Вы тут

Манеты


Манеты (медныя, залатыя, сярэбраныя) заўсёды сімвалізавалі дабрабыт, прыбытак, поспех, і часта выкарыстоўваліся ў абрадах сямейнай накіраванасці:

 У купель для першага рытуальнага купання немаўляці, якое выконвалі на 9-ты дзень ад нараджэння, клалі сярэбраную ці залатую манету, каб дзіця было здаровае і яму спрыяў поспех.

 Маладым падчас вянчання ў храме раілі класці пад пяту манету — медзяныя пятакі.

 На вяселлі падчас дзяльбы каравая адным з падарункаў былі грошы — сярэбраныя або медныя манеты: «Дару медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі».

 Дрэннай прыкметай лічылася, калі на пахаванні ў нябожчыка былі прыадкрытыя вочы, быццам ён выглядае яшчэ кагосьці сабе «ў пару». У такіх выпадках на вочы памерламу клалі манеты, якія потым трэба было абавязкова кінуць у магілу.

 Манеты кідалі ў магілу і родныя нябожчыка да трэцяй ступені сваяцтва. Тым самым яны «выкуплялі» пераправу сваяку на той свет.

 Знойдзеная манета, якая ляжала «арлом» угору, прадказвала змены, павелічэнне дастатку. Калі ж яна ляжала «рэшкай» уверх — прадказвала няўдачы.

 Калі сярод іншых манет траплялася манета са шчарбінай або гнутая, то гэта заўсёды прадказвала прыбытак. Такую манету пакідалі сабе, ёй не разлічваліся, а насілі ў кашальку як талісман, сімвал поспеху. Тое ж самае тычылася манеты з дзірачкай.

 Каб заўсёды быць з прыбыткам, старыя людзі раілі «паказаць» маладому месяцу, які з'явіўся на начным небе справа, любую манету з кішэні.

 Дзеля гэтага трэба было і «пазвінець», г. зн. патрэсці манетамі ў кішэні, калі вясной упершыню пачуеш зязюлю.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.