Вы тут

З дудкаю праз стагоддзі


Вецер дзьме і вые,

Што аж мыслі рвуцца,

Змоўклі песні тые,

Што іграў на дудцы.

Раз яшчэ зайграю

У астатняй хвілі

Для тых, што жаль маю,

Што мяне забылі...

Ф. Багушэвіч.

Відаць, ведалі ў ЮНЕСКА пра «краіну паэтаў», калі ў 1999 годзе зацвердзілі новае свята. Сусветны дзень паэзіі можна лічыць святам Беларусі — «краіны паэтаў». Не толькі таму, што наша зямля паэтаў нараджала багата. Так атрымалася, што 21 сакавіка, калі адзначаецца свята, супадае з Днём нараджэння аднаго з выдатных паэтаў Беларусі ХІХ стагоддзя — Францішка Багушэвіча, які ўсім сваім жыццём і творчасцю зацвердзіў: ёсць беларуская літаратура. А сёлета Сусветны дзень паэзіі супадае яшчэ і са 175-й гадавінай паэта Багушэвіча.

«Паэзія можа стаць адказам на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека», — палічылі ў ЮНЕСКА. А наш Багушэвіч ведаў пра гэта ад пачатку, калі толькі зразумеў, як можна распараджацца словам, каб і сэнс быў, і карысць для іншых.

Гэта сёння мы чамусьці падзяляем людзей на «фізікаў» і «лірыкаў». Можа быць, у Беларусі гэтая формула не працуе: тут кожны лірык па-свойму. Прынамсі Багушэвіч і дапамагае абвергнуць сучасны стэрэатып: паступаў вучыцца ён на фізіка-матэматычны факультэт у Пецярбургу, працаваў следчым і адвакатам. А ў гісторыю ўвайшоў найперш як паэт, аўтар зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», чалавек, які заклаў падмурак для нацыянальнай літаратуры. Для ўсіх тых, хто быў потым, у стагоддзі ХХ, якое пачыналася для нашай паэзіі з прыходам магутных творцаў. Меў рацыю паэт Алесь Гарун: тут «сам народ — пясняр».

Паэтаў і зараз у нас шмат. Але гэта, здаецца, той варыянт, калі колькасць і якасць роўныя па вартасцях і значнасці. І ёсць, безумоўна, у сучасных беларускіх паэтах нешта ад Францішка Багушэвіча: яны жывуць з гэтай творчасцю, але робяць і паспяваюць значна больш, у іх шмат спраў, клопату, у іх ёсць сэнс, у суладдзі з якім яны выбудоўваюць адносіны да жыцця і рэчаіснасці, што потым адлюстроўваецца ў іх паэзіі. Пра тое, як сумясціць творчасць з «прозай жыцця» разважалі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча Андрэй Адамовіч, Георгій Барташ, Павел Касцюкевіч, Уладзімір Пыльчанка, Цімох Авілін, Павел Селівончык, Сяргей Башлыкевіч. Яшчэ напярэдадні свята, пра якое таксама можна сказаць: яно не толькі ў гонар паэзіі. З грэчаскай мовы слова паэзія перакладаецца як «творчасць». Таму імпрэза ў музеі прайшла з удзелам пісьменнікаў, музыкаў.

Паэзія — больш чым паэзія. Паэты — больш чым паэты... Як цудоўна, што гэты дзень выпаў на суботу, калі выхадныя дні можна сапраўды правесці паэтычна. Ёсць час схадзіць у кнігарню, падабраць сабе зборнік вершаў (ці твораў), пачытаць. Пачытаць і даведацца нешта пра тых, хто сёння ўвасабляе працяг Багушэвіча. І можна тады зразумець: у нас што ні паэт — тое асоба. Што ні асоба — тое Сусвет. Дзень паэзіі яшчэ і таму — Сусветны...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».