Вы тут

Смелая вясна Наталлі Табушавай


У чым тоіцца прыгажосць? Прыгажосць вясновай прыроды, якая за зіму паспела добра адпачыць, выспацца, прыгажосць беларускіх жанчын, якія расцвілі, быццам кветкі? Прыгожае і жыццярадаснае схавана ў карцінах беларускай мастачкі Наталлі Табушавай.

21-20

Выстава яе работ знайшла прытулак у Доме дружбы сталіцы. Залу ахутваюць салодка-далікатныя пахі жывапісных кветак Наталлі Табушавай і вершы знакамітых паэтаў, сярод якіх У. Шэкспір, М. Буанароці, А. Майкоў, М. Валошын, А. Фет... Вясновыя вобразы паэтаў і мастачкі гарманічна пераплятаюцца пад спакойную мелодыю ў хвалюючым танцы. Вяснова-летнія карціны дыхаюць, кветкі быццам жывыя твары прыроды. Свежасцю, спакоем і ўнутранай ціхай радасцю напоўнена зала ў малочна-залацістых тонах...

Жывапісныя палотны, прадстаўленыя на выставе, можна падзяліць на дзве групы: нацюрморты з кветкамі і партрэты жанчын. Партрэт — любімы жанр Наталлі, бо яна раскрывае характэрныя рысы чалавека, ягоную псіхалогію і душу.

Твары жанчын з карцін не проста паглядаюць на наведвальнікаў, а чакаюць дыялогу з ім, каб расказаць сваю гісторыю. «Партрэт архітэктара Л. Луцэвіч» выкананы ў насычаных, яркіх, сіне-зялёных адценнях. На карціне — маці Наталлі. Годная, упэўненая ў сабе. Але галоўнае — гэта яе добрыя блакітныя вочы. Нягледзячы на тое, што работа напісана ў халоднай гаме, ад яе ўсё роўна зыходзяць пяшчотная цеплыня і спакой.

«Чырвоны студзень. Аўтапартрэт» — работа ў вішнёвых і рабінавых тонах раскрывае тое патаемнае, інтымнае, што ад нас хоча схаваць мастачка. Кажуць, што мастацтва трэба не разумець, а адчуваць. І гэта сапраўды так. Ад карціны ідзе імпульс, энергія.

Нацюрморты Наталлі Табушавай выкананы ў моцнай гаме эмоцый і адчуванняў, што так яскрава выяўлена ў жывапісных палотнах. «Клубніцы і шыпшына» — светлая карціна, мазкі свабодныя, энергічныя. Здаецца, што Наталля, як і яе карціны, — адкрытая да ўсяго новага і незвычайнага.

Уразіла жыццярадасная карціна «Дзьмухаўцы», якая вылучаецца сярод астатніх работ жаўтавата-арэхавай гамай. Галоўныя героі — сонечныя дзьмухаўцы — цягнуць свае галоўкі да сонца, каб наталіць смагу жамчужным святлом.

— Я люблю ўсе колеры, — патлумачыла мне Наталля. — Але мае карціны, у асноўным, халодных тонаў. Як кажуць: імі пішуць каларысты, а цёплымі — танавікі. Нядаўна прачытала цікавы факт: існуе чырвоны агонь і сіні агонь (свет зорак, лямпы). І вось гэты сіні агонь больш небяспечны: у яго тэмпература вышэйшая, чым у чырвонага агню.

Вясновыя вобразы Наталля Табушава паказала праз колер. І яе вясна не напаўпразрыстая і акварэльная, а жывая, яскравая, смелая.

Вольга Ропат.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.