Вы тут

Першы прыклад у жыцці


Бацьку Уладзіміру Васільевічу...

Кажуць, што чалавек пачынае памятаць сам сябе прыкладна з пяцігадовага ўзросту. Мой жа першы дзіцячы ўспамін адсылае да іншай даты... Бацькі ў той час будаваліся, таму часова жылі ў сястры маці. Яны купілі хату ў іншым раёне. Ужо бацькава сястра адвяла нам пад сядзібу кавалак уласнага ўчастка. Адлегласць напрасткі паміж дзвюма кропкамі — метраў чатырыста... Дзіўныя адчуванні: я быццам назіраю сам за сабой малым збоку. Бягу па доўгім вузкім завулку, мне страшна. Нарэшце спыняюся ў яго канцы і бачу дах нашай хаты. На каньку разам з іншымі мужчынамі сядзіць мой бацька у белай майцы і нешта прыбівае. Зараз мне трэба збочыць улева, потым амаль адразу направа пад узгорак, яшчэ крыху — і я на месцы. Але якраз на гэты момант дах з бацькам знікне з вачэй. Уздыхаю і раблю першы крок... Брамка была расчынена ці яе ўвогуле яшчэ не было — я забягаю ў двор. Пад нагамі стружка, сасновая кара ад жэрдак. Прыціскаю рукі да грудзей і моўчкі гляджу ўверх на бацьку... Нехта з мужчын заўважае мяне і крычыць штосьці яму. Той хутка спускаецца да мяне, амаль у гэты ж момант з'яўляецца і ўсхваляваная маці. Відаць, я з ёй ужо праходзіў гэты шлях і запомніў дарогу. Калі пазней суадносілі гэта здарэнне з момантам будоўлі, выходзіла, што мне на той момант было крышачку больш за тры гады...

19-32

Яшчэ адзін успамін таксама звязаны з бацькам, дакладней з яго армейскай фатаграфіяй. Ён, відаць, быў на працы, мы дома ўдвух з маці. Каб нечым заняць мяне, яна дастае вялікі цяжкі альбом з сямейнымі здымкамі, і я адразу выцягваю і не выпускаю з рук адзін. Бацька служыў у Групе савецкіх войск у Германіі. На здымку — зняты збоку танк у нейкім ельніку. На пярэднім плане на брані — бравы танкіст, мой бацька... Паглядзеўшы на фатаграфію, жонка толькі сцвярджальна кіўнула галавой, калі я прызнаўся, што, гледзячы на здымак, доўгія гады марыў стаць танкістам. Маўляў, зразумела чаму. Хлопчыкі заўсёды хочуць быць падобнымі на татаў. Як для некага БМВ апошняй мадэлі — запаветная мара, так для мяне і дагэтуль танкі — узор вытанчаных формаў і дызайну ў брані...

У нашай сям'і ўсе любяць жарты, гумар, з лёгкасцю могуць пакпіць з саміх сябе. Маці — тая яшчэ прыдумшчыца. Колькі разоў казаў жонцы, што калі б тая з пачатку замужжа запісвала за ёй смешныя словы і выразы, ужо выдала б пяцітомнік. У нас столькі прыдуманых слоўцаў, нейкіх скарачэнняў, што часам старонняму чалавеку даводзіцца перакладаць, пра што мы гаварылі. І ўсё ж лічу, што ўменне жартаваць у мяне ад бацькі.

