Вы тут

Сёстры


Маня!.. Ма-а-ня!.. — раз-пораз клікала баба Ганна.

19-20

— Што? Тут я. На, патрымай маю руку. Што ты хочаш?— адазвалася Маня, задаволеная, што Ганна кліча не кагосьці з сясцёр, а менавіта яе.

Чула ці не баба Ганна сястрыны словы ў адказ — невядома, але кліч паўтараўся між цяжкімі стогнамі. Час ад часу яна прасіла вады, але, цяжка глынуўшы, вымаўляла з доляй расчаравання, што гэта не вада. І зноў, і зноў прасіла хоць кроплю вады — сапраўднай, з калодзежа.

Унучка Ліда была ўзрушана станам бабулі Ганны — дзедавай сястры, ёй было так яе шкада, так балюча, што бабуля трызніць, але плакаць маладзіца не магла, бо побач сядзелі яшчэ тры сястры Мані і Ганны і «расколвалі» скнару Маню на пляшку віна. Маня, на дзіва, адгукнулася адразу, дастала пляшку, прынесла гуркоў з селядцом і халоднай бульбай. Жанчыны запрасілі да стала і Ліду, але яна так паглядзела на іх, што тыя не сталі настойваць, адвярнуліся і пачалі наліваць свае чаркі.

Часам, калі стогны бабы Ганны заціхалі і твар яе, здавалася, прасвятляўся, яна прасілася то дадому, то на вуліцу, на сонца.

Яна і была, і яе ўжо не было. Баба Ганна памірала...

А паміраць Ганна лягла дзён сорак таму. Акурат тады яна з сястрой Маняй стала надта не ладзіць. Бацькоўская хата быццам стала цеснай для адзінокіх жанчын, лёс якіх вырашыла вайна.

Маня была малодшай у шматдзетнай сям'і, ды пасля вайны жаніхоў усім не хапіла, і яна так і засталася векавухай. Яе ў час вайны хацелі забраць на прымусовыя работы ў Германію, але па просьбе маці замест Мані забралі Ганну. Ганне было крыўдна, што маці шкадуе не яе, а сястру, але пярэчыць не стала. Яна ўсю дарогу не піла, не ела і, як і некаторыя дзяўчаты, так нацёрла ногі бітым шклом, што яны крывавілі, і камісію дзяўчына не прайшла. Немцы дазволілі ёй і яшчэ некаторым змарнелым дзяўчатам вярнуцца назад, але Ганна аслабела так, што ледзь-ледзь за тры тыдні датэпала з Баранавіч дадому.

Пасля вайны сталі жанчыны дажываць разам у бацькоўскай хаце. Ганна нянькала Маню, як сваё дзіця. Маня ж была даволі капрызнай і лёгка дабівалася таго, што ёй хацелася. У стравах была пераборлівай, не ела сала, тлустага мяса і дазваляла сястры гатаваць ежу толькі на алеях або на сметанковым масле. Калі Ганна ехала ў горад, Маня заказвала пернікі, цукеркі, але грошай сваіх ні на якія прысмакі не давала. Так яны і жылі: Маня сваю зарплату, а потым пенсію складвала ў панчоху, а на Ганніны грошы выконваліся ўсе пажаданні Мані.

Мужчынскую работу па гаспадарцы і па хаце рабіў адзінокім сёстрам брат з хлопцамі сваімі, які таксама жыў на сяле. Ён, франтавік, Ганне быў асабліва дарагі. На 9 Мая штогод яна апранала найлепшую спадніцу і хустку, каб урачыста падзякаваць брату за Перамогу, за тое, што выжыў. За дапамогу брата па гаспадарцы адзінокія сёстры дапамагалі на братавым бульбяным полі ці на сенакосе. Ганна любіла ўсіх дзяцей сваіх замужніх старэйшых сясцер, але братавы дзеці былі для Ганны яе дзецьмі. Яна падхоплівалася з лаўкі, калі брат казаў катораму нарваць зелля для свіней ці прынесці дроў у хату. Яна ў кожны свой прыход старалася прынесці аладку, піражок ці, расшпіліўшы шпільку на кішэні, даставала адтуль замуленую карамельку ці пернік для каго з дзяцей. Яна ж упіхвала рублік ці два кожны раз перад ад'ездам на вучобу катораму са студэнтаў.

Маня таксама дапамагала брату, але работа яе была маруднай, бы дзіцячай. Маніны соткі і садзіліся, і капаліся з братавымі дзецьмі. Можна сказаць, што дзве гэтыя жанчыны ўваходзілі ў сям'ю брата і з часам усе настолькі прывыклі да такога распарадку жыцця, што сям'я і снедаць не пачынала, пакуль у двары не з'явяцца дзве сухенькія постаці жанчын.

