Вы тут

У Бразілію праз... Казань


адправяцца лепшыя ў сваёй прафесіі

У жніўні гэтага года ў бразільскім Сан-Паўла адбудуцца «алімпійскія гульні» сярод прадстаўнікоў рабочых прафесій, удзел у якіх упершыню возьмуць і беларусы. У студзені 2014 года Беларусь далучылася да руху WоrldSkіlls.

19-42

19-42

 

— Сёння нікога не трэба пераконваць у важнасці прафесійнай адукацыі для нашай краіны, — падкрэслівае намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК. — Для таго, каб забяспечыць беларускую эканоміку рабочымі кадрамі, на працягу бліжэйшых пяці гадоў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі мы павінны прымаць на вучобу не менш як 35 тысяч чалавек. І гэта пры тым, што кантынгент школьнікаў скарачаецца. Да таго ж большасць выпускнікоў сярэдняй школы нацэлены на атрыманне вышэйшай адукацыі....

Дарэчы, тэндэнцыя зніжэння ў моладзі інтарэсу да рабочых прафесій носіць агульнасусветны характар. Вось чаму папулярызацыі рабочых прафесій надаецца выключная ўвага на самым высокім дзяржаўным узроўні — так, падчас адкрыцця апошніх спаборніцтваў у Лейпцыгу ўдзел у мерапрыемстве прымала нават канцлер Германіі. Але спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб дапамагчы прадстаўнікам самых розных краін павысіць прафесійныя кампетэнцыі і спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў.

— Патрабуецца пераасэнсаванне ў грамадстве напаўнення і зместу рабочых прафесій. Сучасныя рабочыя — людзі з самай рознай адукацыяй. Ёсць прафесіі, дзе ад рабочага персаналу патрабуецца наяўнасць сярэдняй спецыяльнай і нават вышэйшай адукацыі. Узяць тую ж робататэхніку, — тлумачыць рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь ШКЛЯР. — Інавацыйная эканоміка патрабуе меншую колькасць кадраў, але кадраў самай высокай кваліфікацыі. Далучэнне нашай краіны да WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) дало нам магчымасць атрымаць доступ да новых кампетэнцый, што прымяняюцца ў перадавых краінах. Для нас гэта магчымасць «зверыць гадзіннікі» ў сістэме прафесійнай адукацыі і зразумець, чаму ў адной краіне для падрыхтоўкі рабочага дастаткова 10 ці 12 месяцаў, а ў іншай яго рыхтуюць на працягу трох гадоў. Трэба, каб усе зразумелі — у Бразіліі патэнцыяльныя інвестары будуць ацэньваць перш-наперш нашу краіну: ці ёсць у Беларусі кадры, якія могуць працаваць на самым сучасным абсталяванні. І для ацэньвання будуць выкарыстоўвацца міжнародныя індыкатары якасці...

Аляксандр Шкляр расказаў, што ў маі бягучага года беларусы адправяцца ў Казань, дзе пройдзе чэмпіянат WоrldSkіlls для краін СНД (па 40 кампетэнцыях). Беларусы будуць удзельнічаць у спаборніцтвах па 18 кампетэнцыях, і ўжо па выніках выступлення ў Расіі і атрыманых водгукаў з боку міжнародных экспертаў будзе прымацца рашэнне, каго адправіць змагацца за гонар нашай краіны ў Бразілію. Пакуль што Беларусь заявілася на 16 кампетэнцый з 56, хоць, хутчэй за ўсё, мы зможам рэальна замахнуцца на 3—5 кампетэнцый — там, дзе ёсць шанцы выступіць на годным узроўні.

19-44

19-44

 

З кандыдатамі ў нацыянальную каманду зараз праводзяцца трэніровачныя зборы. За кожнай прафесійнай кампетэнцыяй замацаваны эксперт (спецыяліст з установы адукацыі ці прадпрыемства), перакладчык і куратар.

— Вымушаны канстатаваць, што ў Беларусі мы пакуль не можам падабраць экспертаў, якія б маглі забяспечыць поўную адпаведнасць стандартам WоrldSkіlls, таму імкнёмся прыцягваць міжнародных экспертаў і адпраўляць маладых рабочых для ўдасканалення іх прафесійнага майстэрства ў іншыя краіны. Напрыклад, наш хлопец удзельнічаў у прафесійным чэмпіянаце ў ЗША па зварцы: гэта каштоўны досвед, бо, як высветлілася, там зваршчык павінен валодаць чатырма відамі зваркі, а мы выпускаем рабочых, якія асвоілі толькі адзін яе від, — распавёў Аркадзь Шкляр. — Нядаўна з Італіі вярнулася каманда па кулінарным мастацтве. У Германію адправіліся нашы спецыялісты па фрэзерных і такарных работах. Спецыялісты па мехатроніцы паедуць у Фінляндыю, па кабельных сістэмах — у Нідэрланды.

Пры падрыхтоўцы да міжнародных спаборніцтваў даводзіцца ўлічваць шмат нюансаў. Напрыклад, у Бразіліі кухарам давядзецца гатаваць стравы з паўднёваамерыканскіх прадуктаў. Таму праблемай можа стаць нават прыгатаванне рысу: іншы сорт — іншы час гатавання. Драўніна, цэмент — усё адрозніваецца...

Адным з найбольш складаных і нечаканых заданняў у намінацыі «Кандытарскае мастацтва» для беларускіх канкурсантаў стаў выраб шакаладных цукерак. Справа ў тым, што гэтая тэма ўвогуле адсутнічае ў вучэбных праграмах нашых навучальных устаноў кандытарскага профілю.

— Мы вельмі ўдзячныя ўсім прадпрыемствам і арганізацыям (і дзяржаўным, і недзяржаўным), якія дапамагаюць нашым камандам: даюць неабходную сыравіну, абсталяванне, арганізуюць майстар-класы і гэтак далей, — падкрэсліў Аркадзь Шкляр.

Кажуць, што ў гісторыі руху WоrldSkіlls не было выпадку, каб краіна, якая толькі што далучылася да спаборніцтваў, адразу здзейсніла магутны рывок і трапіла ў «топ» пераможцаў. Але Аркадзь Шкляр настроены аптымістычна: «Мы не збіраемся займацца шапказакідальніцтвам, але ёсць намінацыі, дзе ў нас захоўваюцца высокія шанцы...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Асацыяцыя WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) была створана ў 1946 годзе ў Іспаніі для папулярызацыі рабочых прафесій, у тым ліку праз правядзенне міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. Гэта своеасаблівы міжнародны камітэт па прафесіях. Першы чэмпіянат WоrldSkіlls прайшоў у Мадрыдзе ў 1950 годзе. Апошнія міжнародныя спаборніцтвы праводзіліся ў Лейпцыгу ў 2013 годзе і сабралі 200 тысяч гледачоў, расцягнуўшыся ажно на чатыры дні. Арганізацыя ахоплівае больш як 70% насельніцтва планеты і ўсе кантыненты. Беларусь стала 69-й краінай, якая далучылася да WSІ. Пасля нас у клуб «залатыя рукі» ўступілі яшчэ тры краіны, у тым ліку Казахстан. Такім чынам, у Бразіліі спаборнічаць будуць прадстаўнікі ўжо 72 краін.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.