Вы тут

На парозе забытае хаты...


Не скажу, што тэма новая альбо мне не выпадала пісаць пра праблему зносу нічыйных дамоў на вёсцы, але нядаўна давялося паездзіць на Пружаншчыне па многіх населеных пунктах і ўбачыць хаты-сіроты дзясяткамі. І гэта аказалася не проста надзвычай сумным, але цяжкім відовішчам. Дамы без дзвярэй, а дзе-нідзе ўжо і без акон, зарастаюць хмызняком, які аж буяе ад радасці, што ніхто не выкарчоўвае і не прыбірае. Адны з іх развальваюцца, там павыдзіралі кафлю і цэглу з печаў, а іншыя стаяць, быццам бы зусім нядаўна клапатлівая рука гаспадыні павесіла сціплыя вясковыя фіранкі. У пакоях на сценах, пэўна, яшчэ прымацаваны сямейныя фотаздымкі, а на паліцах засталіся рэчы, што памятаюць былых гаспадароў. І гэтыя хаты вельмі хутка пойдуць пад бульдозер. Пляцоўку пад імі потым разраўняюць і засеюць якой-небудзь сельгаскультурай. Гэтыя хаты нічые. Яшчэ зразумела, калі ў доме жыў адзінокі чалавек, потым памёр. Але ў абсалютнай большасці выпадкаў у былых гаспадароў ёсць нашчадкі, што жывуць у гарадах. Яны адракліся ад бацькоўскіх сядзібаў, не захацелі паклапаціцца аб іх продажы ці падтрыманні ў належным стане, па сутнасці здрадзілі ім.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Бо не такая гэта цяжкая справа — навесці мінімальны парадак у родным доме, нават калі ўдаецца прыехаць усяго раз на год. Купляюць жа дамы побач з Белавежскай пушчай мінчане, масквічы. Што, яны часцей сюды прыязджаюць? Цяпер можна нават не афармляць шмат дакументаў, дастаткова напісаць заяву ў сельсавет, што ты бярэш абавязацельства клапаціцца пра домаўладанне, абкошваць яго, высякаць хмызняк.

На жаль, пакаленне дзяцей вяскоўцаў, хто з такімі неймавернымі цяжкасцямі будаваў свае хаты, адвыкла працаваць, баіцца фізічнай працы. Паказальная ў гэтым сэнсе гісторыя адной брэсцкай сям'і. Сям'я ўжо вялікая, жыве ў трохпакаёвай кватэры фактычна тры сям'і: бацькі і жанатыя дзеці. Зяць часова нідзе не працуе, бо знаходзіцца ў пошуку работы, якая б яго задаволіла, няспешна шукае, дзе б працаваць менш, а атрымліваць больш. Дык вось яны нядаўна прадалі дом за паўсотні кіламетраў ад абласнога цэнтра за бясцэнак. Дом вельмі добры, той, хто яго ўзводзіў, быў майстрам на ўсе рукі. Але страшэнна запушчаны, бо яго ніхто не даглядаў, і за хмызняковымі джунглямі з дарогі хату не было відаць. Дык вось дзядуля, сваяк гэтых гора-прадаўцоў, плакаў, гледзячы на сваіх дзяцей. І сапраўды, хіба не маглі б тыя ж маладыя з дужым непрацуючым зяцем навесці парадак, падрамантаваць і жыць? Пры вялікім жаданні і работу знайсці можна было б на месцы альбо ездзіць у горад. Але ў тым і рэч, што жадання не ўзнікла.

Здзіўляе і гісторыя масквіча, які жыве ў машыне з дзецьмі. Ці то праз непасільны крэдыт ці з іншай прычыны чалавек застаўся без кватэры. Днём ён працуе таксістам, а вечарам раскладвае сядзенні — і машына ператвараецца ў спальню для дзяцей. Гісторыю паказалі па тэлебачанні. Кіраўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў адразу адрэагаваў і запрасіў галаву сям'і да сябе. Таксіст прыехаў у вёску, яму прапанавалі дом з усімі выгодамі. Жыллё гараджаніну спадабалася, і ён пацікавіўся, дзе давядзецца працаваць. «На ферме», — пачуў у адказ. Той адразу развярнуўся: лепш жыць у машыне, але ў Маскве, чым у вясковым доме і працаваць жывёлаводам.

Вось вам і складнік сучаснага крызісу. На прадпрыемствах ідуць вялікія скарачэнні, застаюцца без работы будаўнікі, работнікі мясакамбінатаў. Але ніхто не кідаецца ехаць у вёску, каб узяць нават бясплатна пустуючы дом, абжыць яго, развесці там падсобную гаспадарку. Не ўсе ж у горадзе маюць прэстыжную работу, добрую зарплату. Ніхто не звяртаецца ў сельсаветы, каб разабраць дом з аддаленай вёскі і перавезці яго ў вёску бліжэй да горада. Цяпер такія магчымасці ёсць — няма попыту. Калі не хопіць усім работы на палях і фермах, можна было б ствараць нейкія невялікія вытворчасці, адкрываць сваю справу. У рэшце рэшт калі не ленавацца і трымаць сем кароў, рэальна наладзіць дабрабыт сваёй сям'і, а не гараваць у горадзе на два-тры мільёны. Але трэба многа і цяжка працаваць. Так гавораць старыя людзі, з якімі давялося перамовіцца падчас паездкі па неперспектыўных вёсках Пружаншчыны.

Адна бабулька згадвала, як цяжка будаваліся яе суседзі. Жанчына з малымі дзецьмі адмаўляла сабе ва ўсім. У краму хадзіла апошняй, каб людзі не бачылі, што яна на вялікую сям'ю бярэ толькі адзін бохан хлеба. Са скуры вылузваліся гаспадары, каб было не горш, чым у іншых. А маці сямейства заўсёды казала, што яна згодная гараваць, каб толькі дзецям потым жылося лягчэй. Вельмі любіла, даглядала хату, спадзявалася, што ўнукі будуць прыязджаць хоць бы на адпачынак. Усе дзеці і праўда з'ехалі ў горад. Старэйшы сын некаторы час потым жыў з бацькамі, бо яго выгнала жонка за п'янку, а потым памёр і ён. Хату ніхто не аформіў у спадчыну. Яе нядаўна разабралі. Суседка сказала, што не вельмі шчасліва склалася жыццё і ў дачок, і ў малодшага. І ўсё праз гарэлку. Мацярынскае пажаданне жыць лягчэй дзеці няправільна зразумелі. І хаце роднай яны, выходзіць, здрадзілі.

Многія з «герояў» будучага Указа пра дармаедства таксама выхадцы з нічыйных пакінутых хат. Нездарма ж кажуць, што лёс карае таго, хто выракаецца сваіх каранёў, забывае бацькоўскі падмурак. А сведкамі гэтага бяспамяцтва стаяць нечыя хаты, якія неўзабаве разбурыць і зруйнуе тэхніка.

...А загаловак — радок з вельмі шчымлівага верша Ларысы Геніюш пра вечар, што «ціхенька сеў на парозе забытае хаты».

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.