Вы тут

Доўгі шлях складаецца з маленькіх крокаў


У мяне часта пытаюцца, як я жыву пасля адыходу ад справы свайго жыцця — дабрачыннага «Клуба 5000». Добра жыву. Гадую сына, узнімаю настрой мужу. Пайшла на фітнес. Назіраю за клубам збоку. І радуюся. Радуюся таму, што ўсё склалася менавіта так.

Без имени-10

Калі збіраецца шмат спраў, я панікую. Панікую ад іх колькасці, ад сваёй бездапаможнасці. Ад страху, што не спраўлюся. І калі я працягну панікаваць, то сапраўды не спраўлюся. Тады бяру сябе ў рукі, забываюся на шматлікія справы і пачынаю выконваць толькі адну. І думаю выключна пра яе. Калі яна скончана, пачынаю другую. І так я «разграбаюся».

Доўгі шлях складаецца з маленькіх крокаў. І я ніколі не думаю пра гэты шлях, але думаю пра кожны асобны крок.

Часам гляджу на людзей, якія шмат дасягнулі, чытаю іх інтэрв'ю і здзіўляюся: я так не змагла б. І тут жа разумею чаму. Яны расказваюць, што поспех не падае з неба, што стваралі ўсё ўласнымі сіламі, напорыста ішлі наперад, не здаваліся, бачылі мэту, глядзелі ў будучыню і, як руплівы конь, аралі-аралі-аралі...

Я не з тых, хто шмат плануе, ставіць мэты, ідзе напралом і дасягае задуманага нягледзячы ні на што. Я раблю толькі тады, калі ўсё кладзецца гладка. І ў мяне атрымліваецца толькі тады, калі ўсё робіцца само.

Я не веру ў забабоны і прыкметы, але прыглядаюся да знакаў. Бо лічу, што іх падае сам Гасподзь.

...Першую кнігу Джоан Роўлінг пра Гары Потэра надрукаваў толькі трынаццаты выдавец. Дванаццаць чалавек да гэтага вярталі ёй безнадзейны рукапіс і адназначна рэкамендавалі  забыцца на мару паказаць яго свету. Але яна не здавалася. І стала самай высокааплочваемай пісьменніцай у свеце, напісала цыкл самых прадаваемых кніг за ўсю гісторыю.

Хто б з вас дайшоў да трынаццатага выдаўца? Так і чую, як гэта пытанне задае трэнер на занятку па павышэнні самаацэнкі і выпрацоўцы настойлівасці. Я не буду задаваць яго, каб падштурхнуць вас да рэалізацыі ўсіх сваіх ідэй.

Я хачу сказаць: а што б змянілася ў свеце, калі б у ім не было Гары Потэра? Джоан Роўлінг не стала б пісьменніцай. Яна магла б прыслухацца да знакаў, пакорпацца ў сабе і знайсці іншае прызванне. Магчыма, яна ідэальная настаўніца і выхавала б не аднаго Праметэя, падарыўшы слабым заступніка, а свету — святло. Мы не ведаем, як склалася б жыццё, калі б спадарыня Роўлінг не была такой упартай. Магчыма... значна лепш, чым склалася цяпер.

Я прыглядаюся да знакаў. Пры гэтым не напісала неўміручы раман, мае песні не гучаць з кожнай форткі, мае ролі не разбіраюць па цытатах, мае шэдэўры не выстаўляюць у галерэях, маё вынаходніцтва не падарыла людзям свабоду, маю вытворчасць не прадаюць па ўсім свеце. Больш за тое, я не ведаю, чым хачу займацца і як прыносіць карысць. Усё яшчэ шукаю знакі. Але тое-сёе ў мяне ўсё ж атрымалася.

«Клуб 5000», які ўжо шосты год дапамагае анкахворым дзецям і іх сем'ям, быў створаны і працуе сёння дзякуючы знакам. Мой удзел у яго стварэнні перабольшаны. Я проста назірала і выконвала заданні. Я не ставіла мэты і не магла нават уявіць, што з гэтага атрымаецца. Ішла паступова. Не глядзела наперад, не азіралася. Пад ногі, толькі пад ногі, канцэнтруючыся на кожным маленькім кроку. А на карце дабрачыннага руху побач з маімі слядамі з'яўляліся іншыя. І цяпер пратаптаных сцежак шмат, «Клуб 5000» сабраў і аб'яднаў мноства цудоўных людзей.

Не скажу, што мой шлях на ніве дабрачыннасці быў лёгкім. Гэта каб вы разумелі, што я не здаюся адразу, і не думалі, што ў любой перашкодзе бачу «знак». Ішла і праз сцюжу, і ў лівень, застала пясчаны буран. Але ў тыя хвіліны нешта мне падказвала, што непагадзь часовая. Трэба проста глядзець пад ногі. І рабіць неабходны крок.

Кажуць, што перашкоды ладзіць нечысць. Як толькі палкі ў колы — значыць, добрая справа. Вунь, як чорт вар'яцее! А я не веру ў чорта. Я веру ў Бога. І шукаю Яго знакі.

Мне было неверагодна складана пакінуць сваё дзецішча «Клуб 5000». Не хачу нават прыгадваць, як прымала рашэнне і перажыла той момант. Але тады я ведала, што на гэта Яго воля. Не шкадую і цяпер. Дабрачыннаму руху ідзе на карысць маладая кроў. Старыя валанцёры раскрываюцца, з'яўляюцца новыя ўдзельнікі. Рух жыве, адкрывае новыя праекты і кірункі дзейнасці. А я любуюся ім на адлегласці. Так лепш відаць.

Я хачу сказаць: а што змянілася з маім сыходам з «Клуба 5000»? Правільна, нічога. Магчыма, калі б я засталася, то было б значна горш, чым склалася сёння. Я магла зацягнуць яго ў балота. Ці не зрабіць нешта новае, што яшчэ наканавана. Я пакуль не ведаю, што канкрэтна. Але веру, што Ён нешта падрыхтаваў для мяне.

І позна ўначы, нарэшце паклаўшы сына спаць, гляджу на дзіцячыя цацкі, раскіданыя па кватэры. Валюся ад стомы і панікую, што не здолею навесці парадак. А пасля бяру адну цацку і кладу ў скрыню. За ёй другую. І так прыбіраю ўсе. Усміхаюся. Цалую соннага малога. І чакаю знакі.

Таццяна Немчанінава,

стваральніца дабрачыннага
руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.