Вы тут

Медыцынскі судовы эксперт: прафесія ці прызванне?


Аб працы медыцынскіх судовых экспертаў большасць з нас ведае па кнігах і фільмах. Сапраўдная сутнасць гэтай, безумоўна, важнай прафесіі схавана ад цікаўных вачэй. Карэспандэнт газеты «Звязда» наведала ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці 

і даведалася пра ўсе тонкасці незвычайнай працы.

Адказнасці не менш, чым у хірурга!

У морг прыязджаю з раніцы. Каля ганка — журботныя родныя памерлых, некаторыя з кветкамі. Вялікі ўказальнік на пахавальнае бюро. У «невясёлым двары» мяне сустракае Васіль Бурак, начальнік упраўлення судова-медыцынскіх экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці.

19-33

— Як бы дзіка для кагосьці гэта ні гучала, але я люблю сваю прафесію і ад сваёй працы атрымліваю задавальненне. Адны мяне разумеюць, іншыя — не. Але, як паказвае практыка, мая справа карысная і неабходная, — быццам адразу настройвае мяне на патрэбную хвалю мой суразмоўца.

У прафесіі я гадоў пятнаццаць, і, ведаеце, ніколі не ўзнікалі думкі заняцца чым-небудзь іншым. Яшчэ з першых курсаў медыцынскага ўніверсітэта адчуваў моцны інтарэс да таго, як уладкавана чалавечае цела. Вядома, спачатку было трохі страшна. Але не ад таго, што з трупамі працаваць трэба, а ад таго, што няправільнае заключэнне дасі, — узгадвае Васіль.

Цікава, сёння ў «звычайных» людзей існуе меркаванне, што судмедэксперт не нясе ніякай адказнасці за свае дзеянні: «Ну, напіша што-небудзь не так, пераблытае. Якая розніца? Мёртвым ужо ўсё роўна». На самай справе, праца медыцынскага судовага эксперта — вялікая адказнасць не толькі перад законам, але і перад людзьмі. Яго заключэнне — гэта нейкая рыса, што падводзіцца пад чалавечым жыццём. Важна і тое, якія адказы даў эксперт на пытанні следчых органаў. Ад іх нярэдка залежыць лёс іншых людзей.

А па панядзелках «здымаем пабоі»

19-36

Працоўны дзень у Васіля ненармаваны, хоць афіцыйна пачынаецца ў 9.00. Калі трэба, эксперт прыязджае на працу да шасці раніцы і раней за 17.00 ніколі не сыходзіць. Бываюць і начныя дзяжурствы, і сутачныя, калі прыходзіцца выязджаць з міліцыяй на месцы здарэнняў. Дарэчы, сваю працу судмедэксперты ўмоўна дзеляць на тры часткі.

Першая — гэта абследаванне жывых асоб. Так афіцыйна гучыць тое, што ў народзе называюць «зняць пабоі». У гэтым выпадку эксперт дае заключэнне аб тым, калі і якім чынам чалавек мог атрымаць пашкоджанні і якая ступень іх цяжкасці. «Часцей за ўсё наплыў тых, «хто добра адпачыў», назіраецца пасля выхадных, — дзеліцца Васіль Бурак.

Другая частка працы медыцынскіх судовых экспертаў — гэта даследаванне трупаў. Забойства, ДТЗ, самагубства, няшчасныя выпадкі, раптоўная смерць у маладым узросце — у сярэднім 2-3 трупы ў суткі.

— Для мяне і для маіх калег заўсёды моцны шок, калі на стале ляжыць дзіця. Не важна, месяц яму або 15 гадоў. Цяжка бачыць людзей, якія, заблытаўшыся ў той ці іншай сітуацыі, вырашаюць праблему кардынальна — лезуць у пятлю, — кажа Васіль.

Трэцяя частка — непасрэдны кантакт экспертаў з усімі, хто мае дачыненне да судовай медыцыны: дапамога следству, дача тлумачэнняў, выезды на месцы здарэнняў, праца з судамі і медработнікамі.

