Вы тут

Сезон нарыхтоўкі бярозавіку пачаўся


А купіць гараджаніну карысны прадукт па-ранейшаму няпроста

У Бярозаўскім лясніцтве Пружанскага лясгаса сезон нарыхтоўкі пачаўся тыдзень таму. Сама назва вёскі Бярозавічы сведчыць, што тут спакон веку добра растуць бярозы. Ды ляснічы Міхаіл Калодзіч лічыць сёлетнюю вясну не самай ураджайнай на сок. Для шчодрага сокаруху патрэбна вільгаць. А мінулай зімой снегу было — кот наплакаў. Вось і не набралі дрэвы вільгаці столькі, колькі бывае яе снежнай зімой. Ды і цяпер на Пружаншчыне кожную ноч падмарожвае не на градус-другі, а значна больш. Таму ноччу мяшкі фактычна стаяць пустыя, і толькі ранкам з першымі промнямі сонца пачынаецца актыўны рух соку.

20-30

 

Хоць і не такімі тэмпамі, як хацелася б, але лясніцтва адгружае штодня тоны соку прадпрыемствам, з якімі мае дагавор, а таксама прадае гаючы напітак насельніцтву. Людзі прыязджаюць на дзялянку сваім транспартам і купляюць патрэбную колькасць прадукцыі па цане 1200 рублёў за літр.

У Пружанскім лясгасе дзевяць лясніцтваў, і ўсе прыступілі да нарыхтоўкі соку. Паводле слоў вядучага інжынера Брэсцкага лесагаспадарчага аб'яднання Уладзіміра ІЛЬЮКЕВІЧА, праблем з набыццём свежага бярозавіку для гараджан няма, хто хоча, той можа паехаць на дзялянку і нарыхтаваць яго. Арганізоўваць продаж у горадзе і клопатна, і нязручна, лічаць брэсцкія лесаводы.

Але многія гараджане не пагадзіліся б з такой думкай. Па-першае, паехаць і купіць у бліжэйшым ад абласнога цэнтра лясніцтве сёння немагчыма. Трэба, як мінімум, запісацца ў чаргу амаль за тыдзень. Тады табе прызначаць дзень і час. І яшчэ — далёка не ва ўсіх ёсць машыны. Грамадскі транспарт, як вядома, у лес не ходзіць.

У горадзе жыве нямала пенсіянераў, адзінокіх людзей, якія з задавальненнем купілі б сок, каб яго дзе-небудзь прадавалі. Бярозавік настойліва рэкамендуюць урачы пры такіх захворваннях, як мочакаменная хвароба, пры некаторых паталогіях нырак, страўніка. Напітак трэба ўжываць не раз, не два, а прымаць курсам хаця б на працягу 10 дзён і менавіта свежым. І нават калі паехаць і купіць адразу літраў сто, то праз два-тры дні бярозавік пачынае закісаць. Каб было дзе, чалавек хадзіў бы і купляў праз дзень свежы сок. Як, напрыклад, у Слоніме, дзе бярозавік прадаюць у двух пэўных месцах з 11 да 17 гадзін. Патэлефанавала дырэктару Слонімскага лясгаса Аляксею ВАЙЦЯХОВІЧУ з пытаннем, як ім удалося арганізаваць такую работу. Усе ж спасылаюцца на нейкія завоблачныя прэтэнзіі санітарных службаў. Аляксей Міхайлавіч сказаў, што і да іх былі адразу пытанні з боку Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Але ж праблема аказалася вырашальнай. Усе асноўныя ўказанні раённай санітарыі выканалі. І ўжо другі год прадаюць сок насельніцтву: пакупнікі вельмі задаволеныя, прадукцыя карыстаецца попытам.

Сёлета толькі лянівыя сайты альбо выданні не напісалі, які ажыятаж вакол соку стварылі СМІ ЗША і Вялікабрытаніі. Самыя рэйтынгавыя тэлевядучыя запрашаюць у студыі зорных артыстаў, і тыя расказваюць, як яны адмовіліся ад прывычнай какосавай вады і перайшлі на бярозавую. Самыя тыражныя брытанскія і амерыканскія газеты пішуць пра гаючыя ўласцівасці бярозавага соку і як вынік — кошт упакоўкі бярозавіку даходзіць у іх да 50 долараў. У нас жа бярозавы сок любілі і ўжывалі з даўніх часоў. Побач з любым горадам растуць бярозы, ідзе нарыхтоўка гаючага напітку, а вось зрабіць яго даступным для шырокіх слаёў насельніцтва няма ахвочых. Калі нават у Слоніме чэргі выстройваюцца, то ў Брэсце пакупнікоў, трэба думаць, было б ніяк не менш. Уладзімір Ільюкевіч у размове з карэспандэнтам сказаў, што ніхто не скардзіцца на такое становішча. Дык няўжо трэба скардзіцца, званіць на «прамую лінію» губернатару, пісаць лісты ў выканкамы? І вось тады, калі б выйшла распараджэнне зверху, можа, нехта і пачаў бы варушыцца. А так каманды не было. План, вядома, лягчэй выконваць, працуючы з прадпрыемствамі. Каб не абцяжарваць сябе лішнім клопатам з гарадскім гандлем насельніцтву, заўсёды можна спаслацца на строгасць санітарных службаў, няхватку цыстэрнаў альбо яшчэ на што-небудзь.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.