Вы тут

Бацькаў лёс


Слова «вайна» для ўсіх гучыць па-рознаму. Для адных, пераважна прадстаўнікоў маладога пакалення, — гэта кадры старой кінахронікі і ўражлівыя экспанаты з музея гісторыі Вялікай Айчыннай, для іншых — уласныя шчымлівыя ўспаміны, дзе горыч па загінулых цесна пераплялася з радасцю сустрэчы родных, сяброў, аднавяскоўцаў, якія вярнуліся з фронту...

«Вялікая Айчынная вайна не абышла і нашу сям'ю, — піша ў сваім лісце наш даўні чытач і падпісчык з 30-гадовым «стажам» Іван Лычкоўскі з Баранавічаў. — Майго бацьку, Івана Патапавіча Лычкоўскага, 1912 года нараджэння, як адукаванага (яшчэ да вайны ён скончыў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут), але не маючага вайсковай падрыхтоўкі ў 1939 годзе прызвалі на тэрміновую службу. Фотаздымак, дарэчы, зроблены якраз у гэтым годзе.

Армія, у склад якой уваходзіла 10-я Чырванасцяжная стралковая дывізія, дзе служыў бацька, знаходзілася ў той час у Латвіі. Прыбалтыйскія дзяржавы, паводле вядомага пакта Молатава-Рыбентропа, толькі што ўвайшлі ў СССР — мяжа Савецкага Саюза пасунулася на захад, і дывізію ў сувязі з гэтым перакінулі і размясцілі ўздоўж новай мяжы. Там пачалі ўзводзіць абарончы рубеж (папярэдне ўзарваўшы па незразумела чыёй камандзе абарончы рубеж на старой мяжы), таму 22 чэрвеня дывізія прыняла бой практычна на роўным месцы.

Для бацькі вайна пачалася якраз гэтым днём, у 4 раніцы, калі блізкім разрывам авіябомбы вынесла акно ў казарме і яго, засыпанага шклом, знесла на падлогу. Немцы дакладна ведалі, што бамбяць штаб дывізіі, таму неўзабаве кіраванне было згублена, абарона ж уяўляла сабой не суцэльную лінію, а асобныя ўчасткі — і досыць хутка савецкія войскі вымушаны былі адступіць...

19-1 (1)

Адступленне працягвалася. Пад Рыгай рэшткі дывізіі былі акружаны і пасля ўпартага бою трапілі ў палон. Для іх пачалося жыццё, поўнае здзекаў, допытаў і катаванняў... Баракаў, як узгадваў бацька, на ўсіх не хапала, і палонных размяшчалі ў адкрытым полі, абгарадзіўшы тэрыторыю калючым дротам у некалькі радоў. Лета заканчвалася, і, каб хоць неяк сагрэцца, людзі па начах збіваліся ў вялізныя «табуны». Многія з палонных кашлялі, слабелі і дрэнна спраўляліся з дзённымі працамі, сілы для якіх ледзь-ледзь падтрымлівала пустая баланда з некалькімі лісткамі капусты ды парай жменяў панцаку на ўвесь кацёл. Тых, хто зусім знясільваў, немцы забіралі з лагера, і іх ніхто ўжо больш не бачыў.

На валаску ад смерці аказаўся і бацька, у якога, мяркуючы па сімптомах, пачалася дызентэрыя. Даведзены да адчаю, ён падышоў жа пажылога ахоўніка, зняў апошнюю каштоўную рэч — наручны гадзіннік «Кіраўскі», які невядома якім цудам пры вобыску не забралі, — і, як мог, жэстамі патлумачыў, што хворы і просіць за гадзіннік прынесці бохан хлеба. Той зразумеў, сказаў: «Гут». А назаўтра прынёс хлеб, які бацька ўмудрыўся разламаць і разрэзаць, высушыць і цягам некалькіх дзён харчавацца толькі гэтымі самаробнымі сухарамі. Магчыма, гэта яго і выратавала — хвароба адступіла.

За час палону бацьку некалькі разоў пераводзілі з аднаго лагера ў іншы, і падчас аднаго з такіх пераходаў ён разам з сябрамі вырашыў бегчы. Дачакаўшыся, калі дарога пайшла праз лес, яны кінуліся наўцёкі, а за імі пабеглі яшчэ некалькі ваеннапалонных. Для аховы гэта стала нечаканасцю, і хоць немцы хутка ачомаліся і сталі страляць, кулі нікога са збеглых не зачапілі. Блукаючы па лесе, яны выйшлі на край поля, дзе працавала нейкая жанчына. Асцярожна загаварылі з ёй — аказалася, гэта руская, вывезеная на прымусовыя работы, а ў найбліжэйшай вёсцы месцяцца яшчэ французскія ваеннапалонныя. Уцекачы таемна папрасіліся да французаў у лагер пад выглядам «сваіх», але паколькі тых штораніцу і штовечар пералічвалі, на ноч савецкія салдаты мусілі шукаць іншага прытулку... Бацька ўспамінаў, што іх сустрэлі ветліва, тут жа пераапранулі і далі берэты на галаву, толькі што заўважылі, маўляў, усё адно не вельмі падобны да француза, а вось яго сябар, чарнявы хлопец родам з Украіны, — «амаль сапраўдны». Беглыя цэлы месяц прабылі ў французскім лагеры, дзе і ўмовы ўтрымання, і харчаванне былі зусім іншымі — на абед палонным давалі нават па 20 грамаў масла, якое па форме і аб'ёме нагадвала пачак ад запалак...

Але фронт набліжаўся, і французскіх палонных сталі рыхтаваць для перасылкі ўглыб Германіі, таму бацьку з таварышам давялося зноў сыходзіць у лес, дзе яны слухалі грымоты блізкіх баёў, а пры першай магчымасці здаліся савецкім войскам і трапілі ў фільтрацыйны лагер.

Дахаты тата вярнуўся толькі ў верасні 1945 года. Паколькі ўсю вайну пра яго нічога не было вядома, родзічы лічылі яго без вестак прапаўшым, а ў бацькоўскім доме жылі яго старэйшы брат з трыма дзецьмі і малодшая сястра — удава кадравага ваеннага з двума малалетнімі сынамі. Да гонару жыхароў гэтай вёскі, у час акупацыі ніхто з іх не выдаў немцам, што тут жыве сям'я савецкага афіцэра.

Бацька адшукаў маму, якая разам з маёй бабуляй знаходзілася ў эвакуацыі ў Мардовіі і працавала ў школе, вырашылі ехаць разам на яе малую радзіму, у Баранавіцкую вобласць. У былым Гарадзішчанскім раёне тату прапанавалі ўзначаліць тады сямігадовую Сталовіцкую школу, што размяшчалася ў дзвюх драўляных будынінах, а малодшыя класы наогул былі раскіданы па ўсёй вёсцы ў арандаваных у людзей памяшканнях. Пры бацьку ў 1953 годзе ўзвялі новы — двухпавярховы, цагляны — школьны будынак, з электрычным асвятленнем замест ранейшых газовак з абажурамі, развешанымі пад столлю, з прасторнымі класамі. У 1956 годзе адбыўся першы школьны выпуск, а сама яна вырасла з сямігодкі да сярэдняй. У гэтай школе мае бацькі і працавалі ўсё жыццё, аж да выхаду на пенсію...»

* * *

Паважаныя чытачы! Другі сезон рэдакцыйнага конкурсу «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.