Вы тут

Адатак на дармаедства ўзаконяць дэкрэтам


Аднак плаціць яго будуць не ўсе беспрацоўныя

Пра гэта ўчора паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Міхаіл Расолька.

Хто ёсць хто

Спецыяліст адзначыў, што адпаведны праект дэкрэта аб стымуляванні занятасці грамадзян унесены ў Савет Міністраў Беларусі. Цяпер Саўмін ва ўстаноўленым парадку ўзгадняе праект дэкрэта з іншымі органамі, пасля чаго дакумент будзе ўнесены кіраўніку дзяржавы на разгляд.

Міхаіл Расолька патлумачыў, што ў праекце дэкрэта выразна прапісана, каму прыйдзецца заплаціць падатак на дармаедства, а каму не. Дакументам пакуль прапісана такая норма: плаціць такі падатак не павінны, напрыклад, бацькі малалетніх дзяцей і інваліды. Прадстаўнік міністэрства падкрэсліў, што дэкрэт накіраваны на тое, каб ліквідаваць практыку, калі працаздольныя грамадзяне, якія афіцыйна нідзе не працуюць, атрымліваюць ценявыя даходы, не плацяць падаткі і пры гэтым карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі выгодамі, прадастаўленымі дзяржавай.

Рэшткі тавараў прададуць і без дакументаў

Намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка закрануў праблемную сітуацыю, у якую трапілі асобныя індывідуальныя прадпрымальнікі. Прынятыя на ўзроўні кіраўніка дзяржавы рашэнні дазволяць сёння ім цывілізавана завяршыць продаж рэшткаў тавараў легпрама, увезеных без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё. Прынятыя рашэнні спадар Каменка ахарактарызаваў як абсалютна своечасовыя і правільныя. «А ў выніку гэта дае магчымасць годна і цывілізавана завяршыць працэс продажу рэшткаў тавараў, а падатковай службе — пракантраляваць законны рух атрыманых даходаў», — сказаў намеснік міністра.

У міністэрстве ёсць упэўненасць, што неабходныя папраўкі ў заканадаўства, якія спатрэбяцца для падаўжэння тэрмінаў і вызначэння парадку рэалізацыі рэшткаў тавараў прадпрымальнікамі, будуць прыняты ў кароткія тэрміны і ўжо на працягу тыдня будзе завершана распрацоўка адпаведнага прававога акта. Далей чыноўнік заўважыў, што 17 сакавіка прадпрымальнікам дазволілі прадаваць рэшткі тавараў на старых умовах да 1 студзеня наступнага года. Нагадаю, што згодна з нормамі ўказа ад 16 мая 2014 года №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі» гэты тэрмін мінуў 1 сакавіка. Аднак, улічваючы скаргі прадпрымальнікаў, было прынята рашэнне распрацаваць нарматыўны прававы дакумент, які канчаткова ўрэгулюе гэтае пытанне.

Таму ўрад і бізнес-саюзы распрацавалі дапаўненні і змяненні ва ўказ №222. Прапануецца даць права індывідуальным прадпрымальнікам — плацельшчыкам адзінага падатку — рэалізоўваць тавары без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, з адначасовым павелічэннем ставак падатку. Акрамя таго, прадугледжваецца ўстанаўленне для замежных грамадзян закрытага пераліку тавараў, што яны маюць права рэалізоўваць або прапаноўваць да продажу на рынках ці іншых месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Такія меры прапануюцца для таго, каб параўнаць у правах замежнікаў і сваіх грамадзян.

Новы дакумент павінен выкрасліць магчымасць стварэння няроўных канкурэнтных умоў паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія гандлююць таварамі без дакументаў, айчыннымі вытворцамі, што выпускаюць аналагічную прадукцыю, і імпарцёрамі, якія выконваюць вызначаныя патрабаванні. Такім чынам для прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку — плануецца павялічыць падатковую нагрузку на 50%, вызначыць для іх просты і зразумелы парадак выплаты ПДВ у фіксаванай суме ў памеры 4-кратнай стаўкі адзінага падатку і выплаты адзінага падатку. Стаўка будзе павялічвацца ў тры этапы на працягу года. Пытанні няроўных канкурэнтных умоў з беларускімі вытворцамі — афіцыйнымі імпарцёрамі — прапануецца вырашыць эканамічнымі метадамі шляхам штогадовага паступовага павышэння падатковай нагрузкі. У наступным годзе прадпрымальнікам плануюць павялічыць ПДВ у фіксаванай суме да 5-кратнай стаўкі адзінага падатку, з 2017 года — да 6-кратнай стаўкі адзінага падатку.

Для ўхілістаў павялічаць штрафы

Васіль Каменка таксама паведаміў, што ў хуткім часе міністэрства збіраецца ініцыяваць павышэнне штрафаў за нявыплату падаткаў для суб'ектаў гаспадарання. Намеснік міністра падкрэсліў, што ў нас сума штрафных санкцый па такіх парушэннях невялікая. Сёння гэта ўсяго 20% ад нявыплачанай сумы падатку. Для параўнання: у Германіі штраф складае 300% па суме неаплачаных падаткаў. Цяпер падатковыя службы прапануюць павялічыць такія штрафныя санкцыі ў 5 разоў, каб давесці іх хаця б да 100% ад сумы ўтойвання.

Намеснік міністра нагадаў, што раней у Беларусі штраф таксама даходзіў да 300% ад сумы недаплаты. Потым, разлічваючы на тое, што суб'екты гаспадарання стануць больш дысцыплінаванымі ў плане выплаты падаткаў, санкцыі змякчылі. Акрамя таго, для парушальнікаў, якія выплацяць прад'яўленыя ім сумы да прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, штрафы былі зніжаны з 20% да 10%. Аднак практыка паказала, што маленькія штрафы не сталі стрымліваючым фактарам для парушальнікаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.