Вы тут

Уладзімір Богдан: «Магу карміць ваўкоў і кіраваць паравозам»


Захапленне справай, якая стала прафесіяй, у яго пачалося ў школе, калі з сябрам спрабаваў рабіць першыя запісы радыё-шоу на магнітафоне. Наогул усё магло скласціся так, што Уладзімір працягнуў бы сямейную традыцыю і стаў ваенным, як бацька і дзед. Аднак мудрыя бацькі далі свабоду выбару свайму сыну. У выніку Уладзімір выбраў радыё і тэлебачанне. Яго вобраз часцей асацыюецца з сур'ёзным мужчынам, які любіць машыны, матацыклы і хуткасць...

Мы сустрэліся з вядучым праграм «Беларуская часінка», «Ваша лато» і «Я хачу гэта ўбачыць» Уладзімірам Богданам, каб высветліць, чым ён здзіўляе сам сябе, як ратуецца ад праблем і чаго яму не хапае для поўнага шчасця.

20-7

Задавальненне не купіш

— Праекты, у якіх вы на сёння задзейнічаны, разнапланавыя. Вы ў пошуку свайго фармату ці проста любіце эксперыментаваць?

— У пошуку я знаходжуся сёння ў іншай сферы. А кожны з праектаў, у якіх працую, для мяне па-свойму дарагі. Праграма «Я хачу гэта ўбачыць» — пра падарожжы, і менавіта яна найбольш дазваляе мне раскрыцца як чалавеку і асобе, бо там я такі, як і ў жыцці. Многія нават прывыклі, напрыклад, да таго, што мяне часцей можна сустрэць у майцы з чарапамі, чым у гальштуку... Праект «Беларуская часінка» — першая праграма, у якую я трапіў на працу, прыйшоўшы на тэлебачанне. Я не быў асабліва адораным чалавекам, але прайшоў кастынг і трапіў у шэраг вядучых праграмы. Вельмі яе люблю. А «Ваша лато» — праграма, цікавая з пункту гледжання майстэрства вядучага. Там усё трымаецца ў прамым эфіры толькі на табе. Калі раптам нейкія тэхнічныя непаладкі, заядае лататрон ці электрычнасць знікла — ты павінен запоўніць любую паўзу. Твая задача бачыць у экстрэмальнай сітуацыі выклік, які ты здольны пераадолець. Кожны прамы эфір непрадказальны. Кожны тур мае свае асаблівасці, і трэба быць гатовым да любых сюрпрызаў. Калі вядучы ўдала спраўляецца з гэтай праграмай, то як прафесіянал ён нечага варты. А вось праект «Я хачу гэта ўбачыць» — зусім іншая гісторыя. Тут патрабуецца лаканічнасць ад вядучага, але каб было сказана галоўнае. І гэта аказалася складаным, хоць і думаў, што ўжо ўмею ўсё. Дагэтуль змагаюся з сабой, калі даводзіцца рабіць некалькі дубляў падчас запісу падводак. Праграма «Я хачу гэта ўбачыць» — гэта яшчэ і мой прадзюсарскі досвед.

З'яўляюцца і будуць з'яўляцца новыя праекты майго аўтарства. Вось літаральна нядаўна стартаваў на тэлеканале «Беларусь 2» праект «Навуковае шоу прафесара Адкрывашкіна». Хочацца рабіць разнапланавыя праграмы, і ідэй для іх хапае.

— У працы для вас важней творча развівацца ці зарабляць?

— Абодва аспекты маюць значэнне. У мяне сям'я, двое дзяцей, якіх трэба ўтрымліваць. Безумоўна, здараюцца моманты, калі ты разумееш, што твае сябры могуць зарабляць больш, маючы нейкі бізнес. Аднак тут важна ўлічваць, наколькі шчаслівым і задаволеным ты вяртаешся з працы кожны дзень. І гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі займаешся тым, што па душы. Я не кар'ерыст з пункту гледжання грошай. Так, заўсёды было цікава паспрабаваць сябе ў ролі дырэктара, генеральнага прадзюсара, але потым, паспрабаваўшы, зразумеў — абсалютна не маё. Не таму, што не магу, а проста ў нейкі момант становіцца сумна. Для мяне вельмі важная наяўнасць творчага складніку ва ўсім, чым бы я ні займаўся. Думаю, калі ты атрымліваеш задавальненне ад сваёй справы, то і грошы з часам прыйдуць. Я за залатую сярэдзіну паміж заробкам і творчасцю. Не падзяляю пазіцыі, калі нехта засяроджваецца толькі на творчасці і кажа: дайце мне тварыць і не чапайце. Я, напрыклад, хачу ездзіць на добрым аўтамабілі, катацца на матацыкле. Ёсць шмат іншых рэчаў, якія патрабуюць грошай. Таму гаварыць аб працы дзеля грошай дрэнна, але і без іх ніяк. Тым больш калі разглядаць сітуацыю з мужчынскага пункту гледжання, дзе самой прыродай у нас закладзены інстынкт здабытчыка...