Так яны жылі дружна і мірна да «абвалу» грошай. Маня ў тыя дні развалу краіны ледзь не страціла розум, бо ў яе, аказалася, матрац быў напакаваны адборнымі і хрусткімі купюрамі. Частку грошай тады ёй дапамагла абмяняць братава дачка, але большая частка стала нікому не патрэбнымі паперкамі. Маня стала знерваванай, яшчэ больш капрызнай і невыноснай, не пускала сястру начаваць, праклінала на чым свет стаіць. І аднойчы Ганну ахапіў адчай. Яна лягла на ложак і перастала гаварыць і есці. Маня з нецярплівасцю чакала, калі сястра вызваліць ёй хату, радавалася, марачы, што адна зажыве шчасліва. Час ішоў, а здаровы арганізм Ганны не хацеў здавацца. Яна ляжала, стагнала на жалезным ложку, на падушцы без навалачкі, на кляёнцы, накрытай анучай, калі наведаўся ў гэту хату брат. Ніхто не ведае, што ён сказаў Мані, але дома брат-франтавік упершыню плакаў. З таго дня ён з жонкай кожны вечар хадзіў да Ганны, дапамагаў пераварочваць страшнае ад пролежняў сухое цела, каб змазаць яго. Ганна крычала ад болю і толькі праз некалькі гадзін супакойвалася. Праз некалькі дзён яна ўпала ў забыццё, не пазнавала нікога і ўсё клікала... Маню.

...Памерла Ганна ранкам на наступны дзень, як да яе прыходзілі сёстры і Ліда. Яна ляжала на лаве ціхая, супакоеная і нават... прыгожая. Па ёй многа плакалі, шкадавалі родныя, аднавяскоўцы, суседзі. Вячэру зрабілі добрую, было ўсе як у людзей, але Лідзе здавалася, што Бог не даруе ёй смерці бабулі Ганны, што яна вінаватая, бо не адчула, як той было адзінока, бо не было каму пашкадаваць, проста прыціснуць худзенькія і, як раптам усвядомілася, такія дарагія плечы.

19-19

Пасля пахавання Ганны Маня засталася ў хаце адна. Як марыла. Да брата спачатку не хадзіла, відаць, баялася яго гневу, але ў хуткім часе стала прыходзіць і скардзіцца, што ёй не даюць спаць розныя ведзьмы, якія тупацяць па хаце і робяць, што хочуць... Потым яна стала палохацца свайго адлюстравання ў люстэрку...

Усе разумелі, што Маня перастала сябраваць з галавой і трэба тэрмінова прымаць меры, а то яшчэ наробіць бяды ці наогул спаліць хату. Пытанне, хто забярэ Маню да сябе, павісла ў паветры. Сёстры — а іх жыло ў вёсцы па-ранейшаму тры — па чарзе адмовіліся ад Мані: маўляў, няма куды яе браць, свае дзеці... А брата, пакуль ішлі дэбаты, раптам прыкаваў да ложка інсульт. Яго з жонкай на зіму дзеці забралі ў горад, а Маню, як адзінокую, аформілі ў дом састарэлых.

Наведвалі яе зноў жа братавы дзеці. Маня радавалася іх прыезду, прагна ела хлеб з каўбасою, хавала пернікі ў кішэні і скардзілася, што суседкі па пакоі ўсё ў яе адбіраюць. Прасіла прыязджаць яшчэ... Яе абяцалі забраць. І планавалі зрабіць гэта летам.

Маня доўга чакала ля акна. Не ела амаль месяц, а ў канцы чэрвеня... памерла. Абмывалі яе санітаркі, а хаваць братавы дзеці прывезлі дадому.

Ліда ў дзень пахавання якраз была ў бацькоў і прыйшла развітацца з бабуляй Маняй. Такая ж схуднелая, як некалі Ганна, ляжала Маня ў труне. Яе цяжка было пазнаць... І непрыязнасць да бабы Мані за бабу Ганну раптам адступіла...

...Колькі гадоў прайшло з таго часу, ніхто ўжо і не лічыць, а Ліда і цяпер моліцца за гэтых дзвюх жанчын. Каб іх адзінокія душы знайшлі спакой на небе і Бог дараваў усім сваякам грэх за іх несагрэтую старасць.

Валянціна БОБРЫК,

г. Івацэвічы.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.