Вы тут

Керамічныя львы, тэкстыльныя лялькі


 

На Валожыншчыне і Маладзечаншчыне ствараюць уласныя сувеніры

У Валожынскім і Маладзечанскім раёнах вырашылі ўсур'ёз заняцца распрацоўкай сваіх брэндаў. «Рэгіянальныя сувеніры для інтэграцыі мясцовых супольнасцяў» — так называецца праект, які сумесна ладзяць грамадскае аб'яднанне людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівы свет» і гісторык Алесь Белы. З гэтай нагоды сёння ў Валожыне адбудзецца першая сустрэча, удзел у якой могуць прыняць усе ахвотныя: вас чакаюць па адрасе Партызанская, 15.

19-57

Увогуле ж арганізатары плануюць правесці серыю майстар-класаў і дыскусій у Валожынскім і Маладзечанскім раёнах, каб выявіць, якія матывы (графічныя, сімвалічная) і формы сувеніраў могуць найлепш прадставіць гэтыя мясцовасці. Напрыклад, для Валожынскага раёна гэта могуць быць керамічныя івянецкія львы, значкі з зімародкам. Ёсць прапанова іранічна абыграць тэму кантрабандыстаў 1920-1930-x гадоў, якая паступова набірае папулярнасць. Маладзечанскі раён могуць прадстаўляць сувеніры, прысвечаныя Міхалу Клеафасу Агінскаму (тым больш што сёлета будзе адзначацца 250-годдзе з дня яго нараджэння).

Найбольш папулярныя і перспектыўныя ўзоры сувеніраў выберуць сумесна падчас сустрэч. За час праекта будзе заказана распрацоўка мінімум 2-3 формаў для керамічных медальёнаў (плакетак) у кожным раёне.

Майстар-класы правядуць майстры, якія ўжо займаюцца вырабам сувеніраў. Яны падзеляцца сакрэтамі свайго майстэрства, адкрыюць некаторыя тэхналагічныя прыёмы. Той, хто хоча прыняць удзел у якасці слухача, можа далучацца. Частка ўдзельнікаў будзе адабрана сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць мастацкія здольнасці і хацелі б паспрабаваць сябе ў вырабе сувеніраў. Падчас праекта яны пазнаёмяцца з сувенірамі, якія ўжо існуюць, з перспектыўнымі тэхналогіямі іх вырабу і запатрабаваннямі рэальнага рынку.

У аграсядзібах Валожынскага раёна некаторыя мясцовыя сувеніры ўжо прадаюцца. Напрыклад, керамічныя цацкі Міласлава Раманоўскага з Івянца, шкляны посуд з гравіроўкай Васіля Рубцова з Кіеўца, традыцыйныя тэкстыльныя славянскія лялькі ад некалькіх майстрых з экапаселішча «Росы» і іншыя. Дарэчы, праект ухвалены Праграмай падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада ФРГ.

Як бачым, у тым, каб добра прэзентаваць сваю мясцовасць, павінны быць зацікаўлены мы самі. Бо хто ж, як не жыхары раёна, так добра ведае ўсе яго іскрынкі, прывабныя бакі. Будзем дзяліцца сваімі ідэямі і адкрываць малую радзіму вялікаму свету.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.