Вы тут

На добрую памяць


...Ручка была трафейная, нямецкая — з залатым пяром, з наканечнікам. Маша (а ў сям'і — Марылька) ведала, што вось такой ні ў кога няма ні ў школе, ні ва ўсім пасёлку! Як жа было ўтрымацца, як было не пахваліцца ёю ў класе? Таму, злавіўшы момант, калі ў хаце засталася адна (бацька паехаў у Гомель са справаздачай, маці пайшла даіць карову), Маша-Марылька зайшла ў залу, узяла ключык ад шуфлядкі, у якой бацькі захоўвалі дакументы ды іншыя свае каштоўнасці, адамкнула яе, дастала прадаўгаватую пушачку.

«З ручкай жа нічога не станецца, — разважала дзяўчынка. — Я толькі пакажу яе, каб усе паглядзелі, а потым пакладу назад... Дома ніхто і не заўважыць».

У школу, на другі канец пасёлка, яна даляцела птушкай.

— Я прынесла! Вось тая ручка! — крыкнула на ўвесь класс, вымаючы з палатнянай торбы пушачку.

Дзяўчынку тут жа з усіх бакоў абступілі аднакласнікі. Кожны хацеў не проста паглядзець на тую самапіску, але і патрымаць яе ў руках.

Марылька адчувала сябе шчасліваю! Яшчэ б — такая ўвага да яе, да таткавага трафея! Пецька Сазонаў ледзь з рук не вырваў.

...Апошні ўрок, урок фізкультуры, праходзіў на стадыёне. Перад тым, як пайсці туды, Маша паклала ручку ў пушачку, пушачку ў торбачку і пабегла да спартыўных снарадаў. Настрой у яе па-ранейшаму быў цудоўны.

Іншым ён стаў дома, бо, вярнуўшыся, яна перш-наперш хацела вярнуць у шуфлядку ручку, але... Пушачка была на месцы, а вось ручка...

Халадзеючы ад жаху, Марылька абмацала ўсе закуточкі сваёй торбачкі, абмацала кніжкі і сшыткі — пуста.

Позна ўвечары з Гомеля вярнуўся бацька.

— Ну, што ў нас новага? — стаў распытваць, адорваючы ўсіх гасцінцамі.

Маці, здаецца, нешта казала яму, але ён не вельмі і слухаў:

— Дачушка, ты што — двойку адхапіла? — звярнуўся ён да Марылькі.

Тая адмоўна пакруціла галавой і ажно зайшлася ад плачу.

Бацька, пачуўшы, у чым справа, пайшоў у залу правяраць шуфлядку. Дакументы і ўсе астатнія рэчы былі на месцы, ручка і сапраўды знікла.

Назаўтра з самага ранку ён разам з дачкой пайшоў у школу. Завітаў да дырэктара. Усе разам яны абшукалі, здаецца, усе куточкі, куды магла «закаціцца» ручка.

— Дзеці, можа, хто з вас знайшоў яе? — пытаўся бацька ў Марыльчыных аднакласнікаў. — А можа, хто ўзяў?.. Незнарок. Тады аддайце, прашу вас! Бо гэта не проста ручка... І рэч не ў тым, што яна з залатым пяром, — бацька Марылькі цяжка ўздыхнуў. — Яна — падарунак майго франтавога сябра. Ён на добрую памяць аддаў мне ручку, а я яму — свой гадзіннік... Мы стаялі ў штабе, ля акна. Я адступіў усяго на хвілінку... Ён заняў маё месца — і ўсё. Яго забіла напавал, відаць, снайперскай куляй... Ён загінуў замест мяне, разумееце?

У класе, дзе сядзелі трыццаць два першакласнікі і трое дарослых, цішыня стаяла мёртвая.

Потым нешта гаварыў дырэктар школы, настаўніца, але Маша амаль нічога не чула: яна плакала. Ёй неймаверна шкада было таго невядомага сябра, які разам з бацькам прайшоў усю вайну і загінуў у апошнія дні. Ёй сорамна было, што гэта праз яе выхвалянне тата страціў такі падарунак!

Аднак дзягу з цвіка ён не зняў... І на дачку зусім не сварыўся. Яна і без таго, неяк раптам пасталеўшы, усё зразумела...

Раіса Дзейкун,

г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.