Вы тут

Паляпшаем экалогію праз энергаэфектыўнасць


Браслаў, Полацк і Чавусы атрымалі еўрапейскае фінансаванне ў памеры 2,36 млн еўра на рэалізацыю сваіх планаў па ўстойлівай энергетыцы. Гэтыя гарады далучыліся да «Пагаднення мэраў» — ініцыятывы Еўрапейскага саюза, удзельнікі якой жадаюць скараціць да 2020 года аб'ём выкідаў CO2 не менш чым на 20%.

Сучасныя тэхналогіі пойдуць у абласныя школы

Дзякуючы праекту жыхары Полацка атрымаюць лепшае гарадское асвятленне за меншыя грошы, Чавусаў — эканомію вады і паляпшэнне яе якасці, Браслава — меншыя рахункі за газ. «Пагадненне мэраў» падпісалі 6278 гарадоў па ўсім свеце, у Беларусі — 11 гарадоў: Полацк, Навагрудак, Ашмяны, Браслаў, Рагачоў, Маладзечна, Чавусы, Лёзна, Слуцк, Мар'іна Горка і Іўе. У рамках гэтай ініцыятывы гарады атрымліваюць дадатковы доступ да сучасных распрацовак і тэхналогій у галіне энергазберажэння, вопыту іншых гарадоў, могуць атрымаць кансультацыю, грантавую і крэдытную дапамогу міжнародных фінансавых арганізацый па падтрымцы сваіх планаў па развіцці ўстойлівай энергетыкі.

Як адзначыў намеснік старшыні Дзяржстандарту, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Сяргей Сямашка, гэтая праграма з'яўляецца адным з кірункаў супрацоўніцтва з Еўрасаюзам у галіне эфектыўнага выкарыстання энергіі.

«У 2014 годзе, не самым простым з эканамічнага пункту гледжання, мы знізілі энергаёмістасць больш чым на 1,5%. Гэта досыць расходнае мерапрыемства, і мы ўдзячныя нашым партнёрам, якія нам дапамагаюць. Рэалізуем і іншыя праекты, што тычацца энергаэфектыўнасці ў галіне стандартаў, у галіне мадэрнізацыі нашых школ. Мы таксама пачалі новы праект, згодна з якім будуць мадэрнізаваны 3 школы ў Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях. У нас ёсць добрыя перспектывы», — расказаў Сяргей Сямашка.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора таксама нагадала на сустрэчы з журналістамі аб ужо існуючым праекце ўцяплення школы-інтэрната ў Іўі. Там, акрамя ўстаноўкі шклопакетаў, энергазберагальных лямпачак і ўцяплення сцен будынка, укаранілі сістэму рэкуперацыі паветра. Дзякуючы яе выкарыстанню змяншаюцца выдаткі на абаграванне памяшканняў. Нагрэў вады адбываецца з дапамогай усталяванай сонечнай батарэі на даху будынка кацельні.

Святло, вада і газ за меншыя выдаткі

Праект у Браславе ставіць перад сабой мэту падрыхтаваць і пачаць рэалізацыю праграмы па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу ў Браслаўскім раёне. Гэта дасць магчымасць кожны год эканоміць каля 620 тон умоўнага паліва, скараціць штогадовыя выкіды вуглякіслага газу больш чым на 3000 тон, значна пашырыць выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. Агульны бюджэт праекта — 735 тысяч еўра, з іх 584 тысячы — выдаткоўвае Еўрапейскі саюз. Асноўная сума выдаткуецца на ўстаноўку катлоў, якія працуюць на саломе, замену састарэлага абсталявання, закупку эфектыўных цеплаабменнікаў для шматкватэрных дамоў, сонечных калектараў для дзіцячых садкоў, цеплавой помпы, электрамабіля, ровараў.

Еўрапейскі праект «PubLіCіty: энергаэфектыўная мадэрнізацыя гарадскога асвятлення» дазволіць Полацку знізіць выкіды CO2, паменшыць спажыванне электраэнергіі, стаць больш зручным для саміх палачан і больш прывабным для шматлікіх турыстаў. На працягу 4 гадоў працы над праектам на 16 полацкіх вуліцах і праспектах будуць усталяваны 900 энергаэфектыўных лямпаў, а для падсвятлення 44 будынкаў і помнікаў — прыкладна 1000 дэкаратыўных лямпаў з мінімальным выдаткам электраэнергіі. Каб яшчэ больш аптымізаваць яе спажыванне, у Полацку з'явяцца 56 шафаў аўтаномнага кіравання асвятленнем: гэтыя прылады будуць рэгуляваць працу гарадскіх ліхтароў у залежнасці ад часу сутак на 63% тэрыторыі полацкіх вуліц. Бюджэт усяго праекта складзе 1,6 млн еўра, уклад ЕС — 1,3 млн еўра, пры гэтым больш за 1 млн будзе выдаткавана на закупку энергаэфектыўнага абсталявання. Мяркуецца, што абнаўленне сістэмы гарадскога асвятлення сэканоміць для Полацка каля 480 МВт электраэнергіі. А выкіды CO2 знізяцца на 220 тон. Гэта наблізіць горад да дасягнення мэты па памяншэнні аб'ёмаў CO2 на 20% да 2020 года. Мэта праекта «Сістэма аўтаматызацыі працэсу ўліку выдаткаванай энергіі і вады: беражыце ваду» ў Чавусах — комплексная і інавацыйная мадэрнізацыя гарадскога водаканала, у выніку якой плануецца дасягнуць эканоміі вады (на 8%) і электраэнергіі (на 3%), палепшыцца якасць і надзейнасць камунальных паслуг, скароцяцца выкіды парніковых газаў (на 2,8%) і агульнае забруджванне навакольнага асяроддзя, павялічыцца ўцягнутасць насельніцтва ў працэсы эканоміі вады і энергіі. Бюджэт праекта складае 595 тысяч еўра. Уклад ЕС — 476 тысяч.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».