Аднойчы мы з ім збіралі каларадскіх жукоў. Напрыканцы занятку я спытаў, што мы з імі будзем рабіць. «Смажыць», — адказаў бацька. Я сумеўся. Як смажыць, гэтага ж ніхто не робіць?! Але бацька быў сур'ёзны. Больш за тое, ён схадзіў у хату, вынес гранёны кілішак, які ўручыў мне са словамі: «Адна бяда — алей скончыўся. Я пакуль прыгатую патэльню, а ты збегай да цёткі Зіны, пазыч кілішак алею». Іду праз агарод і адчуваю, што нешта тут не тое. Але ж бацька сказаў! Заходжу ў двор да цёткі, якая выходзіць насустрач. Так і так, кажу, бацька прасіў пазычыць алею. «А навошта?» — чамусьці ўсміхаецца цётка. «Жукоў каларадскіх смажыць будзем!» Тут яна ўвогуле пачынае прыкрываць рот рукой... Памятаю, што дадому вяртаўся разам з цёткай Зінай, якая адразу пачала ўшчуваць бацьку. А мне было крыўдна: і з прычыны таго, што бацька падмануў, і з прычыны таго, што я паверыў. А не паверыць яму я не мог: гэта ж бацька! Затое, напэўна, менавіта з таго моманту запомніў на ўсё жыццё: калі хочаш, каб жарт атрымаўся, ты павінен вымаўляць яго з самым сур'ёзным выглядам. Каб ні ў каго нават ценю сумнення не ўзнікла, што гэта няпраўда. Яшчэ адзін падобны выпадак адбыўся пазней. Неяк я ўгаварыў бацьку паехаць са мной на рыбалку на сажалку палавіць карасікаў. Ну, вельмі мне хацелася паехаць з ім! А ён вельмі супраціўляўся (працы па гаспадарцы хапала заўсёды), але ў выніку здаўся. Я падрыхтаваў вуды, зрабіў цеста. Прыехалі, расклаліся. І тут бацька пытаецца ў мяне з сур'ёзным выглядам, пазіраючы на цеста: «А як яго вешаць на кручок?» Вы не паверыце, сусвет для мяне літаральна ледзь не абрынуўся. Як, мой бацька нечага не ведае?! Штосьці не ўмее?.. Вядома, гэта быў яго чарговы жарт.

19-31

Бацька быў майстрам на ўсе рукі ў прамым сэнсе гэтых слоў. Ніхто ў радні з мужчын не рабіў нічога так якасна і надзейна, як бацька. Дагэтуль захавалася шмат зробленага яго рукамі. Шчыміць сэрца, калі зараз з братам нам даводзіцца нешта пераробліваць, мяняць... Усё гэта пераняў мой малодшы брат. Я абсалютна ўпэўнены, што калі яму даць адпаведны станок і паказаць, як робяць агранку каштоўных камянёў, ён здолее гэта паўтарыць. Бацька сапраўды рабіў на дзесяцігоддзі. Прычым, як правіла, у большасці сваёй выконваў нават цяжкую працу адзін. Заліваў дарожкі на ўчастку і бетонныя калодзежныя кольцы, ставіў агароджы, калоў дровы... Маё дзяцінства прайшло на валяльна-лямцавай фабрыцы, дзе працавалі мае бацькі і шматлікія родныя. Я сноўдаў па цэхах, складах ад аднаго родзіча да другога, але найбольш падабалася быць з бацькам. Майстэрні, шматлікія станкі, інструменты, розныя цікавыя хлапечым вачам і рукам жалезкі... Улетку наладчыкі ў сваіх чорных, прапахлых воўнай робах у вольны час выходзілі на лаўку пад дрэвамі, курылі, жартавалі, а мне падабалася сядзець з імі. І сюды ж беглі работніцы, калі выходзіў са строю часальны станок: шукаць найперш бацьку. Усе ведалі, што той абавязкова зробіць, адрамантуе. Па дапамогу звярталіся і суседзі, і сваякі.

Ён без слоў апранаўся, браў ліхтарык і позна ўвечары, у мароз і дождж ішоў у хлеў, лез на гарышча па нашай з братам просьбе па якую-небудзь драбязу, без якой наша хлапечае існаванне ў той самы момант было проста немагчымым! Маці нешта незадаволена казала, а ён ішоў і прыносіў патрэбнае. Дапамагчы нешта адпілаваць, выстругаць? На кухні каля печкі ставілася табурэтка і праца кіпела!.. Захацелася папускаць у ручаі, што бурліў увесну на скрыжаванні ад талага снегу, не проста папяровы караблік, а катар? Выразаем яго разам з тоўстага кавалка сасновай кары. Аднойчы папрасіў вытачыць гранату-«лімонку». З цурак выразаць «боепрыпасы» з ручкамі я і сам налаўчыўся, а тут захацелася менавіта такую. Паслухаў, нічога не абяцаў. А праз дзень ці два моўчкі працягнуў вытачаную на станку «лімонку»... Сапраўднай скарбніцай для нас быў набор бацькавых інструментаў! Яшчэ драўляныя гэблікі, нажоўкі, сякеркі, стамескі, малаткі — ніякіх табе цяперашніх шрубавёртаў і электрадрыляў. Можаце ўявіць, што мы часам сваімі няўмелымі рукамі рабілі з тым інструментам? Возьмеш нажоўку па метале і палатно, а тое і два, зараз зламаеш. Ці сякерай — па цвіку. Не сказаць, каб тое выклікала ў бацькі радасць, але і папрокаў асаблівых мы не чулі. А самай страшнай пагрозай з яго боку для мяне было пазбавіцца любімай сякеркі за тое, што часта сек сабе пальцы.

