Вы тут

«Нельга быць злым, галодным і адзінокім»


Як беларусы лечацца ад залежнасцяў

Днямі з'явілася навіна, што Міністэрства гандлю збіраецца абмежаваць час продажу спіртнога. Набываць выпіўку ў перспектыве можна будзе з 9.00 да 22.00. З улікам нашай сумнай алкагольнай статыстыкі, захад сапраўды слушны. Не верыце, што алкагалізм маладзее, а наркотыкі даступныя школьнікам? Зазірніце ў аддзяленне наркалогіі. Там пераважна юнакі. Некаторыя, праўда, хочуць вылечыцца. Так, у 21-е рэабілітацыйнае наркалагічнае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя па дапамогу звяртаюцца людзі з алкагольнай, наркатычнай і гульнявой залежнасцю. Як выпівохі стрымліваюць сябе, каб не пайсці ў запой, і чаму на спайс «падсаджваюцца» школьнікі, чытайце ў нашым рэпартажы.

20-22

Лячэнне кіслародам

У 21-м аддзяленні зараз знаходзіцца 50 пацыентаў. Дзесяць з іх — на платнай аснове (250 тысяч у дзень, за ананімнасць).

— Ёсць людзі, якія кладуцца сюды па некалькі разоў. Неабавязкова таму, што «зрываюцца». Чалавек можа папрасіцца ў стацыянар, каб замацаваць эфект ад тэрапіі, хоць сам у рэмісіі на працягу некалькіх гадоў, — тлумачыць загадчык 21-га аддзялення Уладзімір ІВАНОЎ, які распрацаваў унікальны тэрапеўтычны курс для хворых з залежнасцю.

Каб дапамагчы пацыентам пераадолець цягу да алкаголю ці наркотыкаў, прымяняецца комплекснае лячэнне. Медыкаменты, псіхатэрапія, тэрапеўтычная праграма «Каўчэг», 12 крокаў ананімных алкаголікаў, спецыяльныя фільмы і літаратура... У цэнтры фарміруюць у хворых устаноўку на цвярозасць і навучаюць тэхналогіям падтрымання цвярозага ладу жыцця ва ўмовах штодзённай рэальнасці. Курс рэабілітацыі ў аддзяленні звычайна доўжыцца тры тыдні. Далейшую дапамогу можна атрымаць у грамадскім аб'яднанні «Абуджэнне», дзе ўвечары працуюць бясплатныя псіхалагічныя групы не толькі для алкаголікаў і наркаманаў, але і для іх родных. Паводле слоў Уладзіміра Уладзіміравіча, пазабальнічная частка рэабілітацыйнай праграмы значна павышае эфектыўнасць тэрапіі.

Само аддзяленне хутчэй нагадвае санаторый, чым бальніцу. Хворыя наведваюць басейн, спартыўны зал, ходзяць на фізія-
працэдуры. Ад залежнасцяў тут лечаць...
кіслародам. Сеансы такой тэрапіі праводзяцца ў баракамерах (яны нагадваюць батыскаф), куды кісларод паступае пад высокім ціскам. Гэта павялічвае ўзровень клеткавага дыхання ў мозгу, органах і тканках.

20-21

«На эйфарыі не п'ю»

Ідзём знаёміцца з пацыентамі. Для некаторых з іх алкагалізм — справа сямейная. 31-гадовая Жэня прыехала сюды разам з мужам. Пяты раз. Двойчы жанчына клалася без зрываў: паспявала злавіць той момант, калі адчувала, што маральна становіцца горш. Цяпер не стрымалася. Муж набраў крэдытаў, запіў — Жэня пару дзён пазлавалася і запіла ўслед за ім. Дваіх маленькіх дзяцей пакуль даглядае бабуля.

— Гадоў 7 таму я зразумела, што ў мяне праблемы з алкаголем, — расказвае жанчына. — Не бывае такога, каб я піла толькі дзень. Запоі зацягваліся мінімум на паўтыдня. Самой выйсці з гэтай сітуацыі складана. Цяга прысутнічае пастаянна, кожныя паўгода — вясной і восенню — у мяне абвастрэнні. Тут добрае месца. Шмат груп (сеансы з псіхолагамі, сходы ананімных алкаголікаў), таму цэлы дзень занятая. Ведаеце, якія першыя рэкамендацыі псіхатэрапеўтаў? Нельга быць злым, галодным і адзінокім. Я, напрыклад, на эйфарыі ніколі не п'ю.

Дарэчы, да сустрэч з псіхолагамі і да розных псіхатэхнік многія пацыенты спачатку ставяцца скептычна. Але пасля прызнаюцца, што менавіта такая тэрапія аказваецца найбольш дзейснай.

Гену, які ў завязцы больш за год, — 30. У Навінкі звярнуўся, калі ўбачыў, як спецыялісты аддзялення дапамаглі яго цётцы і бацьку.

— Як ты тут апынуўся? Не за адзін жа дзень людзі співаюцца, — пытаемся ў маладога алкаголіка.

— Вядома, не. Я 16 гадоў да гэтага ішоў. Думаў, асяроддзе вінавата. Але кампанію кожны выбірае сабе сам.

— Цяпер не п'еш нават па святах?

— А навошта ўжываць, калі і так сябе добра адчуваеш? Выпіць можна, толькі чым гэта скончыцца потым? Ёсць людзі, якія і па 7, і па 8 разоў кладуцца сюды. А сэнс? Жыць у гэтым аддзяленні?

