Вы тут

Гары яно гарам?


Жудасныя прыкметы сёлетняй вясны

Гэты сонечны бясснежны сакавік са сваімі сухавеямі, якія падсцерагаюць у завулках 

і на скрыжаваннях, — як закляты. Гараць жывыя людзі. Я, шчыра кажучы, з раніцы ўжо баюся адкрываць стужку навін: абавязкова выскачыць загаловак кшталту «Пры спальванні сухой расліннасці загінуў (варыянт: моцна абгарэў) чалавек». І так кожны дзень, прынамсі, апошні тыдзень. Геаграфія — уся краіна: Ветка, Касцюковічы, Смаргонь. Сёння, напрыклад, палічылі оптам:
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях лаканічна паведаміла, што за апошнія суткі з-за ўсё тых жа рукатворных пажараў загінулі пяць чалавек. Усяго з пачатку года жудасную смерць самі сабе такім вось чынам «арганізавалі» адзінаццаць няшчасных. Пры гэтым абгарэла амаль тысяча трыста гектараў зямлі, полымя злізала восем жылых дамоў і больш за сорак гаспадарчых пабудоў. Колькі ў ненажэрнай стыхіі згінула дабра, дакументаў, фотаздымкаў, свойскай жыўнасці — статыстыка ратавальнікаў замоўчвае.

Такое ўражанне, што разам з агнём, які жвава падганяе вясёлы вясновы ветрык, па нашай зямлі коціцца эпідэмія. Звычайнай чалавечай безадказнасці і, выбачайце, дурасці. Сюжэты падобных здарэнняў амаль аднолькавыя, варыянтаў — абмежаваная колькасць. У канцы лета за плотам, а то і на ўчастку вырас высокі бур'ян. Пакуль ён зелянеў-каласіўся — вочы надта за яго не чапляліся, а касіць не хацелася або не было каму. Пасля зімы той самы бур'ян стаіць пачварнай рудой сцяной і вока ўжо зусім не радуе. А парадак наводзіць трэба: і перад людзьмі сорамна, і штраф можна атрымаць. Касіць ці вырываць — гэта ж колькі работы! Чыркнуў запалкай — і ўся справа. Пішуць і гавораць, што гэта небяспечна? Дык гэта, пэўна, у тых, хто пажар зрабіў, рукі не з таго месца растуць. А ў мяне ж усё пад кантролем, я ж, калі што, прыпільную і тут жа хуценька агонь патушу...

Так, пэўна, думала і бабуля з Віцебшчыны, якая, і праўда, агню на сваім участку рады дала, але пры гэтым атрымала такія апёкі, што сканала ў бальніцы. І 41-гадовы дзяцюк з Гомельшчыны, які, «паддаўшы», раптам вырашыў за некалькі хвілін ачысціць двор і, зваліўшыся ў палаючую траву, ужо не падняўся. І вясковец з Магілёўшчыны, які, убачыўшы, што полымя з падпаленай ім травы перакінулася на хату, кінуўся ратаваць нямоглую жонку (а потым — нажытае дабро) і ў чарговы заход з той хаты не вярнуўся...

Трагедыі, жахлівыя не толькі з-за пакутніцкай смерці, якую гэтыя людзі прынялі літаральна па сваёй добрай волі. Яшчэ больш страшныя яны з-за сваёй бессэнсоўнасці, бязглуздасці, калі хочаце. Гэта менавіта той выпадак, калі людзям настойліва гавораць адно (прычым у розных варыяцыях: палохаюць страшнымі наступствамі і значнымі штрафамі, спрабуюць дастукацца да сумлення і міласэрнасці, паказваючы, колькі жывога гіне ў агні). А людзі не менш настойліва робяць з дакладнасцю наадварот. Гуляюць з агнём у самым што ні ёсць прамым сэнсе. Паляць, паляць (бы і праўда апантаныя нейкай адной вар'яцкай заразай) — ратавальнікі штодня фіксуюць па 50-60 выпадкаў узгарання ў кожнай вобласці.

Мне давялося бачыць, як ідзе лавіна агню па сухой траве. Тады ўся вёска, затаіўшы дыханне, назірала, як з-пад Галабурдаў на ўсю шырыню вялізнага поля ідзе на нас яркая рыса, за якой — суцэльнае чорнае. Да вёскі было яшчэ кіламетры тры, наперадзе ў навалы была шыракаватая рачулка, і таму назіралі за ўсім спачатку хутчэй з цікавасцю, ашаломленыя сілай стыхіі. Але калі майскі вецер лёгенька так перакінуў агонь на другі бераг рэчачкі і паміж полымем і вёскай не засталося ніякай перашкоды, стала рэальна страшна. Кінуліся выклікаць пажарнікаў, тыя прымчалі хутка, але машына засела ў непрасохлай пасля зімы зямлі. І тады ратаваць свае дамы ад навалы выйшлі ўсе — і старыя, і малыя. Агонь патушылі ўжо амаль каля першых платоў. Таго, хто дзесьці далёка ад вёскі падпаліў сухастой, кабеты клялі апошнімі словамі.

З таго часу мінула ўжо амаль дваццаць гадоў, а адчуванне страху — рэальнага, асабістага — засталося. Можа, таму ў нас вогнішчы на ўчастках — з'ява вельмі рэдкая, і то ў ціхае надвор'е. А ўжо калі хто з новых дачнікаў возьмецца падпальваць смецце каля хаты — хай ад мясцовых бабуль літасці не просіць: прымусяць і патушыць, і вадой заліць, каб нават не дымела. Мае землякі добра засвоілі дадзены стыхіяй урок. Як, спадзяюся, засвояць і тыя, чые суседзі сёлета зажыва згарэлі ва ўласнаручна разведзеным агні...

Але чаму, каб наш чалавек штосьці зразумеў, урокі павінны быць такімі страшнымі і датычыцца кожнага асабіста?

Я вось яшчэ пра што думаю. Нярэдка даводзіцца чуць, што людзі, падпальваючы сухастой, наводзяць парадак «дзедаўскім спосабам». Вось тут хочацца паспрачацца: хоць спосаб і варварскі, але зусім не «дзедаўскі». Дзяды і прадзеды так не рабілі. Прынамсі, нідзе не зафіксавана, каб з-за таго, што нехта чысціў участак агнём, згарэлі хаты ці загінулі людзі. Зямлю продкі паважалі, атаясамлівалі яе з жывой істотай, з маці-карміцелькай. Яе не запускалі бур'янам, не «будзілі» да Радаўніцы, ёй асцерагаліся лішні раз зрабіць балюча.

А што цяпер? Гары яны гарам, тыя дзедаўскія прымхі ды сучасныя забароны?

Вось яно і гарыць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».