * *

— Фрыстайлісты самі па сабе даволі экстрэмальныя людзі. Цалкам бясстрашным сябе не назаву, але экстрым зацягвае. І ўвесь час хочацца чагосьці новага. Я некалькі разоў скакаў у Гомелі на вяроўцы з моста. А пасля Алімпіяды ў Ванкуверы, дзе перамогу здабыў Лёша Грышын, нашы хлопцы ездзілі на аднаўленчыя зборы на Кубу і скочылі з парашутам. Знаходзіліся ў свабодным падзенні 45 секундаў. Зразумела, рабілася гэта разам з інструктарам, але ўсё роўна было прыемна. Я таксама хачу зрабіць нешта падобнае, аднак не маю пакуль на гэта магчымасці.

* * *

— Мой родны Гомель у нечым стаў культавым горадам для беларускага фрыстайла. Менавіта туды з Украіны пераехаў шэраг спартсменаў. Сярод іх былі трэнер Наталля Шарснёва і Ала Цупер. З украінцаў у горадзе ўсё і пачалося. Да іх фрыстайлам там ніхто не займаўся.

* * *

— Я жыў у Гомелі ў раёне «Сельмаш». І нічога крымінальнага пра яго сказаць не магу. Магчыма, нехта і мае пра яго злачынныя гісторыі, хадзіў туды, куды не трэба было. У маім дзяцінстве спорт займаў увесь час. На астатняе яго не хапала. У нас нават летніх канікул у звычайным разуменні не было.

* * *

— Атрымліваецца, што я сапраўды «апошні з магікан» у зборнай. Усе хлопцы з былой каманды кар'еру закончылі. Толькі Антон Кушнір на пэўны час узяў тайм-аўт, але плануе аднавіць кар'еру. Усе таварышы па сённяшняй камандзе маладзейшыя за мяне на 5-10 гадоў. Але я не стаўлюся да іх, як да малодшых. У калектыве ўсе размаўляюць на роўных. Кожны мае сваё слова. Атмасфера ў зборнай добрая.

18-20

* * *

— Планую яшчэ як мінімум тры гады выступаць на высокім узроўні. Хочацца прабіцца на Алімпіяду. А тады і пабачым, што будзе далей. У сваёй кар'еры я пакуль толькі аднойчы ўдзельнічаў у Гульнях (у 2014 годзе ў Сочы. — Аўт.). Тады перад стартам склалася цікавая сітуацыя. У нашай зборнай было 6 хлопцаў, і толькі 4 з іх маглі трапіць у заяўку на Алімпійскія гульні. Антон Кушнір, Аляксей Грышын і Дзіма Дашчынскі адабраліся па рэйтынгу, а паміж мной і Максімам Гусцікам праходзілі цяжкія, напружаныя спаборніцтвы за апошнюю пуцёўку. У выніку выбралі мяне. Безумоўна, Максім засмуціўся, але нічога, ніякіх крыўдаў няма. Мы кантактуем і цяпер. У камандзе, паўтаруся, пануе шыкоўная атмасфера. А для мяне ўдзел на Алімпіядзе стаў ажыццяўленнем мары. Я доўга ішоў да яе, двойчы не адбіраўся, саступаў месца Цімафею Сліўцу. Дэпрэсіі з-за гэтага ў мяне не было. Ставіўся да падобнага па-філасофску. Прымаў, як ёсць. Значыць, так трэба было.

* * *

— Поспехі Антона Кушніра і Алы Цупер на Алімпіядзе для мяне нечаканасцю не сталі. Ад Антона я ў любым выпадку чакаў медаль. На той момант ён дэманстраваў проста ідэальныя скачкі. Ад іх вока радавалася! Гэта тычыцца і Алы. На яе таксама ўскладваліся задачы. Бо ўсе ведалі, што яна здольная на добры вынік.

* * *

— У мяне няма любімых скачкоў. Усе яны аднолькавыя. Проста трэба ставіцца да іх з усёй адказнасцю.

* * *

— За кароткі адрэзак часу падчас палёту можна абдумаць усё, што заўгодна. Я нават сам задаюся пытаннем, як гэта магчыма? Часам наогул здаецца, што гэтыя некалькі секундаў цягнуцца для цябе ўсе паўгадзіны.

* * *

— Са сваёй жонкай Сабінай я сустрэўся чатыры гады таму, а праз два гады мы пажаніліся. Яна таксама з Гомеля, але наша знаёмства не мае ніякага дачынення да спорту. Мы пазнаёміліся ў коле сяброў. Па адукацыі яна эканаміст, але яшчэ выкладае ёгу. Праўда, цяпер яна ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Роўна год таму ў нас нарадзіўся сын, якому далі імя Мірон.

* * *

— Пасля Алімпіяды я стаў зарабляць у два разы менш, і фінансавая сітуацыя пачалася адбівацца на маім жыцці. Ратавалі пастаянныя зборы і раз'езды, якія дазвалялі эканоміць. Заробак амаль цалкам ішоў на аплату арэнды кватэры. Але дзякуй гаспадыні, у якой мы здымаем жытло. Яна разумее агульнае становішча і бярэ з нас разумныя грошы.

* * *

— Люблю вудзіць рыбу. Любую. Галоўнае, каб яна добра бралася. А ўсё пачалося з дзяцінства, калі мяне да гэтага прывучыў дзядуля. Я даволі актыўна рыбачыў на зборах. Разам з Максімам Гусцікам пастаянна вудзілі рыбу ў Швейцарыі. Лавілі ўсё: і плотку, і ляшча, і акуня...Часам нават смажылі, але найчасцей адпускалі ўлоў назад у вадаём. Між іншым, большасць людзей вудзяць там выключна дзеля спартыўнага інтарэсу, дзеля расслаблення.

* * *

— Беларусь у фрыстайле — адна з самых перспектыўных і паспяховых краін. У медальным заліку ў сусветным рэйтынгу, калі не памыляюся, мы займаем другое месца. Унікальны цэнтр фрыстайла, які павінны неўзабаве адкрыць у Мінску, палепшыць нашу падрыхтоўку скачкоў, якасць выканання.

— Ён з'явіўся своечасова?

— Безумоўна, было б лепш, каб ён з'явіўся ў нас раней. Мы б толькі лепш падрыхтавалі праграму. Галоўнае, што завяршылі будаўніцтва, распачатае пасля Алімпіяды ў Ванкуверы ў 2010 годзе.

* * *

— Мне ніколі не прапаноўвалі пераехаць і выступаць за іншую краіну. Але мне гэтага і не трэба. Мне за нашу зборную прыемна выступаць.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.