У кіно ўсё ідэалізуецца

— Васіль, не магу не спытаць, чым праца судмедэксперта адрозніваецца ад працы патолагаанатама? Бо ў разуменні большасці — гэта адно і тое ж, — цікаўлюся я.

19-35

— Тут усё проста. Калі патолагаанатамы працуюць у асноўным з целамі людзей, якія памерлі сваёй смерцю, у шпіталях, то медыцынскім судовым экспертам дастаюцца самыя складаныя выпадкі — ахвяры злачынстваў, няшчасных выпадкаў, самазабойцы, бамжы, неапазнаныя целы і гэтак далей, — адказвае спецыяліст.

Па словах Васіля, апазнанне ў некаторых выпадках — справа цяжкая, таму што правядзенне генетычнай экспертызы займае не адзін дзень. Прычыну смерці можна вызначыць амаль заўсёды, і толькі калі цела моцна пашкоджана, тады эксперты сутыкаюцца з цяжкасцямі.

— А ці праўда, як паказваюць у фільмах, што па характары пашкоджанняў цела можна вызначыць прыкладны рост, вагу забойцы, праўша ён ці ляўша?

— У кіно гэта ўсё ідэалізуецца, прыбіраюцца многія моманты. Аналізы, якія ў фільмах робяць за дзве хвіліны і даюць стапрацэнтны вынік, — гэта няпраўда. Па існуючых тэхналогіях некаторыя аналізы робяцца і некалькі тыдняў. Ніякая генетычная экспертыза ніколі не дасць стапрацэнтны вынік, але максімальна набліжаныя да ісціны звесткі атрымаць можна.

Экспертам прыходзіцца абследаваць розных людзей, і яны ніколі не ведаюць, чым хварэў той ці іншы чалавек, які трапіў да іх. Пранцы, ВІЧ, СНІД, вірусны гепатыт, сухоты — вось далёка не поўны пералік тых захворванняў, што «ўтойваюць» у сабе целы загінулых і памерлых.

— Мы імкнёмся ўсё рабіць акуратна, каб не парваць пальчатку, не запэцкацца крывёю. Калі раптам кропля крыві трапляе, напрыклад, на твар, праца прыпыняецца — эксперт ідзе мыцца і апрацоўваць скуру. Трэба берагчы сябе. І кожны гэта разумее, — падкрэсліў Васіль Бурак.

Суперажываць забараняецца

Пасля размовы Васіль усё ж такі вырашае звадзіць мяне ў морг, каб я лепш зразумела ўсе тонкасці складанай прафесіі. Я атрымліваю белы халат і мы спускаемся ў самы «цэнтр падзей». Морг зусім не такі, як паказваюць у фільмах, — з халодным неонавым святлом, радамі цынкавых сталоў і біркамі на пальцах. Проста калідор, з якога ідуць некалькі дзвярэй. За дзвярыма — пакоі, аздобленыя белай кафляй.

— А як жа ўдаецца экспертам выконваць сваю працу, не паддаючыся эмоцыям? — пытаюся ў спецыяліста.

— Разумець, што яшчэ ўчора гэты чалавек пра нешта марыў, а сёння ляжыць у мяне на стале, цяжка. Але суперажываць, калі праводзіш ускрыццё, забараняецца. Пачуцці могуць захліснуць — і ты якасна не зробіш сваю працу. Калі не можаш стрымаць эмоцый, то трэба сыходзіць з прафесіі, — тлумачыць эксперт.

Ахвотных працаваць у моргу не шмат. Прафесія медыцынскага судовага эксперта не толькі складаная, але і патрабуе сур'ёзнай падрыхтоўкі. Тут трэба ведаць не толькі прадмет па сваёй спецыялізацыі, але і ўсю медыцыну цалкам!

— Васіль, а як адносіцца царква да вашай працы? — цікаўлюся я.

— Наша дзейнасць царквой не забараняецца, таму што накіравана на пошук праўды і ў кожным выпадку прыносіць людзям карысць. Ад нашых дзеянняў будзе залежаць, напрыклад, ці панясе забойца пакаранне.

Кацярына Асмыковіч.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.