— Улічваючы ваш шматгадовы вопыт працы ў прамым эфіры на радыё і тэлебачанні, мабыць, хвалявання ці захаплення ўжо менш?

— Хваляванне не знікае ніколі. Ведаеце, часта кажуць, быццам, калі знікае хваляванне, то трэба сыходзіць з тэлебачання. Я з такім поглядам не згодны, бо лічу: калі перастаеш хвалявацца — ты проста дасягнуў ужо пэўнага ўзроўню. Але бывае па-рознаму. Напрыклад, я не хвалююся падчас здымак праекта «Я хачу гэта ўбачыць», хоць бываюць моманты, калі адчуваю сябе сціснутым. Усё яшчэ ніяк не прывыкну да сітуацыі, калі побач шмат людзей і яны нічога не падазраюць, а ты раптам пачынаеш нешта расказваць... На «Беларускай часінцы» не хвалююся зусім, а вось «Ваша лато» не абыходзіцца без такіх эмоцый, асабліва ў апошнія секунды перад эфірам. Галоўнае, што я атрымліваю ад сваёй працы задавальненне. Вось калі гэтага няма, то дакладна можна сыходзіць з кадра.

Неверагодныя прыгоды — лепшы адпачынак

— Як выбіраеце маршруты вандровак і што застаецца за кадрам праекта «Я хачу гэта ўбачыць»?

— З пытаннем, куды паехаць, усё вельмі проста — адкрыў карту і выбірай. Сам праект наогул пачаўся з таго, калі я аднойчы падчас удзелу ў мотапрабегу праехаўся па Беларусі і зразумеў, што ў нашай краіне вельмі шмат мясцін, якіх мы не ведаем. Мне ёсць з чым параўноўваць, бо ўдалося не раз за мяжой адпачываць. Гаворачы аб праекце, маршрут там заўсёды выбіраюць рэдактары, і я з імі нават не спрачаюся. Пішацца пэўны сцэнарый, аднак у працэсе ён перакройваецца больш чым на палову. Бо ў дарозе мы знаходзім нешта цікавейшае, чым ёсць у інтэрнэце. І што немалаважна, у нас праграма не пра гісторыю і не пра геаграфію, а пра людзей, праз вобразы якіх мы расказваем пра ўсё.

Шмат застаецца за кадрам. Можна было б яшчэ многія моманты ўключаць у праграму, калі павялічыць яе хронаметраж. Бывае, мы едзем у камандзіроўкі з бояззю не сабраць матэрыял, але ўдаецца набраць яго нават больш. Плюс не ўваходзяць у выпускі многія гумарыстычныя моманты, якія трапляюць у кадр выпадкова. Тут важная работа каманды, якую, дарэчы, пэўны час давялося фарміраваць, і цяпер я працую з тымі людзьмі, за якасць працы якіх магу смела паручыцца. А ад гледачоў праграмы «Я хачу гэта ўбачыць» я чую словы ўдзячнасці і водгукі пра тое, што ўжо нехта скарыстаўся запрапанаванымі намі маршрутамі ў сваіх вандроўках.

— Асабістыя адкрыцці прысутнічаюць?

20-8

— Праграма дае мне магчымасць спрабаваць многія рэчы. І я здзіўляюся самому сабе, калі магу і паравозам кіраваць, і ваўкоў пакарміць. Адсутнічае ўсялякі страх, які, можа, і не быў бы лішнім у некаторых сітуацыях. Вылучаць нешта я не стаў бы, бо ў кожным выпуску адбываецца штосьці неверагоднае, і я назіраю за ўсім як дзіця з шырока расплюшчанымі вачыма. Варта паглядзець праграму, каб знайсці свае іскрынкі ў кожнай з іх. Нават зборы ў дарогу, самі пераезды з месца на месца мне вельмі падабаюцца, таму што дазваляюць адключыцца ад паўсядзённай мітусні.

