А ўласны рахунак малому бацькі могуць аформіць разам з пашпартам
Маё сур'ёзнае знаёмства з грашыма адбылося недзе ў пятым класе (прыкладна 35 гадоў таму). Тады бабуля падаравала на дзень нараджэння ажно 3 савецкія рублі. Гэта быў капітал, бо бохан хлеба каштаваў 14 капеек. Што я потым рабіў з той зялёнай банкнотай — дакладна і не памятаю, але сам факт знаёмства з дарослым жыццём зафіксаваўся ў галаве назаўсёды. Сучаснае маладое пакаленне пачынае цяпер карыстацца грашовымі знакамі значна раней, ды і папяровыя рублі сёння перадаюць эстафету плацежным карткам.
Звычайна фінансавы лікбез малым праводзяць бацькі, аднак бываюць выпадкі, калі сям'і няма. Днямі спецыялісты нацыянальнай плацежнай сістэмы «БелКарт» вырашылі правесці ўрок фінансавай асветы для сірот і дзетак, пакінутых без догляду бацькоў, у дзіцячай вёсцы «Вытокі», што знаходзіцца ў Бараўлянах пад Мінскам. Адразу 20 выхаванцаў ва ўзросце 7-9 гадоў даведаліся шмат новага і цікавага пра сваё будучае дарослае жыццё.
Першая картка — з жоўтай далонькай
Цяпер камерцыйныя банкі краіны дазваляюць бацькам афармляць дзіцячыя плацежныя карткі сваім малым ужо з шасцігадовага ўзросту. Гэта менавіта той узрост, калі нашы дзеткі пачынаюць свае першыя крокі па жыцці ў школе. А ў школе ёсць буфет, для наведвання якога патрэбны кішэнныя грошы. Але ці ўсе бацькі ўпэўнены, што кішэнныя рублі будуць абавязкова патрачаны на булачкі, коржыкі і шклянку соку?
Дзіцячую картку афармляе менавіта нехта з бацькоў, калі далучае яе да свайго банкаўскага рахунку. Але хвалявацца дарослым у гэтым выпадку не трэба, бо нумар гэтага рахунку дзіця не бачыць, ды ён малому і не патрэбен. Для зусім маладых новых уладальнікаў карткі магчыма вызначыць сапраўды малыя па аб'ёмах грашовых сродкаў ліміты, а таксама абмежаванні па выкарыстанні такіх картак у пэўных крамах. Потым геаграфію дазволеных магазінаў можна павялічыць, як і памеры лімітаў па сродках. Дарэчы, такія ліміты можна вызначаць на адну пакупку, па суме на дзень, тыдзень або месяц.
Большасць бацькоў упэўнена, што сёння карысным будзе ўвогуле забараніць зняцце наяўных грошай з карткі, каб ў дзіцяці не было магчымасці набыць нейкія забароненыя тавары (прадукты) непасрэдна з рук.
Афармляюць дзіцячую картку дарослыя, але на самім пластыку друкуецца імя і прозвішча яго маладога ўладальніка. Памеры і функцыянальнасць карткі супадаюць з арыгіналам, а вось афарбоўка можа істотна адрознівацца. У сістэме «БелКарт», напрыклад, маладым кліентам прапануюцца дзіцячыя карткі са спецыяльнай налепкай у выглядзе дзіцячай далонькі жоўтага колеру. Гэты знак больш прызначаны для прадаўцоў, якія цяпер будуць ведаць, што картка належыць менавіта дзіцяці і яна не была ўзята ў дарослых без дазволу. Былі выпадкі, калі малых з карткамі без такіх знакаў у крамах не абслугоўвалі, бо ўзнікалі сумненні. Сёння карткі з далонькамі эмітуюць у сістэме «БелКарт» Беларусбанк і Аграпрамбанк. Увогуле дызайн падобных картак бывае розным. Так, Беларусбанк прапануе сваім кліентам адлюстроўваць на такіх картках фота саміх дзетак або браціка, сястрычкі, мамы, таты, коткі, лепшай цацкі і г. д.
Свой рахунак
Калі бацькі пачынаюць давяраць сваім дзеткам не толькі дробныя пакупкі ў суседняй краме, але і больш сур'ёзныя фінансавыя аперацыі, то магчыма пераходзіць на далейшы ўзровень самастойнасці. Наступным этапам сталення маладога чалавека ва ўзросце пасля 14 гадоў будзе ўласная картка са сваім індывідуальным рахункам. Праўда, і ў гэтым выпадку такая картка будзе эмітавана банкам толькі з пісьмовага дазволу бацькоў. Каб заказаць выраб дзіцячага пластыку з індывідуальным рахункам, у банк павінен наведацца нехта з бацькоў са сваім пашпартам і пашпартам дзіцяці. Потым гэты рахунак бацькі могуць папаўняць праз механізм інтэрнэт-банкінгу, або дзедаўскім спосабам — гатоўкай у касах аддзяленняў банка.
