Вы тут

Непедагагічная паэма


Карэспандэнт «Звязды» паспрабавала разабрацца, чаму былая маці-выхавальніца з Клімавіч атрымала такі жорсткі прысуд

Тое, што адбылося ў прыёмнай сям'і Ірыны і Віктара Моцных, і сёння ніяк не ўкладаецца ў галаве. Летась жанчыну абвінавацілі ў неналежным выкананні сваіх абавязкаў і забралі з сям'і шасцярых непаўналетніх дзяцей, якія знаходзіліся ў яе на выхаванні. Сама жанчына была прыцягнута да крымінальнай адказнасці адразу па некалькіх артыкулах — за злоўжыванне правамі апекуна; катаванне непаўналетняга альбо асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным або ў залежным становішчы; за абмежаванне асабістай свабоды чалавека. У снежні адбылося закрытае пасяджэнне Клімавіцкага суда, на якім Ірыне Моцнай вынеслі суровае пакаранне — 4 гады пазбаўлення волі. Абласны суд, які нядаўна разглядаў касацыйную скаргу гэтай жанчыны, пакінуў прысуд без змянення. Пасяджэнні ў інтарэсах непаўналетніх дзяцей праходзілі за зачыненымі дзвярыма, аднак нам расказалі некаторыя падрабязнасці гэтай гучнай крымінальнай справы. Але спачатку нагадаем, з чаго ўсё пачалося.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сямейныя таямніцы

Як атрымалася, што жанчына, якая болей за 10 гадоў займалася выхаваннем чужых дзяцей, раптам трапіла на лаву падсудных? Леташні скандал і насамрэч меў шмат парадоксаў. Падчас наведвання дзіцячага дома сямейнага тыпу Моцных у мінулым жніўні сама спачатку не разумела, у чым правінілася прыёмная маці. Мяне сустрэла разгубленая жанчына, якая горача расказвала пра тое, як усе яе зневажаюць і парушаюць яе правы. Спачатку далі дзяцей, потым забралі. Ды яшчэ абвінавацілі, што яна іх крыўдзіла. А яна толькі для іх і старалася!

Дом, здавалася, быў створаны для шчасця. Усюды прыбрана, на палічках фота дзяцей, рэчы, зробленыя іх рукамі, шмат кніг, спартыўны інвентар, музычныя інструменты. Крыху здзівіў невялікі замок на кніжнай шафе, але жанчына патлумачыла, што там ў асноўным яе метадычная літаратура. Маўляў, сама педагог і перыядычна праглядае дапаможнікі. А дзіцячых кніг хапае і ў іншых шафах, доступ да якіх вольны. Пра шчаслівае дзяцінства сведчыла і ёмістая папка, якую ўручыла Моцная. Там было шмат падзячных лістоў на дзяцей і хвалебных публікацый з газет. На сумесных здымках яны ўсе выглядалі задаволенымі. Кажуць, што Моцную дзеці звалі не інакш, як мама. І гэта пры тым, што яна па сутнасці была ім чужой жанчынай, звычайнай апякункай. Усё гэта дрэнна вяжацца з тым, што тут адбылося.

Чорная паласа ў жыцці Ірыны Моцнай пачалася з таго моманту, калі яе муж Віктар скончыў жыццё самагубствам. Дакладней, крыху раней, калі ў дом прыйшла трывожная навіна, што ў Мінску былая прыёмная дачка зрабіла няўдалую спробу суіцыду. Дзяўчына трапіла ў бальніцу і Віктар разам з жонкай памчаліся да яе. Але ў палату паднялася толькі Ірына, муж чамусьці застаўся ў машыне. А калі яна вярнулася, Віктара там ужо не было. Шакіруючая навіна, што ён павесіўся на дрэве каля той самай бальніцы, напаткала Ірыну па дарозе да Клімавіч. Пасля гэтага ўдары лёсу сыпаліся на жанчыну адзін за адным. Наступным стаў зварот родных дзвюх яе выхаванак у міліцыю. Маўляў, дзяўчынак у доме Ірыны Моцнай фізічна каралі. Камісія раённага аддзела адукацыі паспрабавала разабрацца на месцы ў чым справа, але на момант яе візіту адна з тых самых дзяўчынак адсутнічала. Прыёмная маці не магла даходліва растлумачыць, дзе знаходзіцца дзіця. Спачатку называла адзін населены пункт, потым іншы. Нарэшце паабяцала прывезці яе на наступны дзень, але зрабіла гэта толькі на другі, калі справай занялася міліцыя. Падзеі адбываліся 9-10 чэрвеня, а 12 чэрвеня райвыканкам прыняў рашэнне аб скасаванні дагавора аб далейшым супрацоўніцтве з Ірынай Моцнай. Дзяцей забіралі на працягу амаль 2 тыдняў. Жанчына палічыла рашэнне райвыканкама неправамоцным і адмовілася іх аддаваць. Але пасля таго, як яна паспрабавала выехаць з імі у Мінск, у справу зноў умяшалася міліцыя.

