Вы тут

І вам не хварэць!


«Прабач, — гучыць у тэлефоне засмучаны голас сястры, — але на гэтым тыдні сустрэцца ўжо не атрымаецца — мы зноў на бальнічным». «Мы» — гэта амаль 5-гадовы пляменнік Дзімка, які, зрэшты як усе дзеці, «чапляе» ці то ў садку, ці то ў іншых грамадскіх месцах нейкую заразу. Дзеці перыядычна хварэюць — і гэта нармальна. Не нармальна толькі, па маім глыбокім перакананні, тое, што некаторыя бацькі з прычыны ўсякай дзіцячай балячкі... вымушаны апраўдвацца перад навакольнымі.

19-51

Стаўленне да хваробы — рэч наогул вельмі суб'ектыўная. «37,5?! — палохаецца бабуля. — Сядзіце дома, піце чай з мёдам і тэрмінова выклікайце ўрача!» — «Дзіця кашляе? — недаверліва перапытваюць на працы асобныя калегі ці начальства. — І што, абавязкова адразу ісці на бальнічны, нельга малое на дзень-другі пакінуць з бабуляй? Вы ж толькі ў мінулым месяцы хварэлі!» І ў вачах выразна чытаецца падтэкст — вялікімі чырвонымі літарамі: «Мы вось у свой час так часта бальнічны не бралі, бо мелі сумленне і трымаліся за працу, а ты, відаць, у ёй проста не зацікаўлены». У садку ж адваротная карціна: большасць бацькоў абураецца, і небеспадстаўна, паводзінамі тых несвядомых, хто ўпарта прыводзіць у групу дзіця «па калена ў саплях», маўляў, праз гэта і астатнія ўвесь час хварэюць...

Зрабіць так, каб былі задаволены ўсе названыя катэгорыі, абсалютна немагчыма. Ды, напэўна, і не трэба. Але пачуццё віны ў многіх бацькоў гэтыя заўвагі, развагі, касыя позіркі абуджаюць і культывуюць — будзь здароў! Таму і адбываецца дзіўнае: многія дарослыя, разумныя, здавалася б, самастойныя і самадастатковыя людзі пачынаюць кідацца ў крайнасці. Адны, скупіўшы пачкамі лекі, нават з самай банальнай прастудай ці не месяц трымаюць дзіця дома, каб перастрахавацца. Ды толькі часцяком наступная непазбежная сустрэча з вірусам дзіцячага арганізма, вытрыманага ў цяплічных умовах, зноў заканчваецца хваробай... Іншыя ў памкненні да перфекцыянізму, наадварот, выбіваючыся з сіл пачынаюць здзяйсняць працоўныя подзвігі, каб не падвесці калег, здаць у час запланаваны праект, не згубіць перспектыўных заказчыкаў, зарабіць на водпуск (ці мала тут можна прывесці тлумачэнняў і апраўданняў?)... Хоць пры гэтым у глыбіні душы ўсе мы цудоўна разумеем, што ніводны паспяхова выкананы праект, хай сабе і падмацаваны грашовай прэміяй, праз колькі гадоў не сядзе з табой піць чай ля тэлевізара, не абдыме і не скажа на вуха: «Мамачка, я так цябе люблю!»

Залатая сярэдзіна паміж крайнасцямі, безумоўна, недзе ёсць, і можна клапаціцца пра здароўе дзіцяці, не робячыся пры гэтым «ворагам народа» ў вачах працадаўцы. Але знайсці гэтую сярэдзіну не так проста, як падаецца. Чамусьці (у каторы раз заўважаю) збоку заўжды лепш бачна, як мусіць зрабіць іншы чалавек, і на бацькоў сыплюцца бясконцыя парады на гэты конт. Да іх можна прыслухоўвацца або ігнараваць, але перадусім, і гэта самае важнае, вы павінны прыняць сваё асабістае рашэнне — для каго старацца? Прыняць — і потым не шкадаваць аб ім.

Адкашляўшыся, шчыра жадаю ўсім, хто таксама хварэе гэтай вясной, хутчэй ачуняць і паправіцца. А лепш наогул не хварэйце, хіба толькі за любімых спартсменаў...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.