Не было такога, каб ён падняў на нас руку. Памятаю толькі некалькі эпізодаў, прычым, вінаваты быў я сам. Аднойчы папрасіў яго ўсталяваць на веласіпедзе новы багажнік. Бацька прывёз яго з Мінска, паставіў, але нешта не паспеў падкруціць. Сказаў, што катацца на веласіпедзе магу, але на багажніку каб нічога не перавозіў. А за брамкай ужо сябры чакаюць. Пахваліцца ж хочацца, вось і прапанаваў адразу некаму сесці ззаду. А тут бацька якраз на вуліцу выйшаў. Убачыў, схапіў нейкі дубец і — па спіне, па куртцы. Балюча не было, толькі крыўдна, што перад хлопцамі. Іншым разам знаёмая «спаліла» нас. Калі мы кампаніяй курылі, паабяцала расказаць бацькам. А тыя якраз па крамах пайшлі, так што мелі ўсе шанцы сустрэцца з той жанчынай. Вяртаюцца, адчуваю, справа нічым добрым для мяне не скончыцца... Але маці пагаварыла з бацькам, і ўсё абышлося толькі словамі... Яшчэ памятаю яго рэакцыю, калі ўпершыню назваў бацькам. Ужо падлетак, казаць «тата» неяк няёмка — быццам па-дзіцячаму. «Отец» — наадварот, занадта, як мне падавалася, афіцыйна. Мабыць, яму было крыўдна, ён адчуў нейкі негатыўны падтэкст... Зноў умяшалася маці, патлумачыла, што ў беларускім «бацьку» няма нічога такога. Ён нейкі час прызвычайваўся, пакуль перастаў напружвацца пры гэтым слове.

...Наш Уладзімір Васільевіч памёр у сакавіку. Мне было 13, малодшаму брату — 10. Зараз я практычна ў такім жа ўзросце, у якім бацька пайшоў ад нас...

Я  магу гэтак жа доўга, як і ён, сядзець на кукішках, выконваючы якую манатонную працу. Мыючы посуд, прыгадваю, як гэта рабіў некалі бацька. Гэтак жа, як на даўніх фотаздымках ён, часта стаю з цыгарэтай, прытуліўшыся ў калідоры да дзвярнога касяка. Увечары зімой, каб не выходзіць на холад, бацька прыадчыняў у печцы юшку і выпускаў у комін дым. Я зараз уключаю кухонную выцяжку... І справа, вядома, не ў знешнім падабенстве, перанятых на свядомым ці падсвядомым узроўні бытавых звычках.

Нам не выпала сесці з бацькам пасля сумесна зробленай працы за адзін стол, перакурыць, паслухаць ад яго якую параду. І ўсё ж я думаю, што галоўнае ён паспеў закласці ў нас. Жыццё без яго — гэта таксама досвед, толькі іншы, не такі, як у астатніх. Мы такія, якія мы ёсць... Мы ўсе родам з дзяцінства...

Сяргей РАСОЛЬКА

Іншыя матэрыялы рубрыкі «Узровень-40″

Даць бы многім чарнільную ручку…

Мае Арбузік і Бябешка, ці Як «Па­лес­кія ра­бін­зо­ны» ў па­ход ва­дзі­лі

Цацкі і забавы савецкага дзяцінства

Смаленне вепрука, або Чаго не ведае пакаленне-ХХІ

Бульба, яблыкі, каменне, або «Сельгасрамантыка» колішніх школьнікаў і студэнтаў

Верасень, які пахне драўнінай і сокам…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».