У «вожыкавых» рукавіцах

Прыадкрыць таямніцу нашумелай крымінальнай справы згадзіўся пракурор Клімавіцкага раёна Сяргей Рашук. Факты, пра якія ён расказаў, і сапраўды ўражваюць. Таму ў інтарэсах непаўналетніх дзяцей, якім і так у жыцці прыйшлося не салодка, іх імёны зменены.

— Найбольш пацярпелі ад гэтай жанчыны Марына і Святлана, — паведаміў Сяргей Рашук. — Дзяўчынкі трапілі ў прыёмную сям'ю ў кастрычніку 2012 года, адной на той момант было 7 гадоў, другой 9. Першыя месяцы, па іх словах, у доме Моцных ім падабалася, але пасля пачаліся пагрозы, абразы, здзекі з боку прыёмнай маці. Нагодай «для выхавання» магла стаць затрымка са школы, дрэнна вывучаныя урокі, падман, спроба пярэчыць, нават энурэз адной з дзяўчынак. З красавіка 2013-га па чэрвень 2014-га Ірына Моцная час ад часу прымушала іх стаяць каленкамі на грэчцы некалькі гадзін запар або біла складзеным некалькі разоў электрычным шнуром. Дарэчы, апошняя экзекуцыя называлася «атрымліваць белага прута». Аднойчы Марыне дасталася гэтым «прутом» за тое, што яна адрэзала сабе кавалак пакінутай на стале каўбасы. Яе білі і патрабавалі, каб яна лічыла колькасць удараў. Здзекі трэба было перанасіць моўчкі, плакаць і крычаць забаранялася. Быў выпадак, калі яе разам з сяброўкай па дзіцячым доме пакаралі за тое, што яны ўпотай з'елі па кавалку не прызначанага для іх мяса. Пасля іх на некалькі гадзін пасадзілі пад замок у куратнік.

Яшчэ больш уразілі здзекі са Святланы. Яе абвінавацілі ў крадзяжы і, каб вырваць прызнанне, заціскалі пальцы ў дзвярах. Пры гэтым ахвяра павінна была ў голас лічыць да дзесяці. Адна з дзяўчынак узгадала эпізод, калі выхавальніца засунула расчоску ёй у рот і там зламала. З роту хлынула кроў. Ёсць прылад барацьбы з дрэннымі адзнакамі, калі вінаватага хлопчыка прымушалі вылізваць памылкі са сшытка. Дзеці сведчылі, што іх звычайна каралі асобна за зачыненымі дзвярыма. Астатнія маглі толькі чуць крыкі і плач.

— Самым загадкавым момантам ў гэтай гісторыі было знікненне адной з дзяўчынак, калі ў дом Ірыны Моцнай прыйшла раённая камісія. Жанчына спрабавала ўсіх заблытаць, называла то адзін населены пункт, то другі. Нават казала, што яна ў Расіі.

— Дзяўчынка расказала, што прыкладна за 10 дзён да гэтага візіту прыёмная маці так адлупцавала яе тапкам па твары за нямыты посуд, што ў той з носу пайшла кроў, а пад вачыма з'явіліся сінякі. А потым амаль тыдзень яе трымалі ў падвале дома. Выходзіць дазвалялася толькі паесці і паспаць. На ключ падвал не замыкалі, але, як прызналася дзяўчынка, яна баялася яшчэ больш раззлаваць сваю выхавальніцу. Знаходзілася яна там нават тады, калі ў дом прыходзіў міліцыянер і пытаўся пра яе. Але выйсці не адважылася. У той жа дзень Моцная адвезла яе ў суседні раён да родных. І загадала, каб яна нікому не расказвала пра тое, што адбылося. На наступны дзень жанчына вярнулася за дзяўчынкай і зноў прывезла ў Клімавічы. Пасля гэтага ўсіх непаўналетніх выхаванцаў былога дзіцячага дома сям'і Моцных даставілі ў магілёўскую «SOS-вёску».

