Вы тут

Ой, мамачкі!


У раддом — без страху і нерваў

Роды могуць пачынацца двума спосабамі:
з рэгулярных схватак і з адыходу водаў. Правільным лічыцца першы «сцэнарый». У гэтым выпадку схваткі набываюць пэўную перыядычнасць, становяцца больш працяглымі і хваравітымі, а інтэрвал паміж імі змяншаецца. Калі схваткі рэгулярныя і цягнуцца па 20-30 секунд з інтэрвалам 7-10 хвілін, то можна накіроўвацца ў раддом. Калі прамежкі паміж імі вялікія і пры гэтым у будучай матулі няма скаргаў, надта спяшацца не варта. Значна прасцей перачакаць пачатак схватак дома, у звыклай абстаноўцы, і толькі пры змяншэнні інтэрвалаў або адыходзе водаў накіроўвацца ў раддом.

19-10

Часцей за ўсё воды адыходзяць у пачатку або ў сярэдзіне родавай дзейнасці, на фоне схватак, — тлумачыць загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення (гарадскі цэнтр планавання сям'і) Мінскага гарадскога клінічнага радзільнага дома №2 Жанна РАМАНЧУК. — Прапусціць гэты момант немагчыма. Каляплодныя воды — гэта пэўная колькасць бясколернай вадкасці з салодкім пахам. Калі яны адышлі, а схватак няма, ехаць у раддом неабходна тэрмінова: працяглае знаходжанне ў бязводнай прасторы можа пагражаць інфіцыраваннем плода і ўнутранай абалонкі маткі. Тэрмінова трэба ехаць у радзільную ўстанову і калі ў водах ёсць кроў або яны зялёнага колеру.

Воды могуць адыходзіць не поўнасцю за раз, а паступова падцякаць. Калі жанчына не можа звычайныя выдзяленні адрозніць ад падцякання, неабходна звярнуцца па дапамогу ў жаночую кансультацыю ці прыёмны пакой радзільнага дома.

Ехаць у раддом трэба на машыне хуткай дапамогі, а не на асабістым транспарце. Усё ж такі хуткая мае перавагу на дарозе, а таму можна не баяцца пробак. Акрамя таго, спакайней ехаць пад кантролем медыкаў.

Што ўзяць з сабой?

Адзенне і прыналежнасці для немаўляці родныя могуць падвезці і пазней, а без 5 хвілін мама павінна прыхапіць толькі самае неабходнае:

 пашпарт і абменную картку

 мабільны тэлефон

 гумавыя шлёпанцы

 шкарпэткі

 халат

 бялізну

 мыла (лепей вадкае)

 туалетную паперу

 пракладкі

 расчоску

 зубную шчотку і пасту

 рушнік

 кубак, талерку, лыжку, відэлец

 бутэльку пітной вады.

Калі плануюцца партнёрскія роды, абавязкова з сабой павінен быць дагавор, пасведчанне аб праходжанні курсаў падрыхтоўкі да партнёрскіх родаў, пашпарт і медыцынская даведка мужа (або таго, хто будзе партнёрам у родах).

Што чакае ў раддоме?

Хуткая прывозіць будучую маму ў прыёмны пакой, дзе адбываецца агляд, пераапрананне і афармленне дакументаў. Жанчына трапляе ў радзільнае аддзяленне, перадродавую палату. Ад стандартнай бальнічнай палаты перадродавую адрозніваюць хіба прыстасаванні для палёгкі падчас схватак: гэта могуць быць шведская сцяна, фітбол, душ. Такая палата звычайна разлічана на 3-5 чалавек. У выпадку партнёрскіх родаў гэта будзе, вядома, асобнае памяшканне.

Як адбываюцца роды?

19-9

Першы перыяд (раскрыццё). Самы працяглы. Раскрываецца шыйка маткі ад 0 да 10 см. Адбываецца гэта няхутка (1 см за 1,5-2 гадзіны) і ў жанчын, якія раджаюць упершыню, можа цягнуцца 8-10 гадзін. У гэты час можна хадзіць, стаяць на карачках, сядзець на фітболе ці бідэ, прымаць душ, правільна дыхаць, рабіць самамасаж.

Другі перыяд (выгнанне). Адбываецца ў радзільнай зале пад кантролем урача і акушэрак. Працягласць — 20-30 хвілін. Схваткі працягваюцца, і для таго, каб прасунуць дзіця па родавых шляхах, жанчына тужыцца. У гэтым удзельнічаюць многія мышцы (прэса, спіны, бёдраў), так што роды — вельмі цяжкая фізічная праца.

