Вы тут

Пашыю сабе... карціну


Як з непатрэбнага адзення стварыць аб'ект мастацтва

З майстрам народнай творчасці Маргарытай КОТАВАЙ мы пазнаёміліся на яе выставе. Модная вопратка, яркія вусны, бліскучыя вочы... Назваць гэтую прыгожую і энергічную жанчыну бабуляй (а Маргарыта Іванаўна ўжо колькі гадоў на пенсіі) язык не паварочваецца. Праводзіць дні ў адзіноце перад тэлевізарам ці на лаўцы ля пад'езда — гэта не для яе. Маргарыта Іванаўна, філолаг па адукацыі, цікавіцца мастацтвам, наведвае галерэі, а галоўнае, сама стварае тэкстыльныя карціны. Лапікамі тканіны жанчына «малюе» анёлаў, прыгожыя краявіды і жывёл.

Працуе яна ва ўнікальнай тэхніцы тэкстыльнай мазаікі.

19-22

— Такую тэхніку можна параўнаць з жывапісам: лапікі — гэта фарбы, а шывок — лінія, — тлумачыць Маргарыта Іванаўна. — Я паставіла сабе задачу працаваць з любой тканінай, ад драпу да шыфону. Напрыклад, каб перадаць адценні неба ў карціне «Лесвіца ў нябёсы», накладвала некалькі слаёў шыфону розных колераў. У некаторых працах выкарыстоўваю нават мэблевую тканіну — вельмі эфектна выглядае.

Тэкстыль для творчасці яна знаходзіць... ва ўласнай шафе: бязлітасна рэжа старыя сукенкі і касцюмы. У ход ідзе любы матэрыял. Нават беражкі тканіны, якія швачкі звычайна зразаюць, каб пазбегнуць дэфектаў пры раскроі. З іх Маргарыта Іванаўна вырабляе сурвэткі: пераплятае беражкі, як кошык, а знізу падкладвае іншае палатно. А дзеля працы «Гартаючы стары альбом» майстрыца не пашкадавала нават шаліка з выявай «Мадонны» Бацічэлі, прывезенага з Луўра. Смяецца, што родныя былі ў шоку: прывезці рэч з Францыі і пусціць яе на шматкі! Але ў справе мастака без рашучасці нічога не атрымаецца.

— Ведаеце, якая мая любімая крама? З тканінамі. Ніколі не праходжу міма. Бывае, спадабаецца тканіна, але я пакуль не ведаю, над якой карцінай буду працаваць — вазьму паўметра. Не збяднею: па кошце гэта як кубак кавы з пірожным, — кажа жанчына.

Сярод работ — больш чым за 10 гадоў творчасці іх сабралася каля сотні — не толькі карціны, але і сумкі, капялюшыкі, падкоўдранікі. Ёсць нават накідкі на чайнік у выглядзе курыцы і каровы, якія мы спачатку прынялі за цацкі. Па словах Маргарыты Іванаўны, калі заварыць духмяныя травы, а потым накрыць іх такой «курачкай», пах ад гарбаты па ўсёй кухні будзе неверагодны. Каб пашыць лапікавы падкоўдранік, дастаткова тыдня (пры ўмове, што ўся тканіна ўжо ёсць, а на карціну спатрэбіцца каля месяца. Некаторыя з тэкстыльных прац вісяць у родных і сяброў, іншыя разышліся па прыватных калекцыях. Жартую: «Можа, вы ўжо бізнес наладзілі на сваёй творчасці?» Але жанчына прызналася, што прадала толькі пару работ: дарыць жа прыемней у тысячу разоў. Тым больш, калі прадаеш, дык разбураеш калекцыю, а адна карціна мала што кажа пра аўтара. Таму лепш, калі творы знаходзяцца разам.

Тэкстыльныя мазаікі Маргарыты Іванаўны выстаўляліся ўжо разоў 20 (цяпер іх, дарэчы, можна пабачыць у бібліятэцы №12 Ленінскага раёна сталіцы, выстава будзе доўжыцца да 6 красавіка). Тройчы карціны ездзілі ў Парыж. Пенсіянерка ў Францыі таксама была:

— Парыж для мяне — гэта Арсэ і Луўр. І яшчэ некалькі прыватных музеяў. А спытайце, ці была я ў французскіх буціках адзення — ніколі! Мне там няма чаго рабіць. Дарэчы, вельмі спадабалася, што ў французаў ты — мадам. А калі прыязджаеш да нас — жанчына.

У Парыжы жыве малодшая дачка Ірына. Яна выйшла замуж і 12 гадоў таму пераехала ў Францыю, абараніла магістарскую дысертацыю, працуе мастаком-графікам. Сама Маргарыта Іванаўна жыве з мужам у Мінску. З усмешкай кажа, што яе муж — вельмі цярплівы чалавек: даруе жонцы, што лапікамі тканіны завалены ўвесь дом.

— А дзе работы захоўваеце? — пытаюся ў жанчыны.

— Шафы-купэ запоўнены пад завязку! Цяпер уборы з паліц — прэч, а туды — карціны. Куток, дзе майструю, знаходзіцца на кухні. Там і швейная машынка, якая ўжо як член сям'і. Памяняць яе на больш дасканалыя замежныя апараты нават за грошы не згаджуся. Машынка ж такая рэч: чым даўжэй на ёй працуеш, тым больш яна шліфуецца, становіцца некапрызнай.

Падчас персанальнай выставы Ірыны Котавай у Нясвіжскім замку, што праходзіла летась, арганізатары зацікавіліся і работамі Маргарыты Іванаўны. Таму цяпер жанчына працуе над цэлай серыяй карцін, прысвечаных Нясвіжу і роду Радзівілаў, якія наведвальнікі замка змогуць убачыць ужо сёлета. Цяпер пенсіянерка натхняецца мастацтвам: гартае альбомы па жывапісе і, вядома, ходзіць на выставы.

— Быў час, калі ў Мінску толькі адзін Нацыянальны мастацкі музей працаваў, — успамінае майстрыца. — А цяпер безліч галерэй. Музей раз на месяц абавязкова наведваю. І, калі няма новай выставы, перажываю. Яшчэ не было, каб я выйшла з мастацкай галерэі і мяне нічога не натхніла.

Вечары паэзіі, выставы, тэатры... З такой насычанай культурнай праграмай сумаваць на пенсіі не прыходзіцца. Ды і няма калі: столькі карцін яшчэ трэба пашыць...

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ,
фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».