— Цяжка зразумець, што такія метады выхавання прымяняў чалавек з вышэйшай педагагічнай адукацыяй. Прычым на працягу даволі доўгага часу. Чаму ж маўчалі дзеці?

— Тлумачаць, што баяліся. Маўляў, ім пагражалі: калі паскардзяцца, будзе яшчэ горш. А яшчэ абмяжоўвалі ў жаданнях бачыцца і нават размаўляць з роднымі. Казалі, што нічому добраму яны не навучаць, што яны ад іх наогул адракліся. Але, як прызналіся дзеці, іх больш за ўсё стрымліваў страх тых самых пакаранняў.

Пра тое, што далёка не ўсё так ідэальна было ў доме Моцных, сведчаць аўдыя- і відэадоказы з вочных ставак, паказанні відавочцаў, шмат розных дакументаў. Сярод іх даведкі судова-медыцынскіх экспертыз, якія пацвярджаюць фізічныя здзекі з Марыны і Святланы. Ёсць таксама прызнанне самой Ірыны Моцнай за яе ж подпісам. Яна каялася ў тым, што вельмі жорстка карала дзяцей, што на грэчку ставіла, біла папругай, заціскала ў дзвярах пальцы... Свае жорсткае абыходжанне жанчына тлумачыла тым, што дзеці з асацыяльных сем'яў былі разбэшчаныя і не разумелі іншых аргументаў. Яна ж жадала ім лепшага, каб яны не мелі шкодных звычак, не кралі і не хлусілі.

Злачынства і пакаранне

Чамусьці ўспомнілася казка пра Папялушку з яе жорсткай мараллю: чужыя дзеці ніколі не стануць сваімі. Нават такія прыкладныя, як сама Папялушка. А дзеці з цяжкіх сем'яў далёка не анёлы. І тых, хто бярэцца назваць іх, хай нават умоўна, сваімі сынамі і дочкамі, можна лічыць гераічнымі людзьмі. Ведаю прыёмную маці, якая мужна нясе цяжкі крыж па выхаванні сапраўды складанага дзіцяці, не здзекуецца з яго і не папракае, што ён не падобны да іншых. Магла б адмовіцца, але не хоча здраджваць. Ведае, што гэтым зробіць яму балюча. А яшчэ сумняваецца, што наступныя выхавальнікі будуць ставіцца да яго так, як яна, памяркоўна і не падштурхнуць зрабіць неасцярожны крок. На жаль, гэта таксама здараецца ў прыёмных сем'ях. Камусьці не хапае цярпення, камусьці вопыту.

Вось і Ірына Моцная, кажуць, прызнавалася, што часам адчувала сябе бездапаможнай, а пасля «выхавання» дзяцей адчувала сябе дрэнна. Ёй бы абмеркаваць праблемы са спецыялістамі, прызнацца, што не па сілах ноша, аддаць дзяцей і не мучыць ні іх, ні сябе. Але яна маўчала і здзекавалася.

У сваіх касацыйных скаргах былая прыёмная маці прасіла замяніць пакаранне ўмоўным, улічыць тое, што яна ніколі не мела праблем з законам і мае сур'ёзныя захворванні. Але факты — рэч упартая. Як адзначыла намеснік старшыні абласнога суда Святлана Бурака, нельга было не згадзіцца з высновамі Клімавіцкага суда і падвергнуць сумненню справядлівасць і законнасць пакарання. Такія выпадкі, калі парушэнні ў дачыненні да непаўналетніх класіфікуюцца адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, наогул вялікая рэдкасць ў судовай практыцы.

Магчыма, хтосьці ўспомніць пра сваё цяжкае дзяцінства, маўляў, мяне таксама білі, а вось вырас жа нармальным чалавекам. Але ці добра гэта, калі жаданне стаць «нармальным» фарміруецца праз здзекі і прыніжэнні? Ёсць нормы маралі, якія мы ўсе павінны выконваць. Іх сутнасць калісьці добра перадалі класікі. «Чалавек заўсёды ў адказе за тых, каго прыручыў» і «Свет не варты нават адной слязінкі дзіцяці.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.