Нават па такой больш дарослай картцы бацькі могуць вызначаць ліміты і па сумах пакупак, і па групах тавараў.
Кантроль у рэжыме анлайн
Давяраць сваім самым блізкім членам сям'і — гэта цудоўна, але малых лепш адначасова і кантраляваць. Пажадана ажыццяўляць гэта ў рэжыме рэальнага часу праз паслугу SMS-апавяшчэння. У гэтым выпадку бацькі будуць заўсёды ведаць, у якой краме, на якую суму і дакладна ў які час ваш малы зрабіў нейкую пакупку. Пры нейкім сумненні бацькі могуць адразу звязацца з дзіцем і пацікавіцца ў яго аб мэце і неабходнасці плацяжу. У гэтым выпадку да мінімуму зніжаецца верагоднасць выкарыстання карткі трэцімі асобамі. Бо ўласнік рахунку можа амаль імгненна заблакіраваць такую картку пасля адпаведнага сігналу ў банк.
Стаўленне да грошай не сапсуецца
Існуе памылковая думка, што карыстанне плацежнымі карткамі ў малым узросце можа сфарміраваць у чалавека паняцце лёгкіх грошай, з якімі не шкада і развітацца (ён іх у руках не трымаў і нават не бачыў). Ці можа ўзнікнуць уражанне, што такія грошы нічога не «важаць».
Начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю — прэс-сакратар плацежнай сістэмы «БелКарт» Марына Роман згаджаецца з тым, што выкарыстанне картак часткова правакуе страту сувязі карыстальніка з наяўнымі грашыма. Аднак гэта тычыцца менавіта дарослых, якія прывыклі мець папяровыя грошы ў кашальку. А вось у эру лічбавых тэхналогій і безнаяўных разлікаў, якія пачалі выкарыстоўвацца ў свеце яшчэ раней за нараджэнне новага пакалення, плацежныя карткі і электронныя грошы ўжо не з'яўляюцца нейкай навінкай для іх, а хутчэй нормай і патрабаваннем часу, лічыць спадарыня Роман.
«Мы ўжо некалькі гадоў наведваем школы са сваёй праграмай фінансавай асветы. Раней плацежныя карткі былі толькі ў аднаго-двух вучняў з класа, а цяпер колькасць такіх дзетак павялічылася ў некалькі разоў», — расказвае яна.
Дзеткі будуць дакладна ведаць свой акрэслены ліміт і разумець, дзе і як можна сэканоміць, каб назбіраць грошай для здзяйснення сапраўды важнай пакупкі. А вось кішэнныя грошы звычайна разыходзяцца на дробязі значна хутчэй. Нездарма ў народзе існуе ўжо старая прымаўка аб тым, што грошы кішэню паляць...
Аўтар матэрыялу з пасылам Марыны Роман цалкам згодны. Напрыклад, у свой час мая дачка атрымала ад хроснай маці падарункавую картку, дзе было 250 тысяч рублёў. Гэтыя грошы з карткі яна на чыпсы не траціла. Доўга выбірала і купіла даволі прыгожы заплечнік. Менавіта картка прымусіла яе прымаць сапраўды дарослае рашэнне аб рацыянальным карыстанні грашыма.
гэта цікава ўсім
Дзеткам з дзіцячай вёскі «Вытокі» ўрок аб фінансах спадабаўся. Малыя шчыра цікавіліся алгарытмам карыстання плацежнымі карткамі, якія для іх з'яўляюцца атрыбутам дабрабыту. Яны з цікавасцю вывучалі ўзоры картак і спрабавалі карыстацца плацежным тэрміналам.
Самыя актыўныя ўдзельніцы ўрока Вікторыя Бандарэвіч і Ася Казаран расказалі мне, што цяпер яны ведаюць, як трэба захоўваць пін-код: яго трэба трымаць асобна ад пластыкавай карткі і нікому не паведамляць. Схаваць паперку з лічбамі можна і ў шкарпэтцы, але лепш трымаць такую інфармацыю ў галаве. Дзяўчынкі даведаліся, што абменьваць замежную валюту абменныя пункты банкаў будуць нават дзеткам ва ўзросце пасля 14 гадоў. А вось абменьваць долары прыватным спосабам з іншымі асобамі (у тым ліку ў краме) нельга, бо гэта ўжо незаконна і могуць забраць у міліцыю. А яшчэ цяпер яны ведаюць, што грошы не ляжаць нейкім чынам у пластыкавай картцы, а знаходзяцца ў банку. Картка проста звязвае кліента з банкам, пасля чаго грошы адтуль трапляюць праз тэрмінал у краму. Мне здаецца, што дакладна гэтую інфармацыю ведае нават не кожны дарослы.
Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефонах 8 (017) 292 38 02 і 8 (017) 287 17 51.
Сяргей КУРКАЧ.
Мінск — Бараўляны — Мінск
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.