Вы тут

«Базар» зноў будзе здзіўляць


Квіткі на некаторыя канцэрты міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» будуць прадаваць ужо ў гэтую пятніцу.

Дваццаць чацвёрты па ліку фэст №1 на прасторы былога СССР афіцыйна стартуе 9 ліпеня, а завяршаецца 13 ліпеня. Па традыцыі канцэрты, спектаклі і іншае пройдуць і па-за межамі афіцыйнай часткі «базару».

У праграме ёсць і новыя праекты.

19-59

— Першыя тры дні пачатку рэалізацыі квіткоў яны будуць прадавацца толькі ў касах Віцебска. І гэта ўжо становіцца традыцыяй — у знак павагі да жыхароў горада, дзе праводзіцца фестываль. А з панядзелка, 23 сакавіка, іх можна будзе купіць праз інтэрнэт у любым месцы планеты... Стараемся захаваць дэмакратычныя цэны на квіткі. І сёлета ў сярэднім іх кошт павялічыўся на 15%. З кожным годам расце выручка ад рэалізацыі квіткоў, а ў выніку самаакупнасць фестывалю. У прыватнасці, летась ён сябе акупіў на 77,5%, — адказаў на пытанне карэспандэнта «Звязды» Аляксандр Сідарэнка, дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Самыя танныя квіткі на, бадай, самы папулярны канцэрт фэсту — урачыстае адкрыццё — каштуюць 650 тысяч рублёў, а дарагія — 1 мільён 650 тысяч. Прычым пакуль прозвішчы артыстаў, якія выступяць на адкрыцці, не распаўсюджваюцца. У дырэкцыі «базару» гэта тлумачаць арганізацыйнымі пытаннямі. Вядома, трэба заключыць дагаворы з «зоркамі», пацвердзіць іх удзел... Але, паводле слоў дырэктара «базару», гледачы не будуць расчараванымі. Тым больш што захаваецца інтрыга. Ды і тыя, хто першымі купяць квіткі, могуць выбраць самыя лепшыя месцы.

— Першы этап продажу квіткоў — на 10 канцэртаў, у тым ліку на 6 сольных: Валерыя Меладзэ, Рыгора Лепса, Ірыны Алегравай, Валерыі, Алены Ваенгі і групы «Бі-2», а таксама на закрыццё «базару» і іншыя, — працягвае Аляксандр Сідарэнка.

Безумоўна, па добрай традыцыі галоўныя падзеі на фестывалі — міжнародныя конкурсы. Ужо паступілі ў дырэкцыю заяўкі на выступленні талентаў з 27 краін — у конкурсе маладых спевакоў, і 25 — у дзіцячым.... Сёлета журы конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ўзначаліць спявак і кампазітар народны артыст Азербайджана Палад Бюльбюль аглы.

— Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ўпершыню будзе ўключана ў праграму цырымоніі закрыцця фестывалю. Члены журы і «зоркі» эстрады ўручаць узнагароды канкурсантам і павіншуюць іх песнямі, — падкрэслілі ў дырэкцыі.

А «галоўным» у журы дзіцячага конкурсу стане народны артыст Расіі Дзмітрый Малікаў.

Сярод новых праектаў — маладзёжны «Europa plus TV. LІVE» ў Віцебску» і фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Апошні насамрэч стане прыемным сюрпрызам. Артысты вулічных тэатраў возьмуць удзел у шэсці, пад адкрытым небам пакажуць перформансы, спектаклі... Дэкарацыямі стануць сцены дамоў, асвятленнем — вулічныя ліхтары. І гледачы змогуць стаць артыстамі...

Здаецца, ну чаго новага можна чакаць ад «базару»? Аказваецца, з кожным годам ён становіцца яшчэ больш цікавым і насычаным падзеямі. Усе сакрэты і сюрпрызы пакуль што журналістам не раскрываюць. Пачакаем і абавязкова напішам.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?