Вы тут

5 фільмаў для прагляду ў сямейным коле


Марына Каралевіч, хатняя гаспадыня, маці траіх дзяцей:

1 «Папялушка». Тая самая, старая-старая, яшчэ чорна-белая савецкая кінаказка. Зрэшты, гэта мне яна мілая ў чорна-белай версіі, а калі вам падабаецца колер — смела выбірайце расфарбаваны, крыху «дыснееўскі» варыянт. Нягледзячы на ўзрост фільма, у ім гучаць вельмі мудрыя рэчы, у прыватнасці пра тое, як важна своечасова атрымаць пахвалу, калі ты яе заслугоўваеш, і пра тое, што «ніякія сувязі не зробяць ножку маленькай, а сэрца — вялікім»... Рэчы, якія мы ўсе як быццам ведаем, але іх, я ўпэўнена, ніколі не лішне паўтарыць яшчэ раз.

19-2

2 Мультфільм «Ледавіковы перыяд». Я параіла б паглядзець менавіта першую, самую раннюю, частку гэтай гісторыі, можа, не самую камерцыйна паспяховую, але, на мой погляд, самую шчырую і кранальную. Сюжэт празрысты і зразумелы дзецям любога ўзросту, жарты бяскрыўдныя і без усялякага двайнога сэнсу, а пасыл каштоўнасці сапраўднага сяброўства і ўзаемавыручкі не надакучліва павучальны, а вельмі натуральны.

3 «Мэры Попінс, да пабачэння!». Нам часта здаецца, быццам мы ведаем, што патрэбна нашым дзецям, лепш за іх саміх. Вось і я трапіла ў падобную пастку з гэтым фільмам. Мне здавалася — ды не, я была абсалютна ўпэўнена! — што сучасныя дзеці 12, 9 і 5 гадоў глядзець падобнае не будуць, ім давай мультфільмы пра Вінкс і камп'ютарныя гульні. Тым больш вялікім і прыемным было здзіўленне, калі аднойчы я, звярнуўшы ўвагу на незвычайную цішыню, знайшла сваіх гарэз утаропленымі ў экран тэлевізара, дзе якраз ішла «Мэры Попінс». Хоць, напэўна, ніякага цуду тут няма: мабыць, усе дзеці мараць мець побач дарослага — блізкага сябра, які іх разумее і з якім кожны дзень будзе поўны цікавых і добрых прыгод.

4 «Хаціка: самы верны сябар». Абсалютна неабходная прышчэпка ад жорсткасці і чэрствасці. У маім дзяцінстве гэта быў фільм «Белы Бім, чорнае вуха», пасля якога, напэўна, не адна тысяча савецкіх дзяцей плакала ў падушкі. Амерыканскі фільм не такі пранізліва страшны, але ўсё адно трагічны, праўдзівы, сентыментальны і каштоўны. Так, гэта слёзы, але яны ачышчаюць душу, вучаць суперажыванню і прымушаюць перагледзець сістэму каштоўнасцяў... Дарэчы, неўзабаве пасля прагляду гэтага фільма ў нашай сям'і з'явіўся сабака, на якога ўсе дзеці нарадавацца не могуць.

5 «Прыгоды Падзінгтана». Літаральна нядаўняе наша кінаадкрыццё — гісторыя забаўнага мядзведзяняці Падзінгтана, вялікага ахвотніка да мармеладу, які прыехаў з Перу ў Еўропу, каб стаць сапраўдным брытанскім джэнтльменам і знайсці новую сям'ю. Пяшчотнае, смешнае і вельмі брытанскае кіно — без усялякіх навамодных паглыбленняў у «змрочную рэальнасць», проста казка, якую варта паглядзець.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.