Трэці перыяд (пасляродавы). Нараджаецца паслед (плацэнта і плодныя абалонкі). Працягласць — 15-20 хвілін. Урачы аглядаюць родавыя шляхі, у выпадку разрываў або трэшчын накладваюцца швы. Далей мама яшчэ 2 гадзіны знаходзіцца ў родавым аддзяленні, а медыкі кантралююць, як скарачаецца матка, робяць масаж маткі і кладуць холад на жывот.

Ці можна абязболіць?

Прымяняцца можа абязбольванне медыкаментознае і немедыкаментознае. Першае праводзіцца анестэзіёлагам па строгіх паказаннях. Доза вывяраецца так, каб не нашкодзіць плоду. У другім выпадку дапамагаюць спецыяльныя позы (стаянне на карачках), правільнае дыханне, масаж пэўных кропак на целе, прыняцце душу, джакузі, сядзенне на фітболе і інш. Такія метады ніяк не могуць нашкодзіць ні маці, ні дзіцяці.

Што адбываецца з дзіцем пасля нараджэння?

Немаўля аглядае ўрач-неанатолаг, які ацэньвае яго стан па шкале Апгар (у балах ад 0 да 10 па пяці асноўных крытэрыях: колер скуры, частата сардэчных скарачэнняў, рэфлексы, мышачны тонус, дыханне). Калі стан нованароджанага здавальняючы, то пасля пераразання пупавіны яго прыкладваюць да грудзей. Пасля малое ўзважваюць, мераюць рост, апрацоўваюць пупочную ранку, спавіваюць і ўхутваюць у коўдру, паколькі нованароджаныя прывыклі да тэмпературы мамінага цела і вельмі схільныя да пераахалоджвання.

Праз 2 гадзіны маму пераводзяць у пасляродавую палату і аддаюць малое. Калі жанчына вельмі стамілася або прымяняўся наркоз для накладвання швоў, то дзіця могуць аддаць пазней. Тады яно будзе знаходзіцца ў дзіцячым аддзяленні, і яго будуць прывозіць толькі на кармленне.

Як доўга трэба быць у раддоме?

Пры першых родах і нармальным іх завяршэнні мама з дзіцем выпісваюцца на 4-5-я суткі, пасля другіх родаў — на 3-4-я.

У першыя дні пасля родаў важна знаходзіцца пад наглядам урача. Для мамы важна навучыцца догляду малога, грудному кармленню, якое спрыяе лепшаму скарачэнню маткі. Парадзіхам рэкамендуецца ляжаць на жываце, прыкладваць холад, выконваць спецыяльную гімнастыку і практыкаванне Кегеля, насіць бандаж. Пры неабходнасці, могуць прызначацца фізія-
працэдуры, прычым непасрэдна ў палаце.

Лічбавая і бытавая тэхніка ў раддоме не вітаюцца. Ноўтбукі дазваляюцца толькі ў платных палатах, чайнікі і кіпяцільнікі забароненыя. Дапускаецца толькі мабільны тэлефон і невялікі фотаапарат-«мыльніца».

А калі кесарава сячэнне?

Калі прызначана планавая аперацыя кесарава сячэння, то шпіталізацыя можа адбыцца пачынаючы з тэрміну даношанай цяжарнасці (з 38 тыдняў). У раддоме цяжарную абследуюць і прызначаць дату аперацыі. Звычайна яны выконваюцца раніцай, нашча. Пры адсутнасці проціпаказанняў можна выбраць від анестэзіі — спінальная ці агульная. У першым выпадку прыкладання да грудзей усё роўна не будзе, паколькі ў арганізме знаходзяцца абязбольваючыя прэпараты.

Першыя 10-12 гадзін пасля аперацыі мама знаходзіцца пад наглядам медыкаў у рэанімацыі, а дзіця — у дзіцячым аддзяленні. Пасля жанчыну пераводзяць у пасляродавую палату. Дзіця аддаюць матулі, калі яе самаадчуванне прыходзіць у норму. Кесарава сячэнне — досыць сур'ёзная паласная аперацыя, таму патрабуецца час для аднаўлення. А да таго дзіця прывозяць на кармленне ў пэўныя гадзіны. Выпіска пасля кесарава сячэння адбываецца на
5-6-я суткі, пасля зняцця швоў.

Ці можна падрыхтавацца да родаў?

Можна і трэба! Пэўны настрой і падрыхтаванасць вельмі важныя. Роды — цяжкая праца, на якую трэба настроіцца, каб не ўскладняць працэс. Так што, будучыя мамы, наведвайце спецыяльныя курсы па падрыхтоўцы да родаў!

Святлана БАРЫСЕНКА

Прадвеснікі

Прыкладна за тыдзень да падзеі цяжарная адчувае падманныя схваткі, жывоцік апускаецца, у паясніцы цягне, з'яўляюцца санлівасць і апатыя, есці не хочацца, а кішэчнік штосьці «бунтуе».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.