«Стала страшна, што страчу розум»

Сярод наркаманаў, якія лечацца ў 21-м аддзяленні, хапае тых, хто «падсеў» на спайс. І ўсе — юнакі.

— Уласцівыя маладым людзям інфантылізм, эмацыянальна-валявая няўстойлівасць, нізкая супраціўляльнасць націску рэферэнтнай групы спрыяюць хуткаму фарміраванню сіндрому залежнасці ад спайсаў, — тлумачыць Уладзімір Уладзіміравіч. — Гэтыя сінтэтычныя наркотыкі выклікаюць залежнасць на псіхалагічным і фізічным узроўні ўжо праз некалькі тыдняў ад пачатку ўжывання. А цяжкія медыцынскія наступствы — зніжэнне памяці, інтэлекту, развіццё шызафрэнападобных псіхозаў — складана паддаюцца лячэнню.

20-20

У адной з палат знаходзіцца хлопец Ілья. Спайс ён паспрабаваў у восьмым класе. У «паслужным спісе» юнака псіхіятрычнае аддзяленне ў Навінках, дзіцячая псіхіятрыя адной з мінскіх бальніц, суіцыднае аддзяленне. Сюды Ілья прыехаў некалькі дзён таму, і заўважна было, што абыходзіцца без наркотыкаў яму пакуль няпроста: увесь час, што мы размаўлялі, хлопец нервова заломваў сабе пальцы.

— За пяць дзён я так павялічыў дозу, як раней набіваў за год, — расказвае падлетак. — Маці пачала пілаваць: едзь у бальніцу або сыходзь з дому. Самому стала страшна, што страчу розум. Мае сябры ўжо дагуляліся. Хтосьці сядзіць у турме, іншыя — на тым свеце. Спайс вельмі лёгка дастаць. Адкуль у школьнікаў грошы на наркотыкі? Падманваюць бацькоў, быццам ідуць у кіно ці ў трэнажорку, і просяць на гэта некалькі сотняў, крадуць, становяцца пасярэднікамі.

У калідоры мы разгаварыліся з Максімам. Невысокі, з выгляду нармальны хлопец — думала спачатку, прыйшоў адведаць кагосьці са знаёмых — аказаўся наркаманам з 12-гадовым стажам. За мінулы год юнак пахаваў шасцярых залежных прыяцеляў. Выпісвацца з аддзялення пацыент не спяшаецца: пакуль не ўяўляе, як стрымаць сябе «на волі».

— Разумееш, залежны чалавек пастаянна думае пра дозу. Я не магу атрымліваць асалоду ад таго, што проста шпацырую па вуліцы ў добрае надвор'е і ем марозіва. Без дозы я нават з дзяўчынай пераспаць не магу, — прызнаецца Максім.

Хлопец расказаў, што некалі працаваў намеснікам начальніка СТА, зарабляў каля дзвюх тысяч долараў і важыў на 20 кілаграмаў больш. За свае 24 гады Максім ні разу не быў у тэатры, але, як толькі пачне здаровы лад жыцця (калі гэта можна так назваць), збіраецца наведаць спектакль ці мастацкую выставу.

— І вы ўсяму паверылі? — аклікае нас з фотакарам і дзяўчынай-інтэрнам псіхолаг Іна КАЛАСОЎСКАЯ. — Наркаманы любяць хлусіць. Хоць нашы пацыенты стараюцца быць шчырымі і сапраўды хочуць вярнуцца да нармальнага жыцця.

Даступныя гульнявыя аўтаматы і піўны алкагалізм

У дзень нашага візіту гульняманаў у аддзяленні не было. Такія пацыенты ўвогуле апошнім часам радзей паступаюць. Не таму, што залежных ад азарту стала меней. Проста большасць гульняманаў у дадатак хварэюць на алкагалізм ці наркаманію, і гэтымі праблемамі трэба займацца найперш. Узгадваюць пацыента, які не заходзіць у казіно ўжо 18 гадоў: прайграў вялікую суму і вырашыў больш не рабіць ставак. Хоць залежнасць засталася і адбілася на асобе. У мужчыны алексітымія: у 40 гадоў ён не можа перадаваць свае эмоцыі.

Іна Сяргееўна мяркуе, што ў распаўсюджванні залежнасці ад азарту трэба вінаваціць гульнявыя аўтаматы. «У казіно не ўсе пойдуць: для гэтага трэба мець мінімум 100 долараў. Моладзь і школьнікі прасаджваюць грошы ў аўтаматах. Гэтыя апараты неабходна было б схаваць у падвалы, як гэта робіцца ў еўрапейскіх краінах».

Пакуль мы размаўлялі з псіхолагам, Уладзімір Уладзіміравіч прывёў да яе ў кабінет чарговую, зусім маладзенькую, пацыентку. Дзяўчына трапіла сюды з-за... піва.

— Хоць большасць і не хоча верыць, піўны алкагалізм існуе. Вось перад вамі прыклад. А ўсё таму, што ў 90-я, калі піва стала набываць папулярнасць, яно не пазіцыянавалася як алкагольны напой. Цяпер складана пераканаць людзей, што бутэлька «цёмнага» кожны дзень — гэта ненармальна, — кажа нарколаг.

Спрыяе тут, безумоўна, і даступнасць спіртнога. І ўсё ж... Чалавечы фактар ніхто не адмяняў. Мы жывём не ў інфармацыйным вакууме, і наступствы алкагольнай ці наркатычнай залежнасці добра вядомыя. Навошта перакладваць віну за сапсаванае жыццё на прадаўцоў ці кампанію? У кожнага свая галава на плячах.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.