— А наогул удаецца знаходзіць час для паўнавартаснага адпачынку?

— Лепшы адпачынак для мяне — гэта вандроўкі, прычым пажадана за мяжу, але і ў нас ёсць добры выбар. Часу, вядома, не хапае. З іншага боку, калі я сур'ёзны, прымаю адказныя рашэнні на працы, то маю патрэбу ў вызваленні энергіі. Мне трэба часам пабыць дзіцем, што я магу дазволіць сабе ў коле сваёй сям'і і вельмі блізкіх сяброў.

Каштоўнасць сапраўднага поспеху

— Жонка ў вас таксама творчая асоба. Лёгка ўжывацца дваім такім людзям у адным доме?

— Тут ёсць свае асаблівасці. З аднаго боку, тое, што мы людзі творчыя — гэта свята для нашых дзяцей і блізкіх, калі мы збіраемся ўсе разам. Але, прыадкрыю заслону таямніцы, не заўсёды лёгка ўжывацца дзвюм творчым асобам, калі разглядаць сітуацыю з пазіцыі паспяховасці. Бывае складана пераадолець сітуацыю, дзе адзін з вас дабіваецца большага, а другі адчувае канкурэнцыю ў гэтым. Важна ўмець такі момант канкурэнцыі і, магчыма, нейкай зайздрасці перавесці ў радасць за блізкага чалавека. Мы такое праходзілі.

— Неяк вы сказалі, што чалавек без сям'і — нібы пустая пасудзіна. Калі прыйшлі да такой высновы?

— Калі сказаў бы, што такая пазіцыя была ў мяне з юнацтва, то пакрывіў бы душой. У мяне рана з'явіліся дзеці, сям'я. І звычайна сем'і, дзе ўсё так складваецца, не заўсёды застаюцца разам. У нас атрымалася, і цяпер і нам добра, бо маладыя яшчэ, і дзецям, якія ўжо падраслі. На маю думку, да высноў пра важнасць сям'і кожны мужчына прыходзіць з вопытам і ў свой час. Я нават не магу сказаць, быццам бачыў гэта на чыімсьці прыкладзе. Мяне ўсё жыццё бацькі вучылі рабіць высновы з чужых памылак, але мне такая тактыка не падыходзіць. Пакуль сам нешта не адчуеш і не пройдзеш, то не зразумееш важнасць і каштоўнасць сям'і. Сёння, калі ў маім жыцці ёсць мае дзеці, жонка, цеплыня іх позіркаў, дом, то я разумею, дзе магу шукаць падтрымку і паратунак ад любых праблем. А яны, паверце, былі, і дастаткова складаныя. Няхай у цябе няма ні капейкі і жыццё ідзе так і сяк, але ты прыходзіш дадому, і там цябе ратуе падтрымка блізкіх...

— Вам даводзілася ў жыцці прайграваць і губляць?

— Так, але рэдка. Я вельмі настойлівы і дастаткова цярплівы. Калі імкнуся нечага дасягнуць, то ніколі не кіну распачатай справы. Няхай і праз год, але дайду да мэты. Аналізуючы некаторыя моманты ў працы і ў асабістым жыцці, разумею, што ўсё магло скласціся іначай. Упэўнены, калі гадамі працаваць і мець цярпенне, то магчыма дасягнуць жаданага. Для параўнання, я ў свой час прыйшоў на радыё, і галоўнае маё памкненне было ў тым, каб даказаць сабе і іншым, што я магу. А цяпер многіх маладых людзей цікавіць перш за ўсё, колькі ім заплацяць. На маю думку, людзі не дасягнуць нічога з такім падыходам, бо ўсё гатовае і адразу не атрымаеш.

— Пра заваяванне нейкіх вышынь для сябе яшчэ задумваецеся?

— Заваяванне вяршынь — пытанне ўжо не для мяне. Я маю пэўны жыццёвы вопыт і не хацеў бы нічога мяняць кардынальна. У працы я раблю ўсё, каб дасягнуць таго ўзроўню, якім буду задаволены. Хачу быць добрым вядучым і прадзюсарам, бо ў гэтым я знайшоў сябе. У маладосці было жаданне зрабіць кар'еру, а цяпер прыйшло разуменне, што вось пабудую дом недалёка ад горада і буду жыць там, прымаючы гасцей. Вось у чым мая вяршыня шчасця.

Алена ДРАПКО.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.