Вы тут

Метамарфозы аб'ёмаў


Аляксандр Малей і новыя формы супрэматызму

«Чорны квадрат» Казіміра Малевіча створаны больш за сто гадоў таму — у 1914 годзе. Сам аўтар лічыў «Чорны квадрат» «зародкам усіх мажлівасцяў», не канцом, а пачаткам новай рэальнасці. Гэты твор дасюль інтрыгуе і гісторыкаў мастацтва, мастацтвазнаўцаў, і тых, хто ніяк не звязаны з мастацтвам. Колькі гадоў таму заінтрыгаваў ён і мяне. Я зацікавілася супрэматызмам, пачынальнікам якога быў Малевіч. Дарэчы, гэты год можна лічыць юбілейным. Першыя супрэматычныя творы былі паказаны роўна 100 гадоў таму, у 1915 годзе, на выстаўцы «0,10» у Петраградзе. Казімір Малевіч распрацаваў тэорыю супрэматызму, паводле якой сцвярджалася вяршэнства абстрактнай формы, зведзенай да квадрата, круга, трохвугольніка, прамавугольніка, крыжа. У мяне, натуральна, з'явілася пытанне, а ці ёсць тыя, хто працягвае, развівае традыцыі супрэматызму, закладзеныя Малевічам? І вось на трыенале сучаснага беларускага мастацтва ў 2012 годзе я ўбачыла загадкавыя, незвычайна прывабныя творы нашага сучасніка — віцебскага мастака Аляксандра Малея. У іх ідэі супрэматызму развіваліся і на плоскасці, і ў аб'ёме. Творы Малея інтрыгавалі не менш, чым творы Малевіча.

21-17

Мастак Аляксандр Малей перакінуў мост, якім злучыў сучаснае і мінулае. У 1987 годзе мастак арганізаваў творчую групу «Квадрат», якая стала духоўнай пераймальніцай «УНОВІСА» («Сцвярджальнікаў новага мастацтва» — адметнай сістэмы навучання, суполкі, што існавала ў 1920-я гады).

Аляксандр Малей аналізуе, прапускае праз сябе ідэю супрэматызму і выдае новы, асабісты прадукт. Здабытыя веды ўступаюць у «хімічную рэакцыю» з уласным досведам. У свой час пісьменнік Мішэль Мантэнь у сваёй кнізе «Вопыты» адзначыў, што няма сэнсу ў простым збіранні ведаў, складанні іх у галаву, быццам у шафу з кнігамі, каб у выніку стаць энцыклапедыяй. Трэба ўсе веды прапусціць праз сябе і зрабіць іх сваім досведам, толькі тады будзе карысць ад спазнанага. Гэта якраз і робіць мастак Аляксандр Малей. Ён пераасэнсоўвае папярэдні вопыт Малевіча і дае свой адказ на тэму супрэматызму.

Мэта Аляксандра Малея — пераканаць гледача ў звышдухоўнасці сучаснага мастацтва. Ён заклікае людзей выйсці за звыклыя межы свядомасці, азірнуцца і адчуць вялікую, бясконцую прастору быцця.

[caption id="attachment_76298" align="alignnone" width="600"]21-25 Ко­ла.[/caption]

Яго творы жывуць у дзвюх прасторах: плоскай і аб'ёмнай, прасторах духоўнага і фізічнага свету. Быццам сапраўдныя жывыя арганізмы, яны маюць знешнюю абалонку, да якой мы можам дакрануцца. Але за ёю схавана і пазарацыянальная прастора, так бы мовіць, духоўны свет.

Работы Аляксандра Малея можна параўнаць з чалавекам, пры сустрэчы з якім мы можам ацаніць яго фізічныя якасці, але яго духоўны, унутраны свет адкрыецца нам не адразу. Так і творы Аляксандра Малея не даюць нам простых, ясных адказаў. Затое ў іх ёсць прастора для роздуму, дзе ў кожнага чалавека могуць нарадзіцца свае асацыяцыі.

Што ж стварае Аляксандр Малей? Неяк ён прызнаўся, што імкнецца стварыць святыню мастацтва. Такую святыню, у якой без яўных, рэальных сімвалаў чалавек будзе разумець і адчуваць, што менавіта тут сканцэнтравана духоўнае жыццё. Адчуваць сакральнасць і глыбіню без знешняй атрыбутыкі. Вельмі проста паказаць на прыгожы барочны храм і сказаць, што гэта святыня, і большасць пагодзіцца. Але калі паказаць на чыстае поле і сказаць — гэта святыня Божая, — такое зразумее не кожны. Магутнасць, веліч нельга выказаць праз знаёмыя пластычныя формы. Веліч нельга змясціць у межы муроў — яна нябачная, яе немагчыма спасцігнуць. Гэта і ёсць асноўны тэзіс, асноўны пасыл мастака да гледача: не шукаць у творах знаёмых формаў, але абстрагавацца і ўбачыць значна болей, чым рэальны свет.

Аляксандр Малей пайшоў далей за супрэматызм. Яго творы маюць не проста геаметрычныя формы, яны, хутчэй, віхрыста-закручаныя. Яны паказваюць пульс жыцця, а не яго статыку. Формы трансфармуюцца, на нашых вачах адбываюцца метамарфозы аб'ёмаў.

У творах мастака вельмі часта выкарыстоўваецца геаметрычная фігура — круг. Круг — сімвал адзінства, бясконцасці, завершанасці і найвышэйшай дасканаласці.

Кожная яго праца — гэта космас, які заклікае нас да медытацыі і сузірання. Будуючы святыні ў сваёй душы, ён уключае ў свет сваёй творчасці ўсё новыя ідэі і памкненні.

Кацярына КРАМАРЭНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.