Вы тут

Сам сябе «звольніў»...


Яе тэлефанаванне было быццам з далёкага мінулага. Так-так, я памятаў гэты лагодны, ціхі голас... Яна, Таня, засталася працаваць у калектыве, які я пакінуў, са смакам грукнуўшы дзвярыма. Час паказаў: звальненне — правільны крок, бо мая цяперашняя фірма больш паспяховая і перспектыўная, а яны засталіся ў той паміраючай канторцы з дрымучым дырэктарам, што забыўся, якое стагоддзе за вокнамі.

21-18

І вось гэтая канторка «ляснулася». Таня засталася, можна сказаць, на вуліцы. Ёй крыху за 40 гадоў, у разводзе, жыве з матуляй, дзеці амаль дарослыя...

Сутнасць тэлефанавання: дапамажы працаўладкавацца. Спецыяльнасць вузкапрофільная, такая больш не запатрабавана нідзе, толькі ў нашай фірме. Інакш прыйдзецца ісці працаваць гандляркай на вуліцу.

А чаму не дапамагчы гэтай зеленавокай? Яна мне і тады, шэсць гадоў таму, падабалася, але мяне на той момант турбавалі іншыя жарсці... А вось зараз, калі ў жыцці пустыня... Але ж у нашай фірме вакансій няма: на месцы, куды можна было б пасадзіць Таню, — пенсіянерка, якая, так бы мовіць, зубамі ў яго «ўгрызлася».

Я не кіраўнік фірмы, але да майго меркавання прыслухваюцца, не шэры кардынал, але мяне нават трохі пабойваюцца. Я накіраваўся да шэфа. Ён мямліў штосьці невыразнае, але я патлумачыў: спецыяліст такога профілю на дарозе не валяецца. Мы можам узяць яе пакуль на сумежную пасаду, бо пенсіянерка ўсё роўна нас пакіне, здароўе яе «гарэзіць» — цукровы дыябет і іншыя праблемы. Шэф здаўся, і з 1 верасня Танечка выйшла на работу.

І тут я «прыўдарыў» за ёй. Мае заляцанні былі доўгімі, але яе ўспыхваючыя вочкі дарылі надзею. Я не быў безнадзейным кавалерам: надышоў час, і каханне нас зрэзала напавал.

Але — быт. Але — немагчымасць сустрэч «на шырокую нагу» ў маленькім райцэнтры, усё мімалётна, усё спехам. Прыкра, але нашай «спальняй» часцей за ўсё станавіўся аўтамабіль — малапрыдатнае месца для спатканняў. Дадайце сюды святую неабходнасць сядзець вечарам дома (я жанаты чалавек). У прынцыпе, мне было зручна, мяне ўсё задавальняла. Хаця аскетызм і сціпласць Таццяны здзіўлялі: гэткая палюбоўніца эканомкласа... Памятаю яе папярэдніц: тыя і не хавалі рублёвага інтарэсу. Я палічыў, што Танька проста ўдзячная мне за тое, што дапамог знайсці добрае месца працы, калі яна апынулася амаль на вуліцы.

Карацей, мне было лёгка, прыемна і весела. Я амаль ні пра што не думаў.

Але праз два гады на гэтым «гарызонце» з'явіліся хмары. Заўважыў, што Таня не так туліцца, нават пазбягае мяне. Стала яршыстай. Раптам выстраліла пытаннем: а як я адрэагую, калі яна выйдзе замуж? Тым больш што ў нашых адносінах ніякага прагрэсу.

Пасыпаліся адмовы на мае просьбы аб спатканні. Яна стала закрытай, негаваркой. Я ўключыў усе свае ўнутраныя рэзервы — і ўбачыў, што яны не дзейнічаюць, мае запозненыя падарункі яе таксама не краналі!

Тое, што, як я лічыў, мне належала, насамрэч мне зусім не належала!..

Аднойчы ўбачыў, як яна садзіцца ў аўтамабіль да незнаёмца. Скажу шчыра: гэта быў адзін з самых непрыемных момантаў у маім жыцці. Але што я, жанаты мужчына, мог зрабіць?

Насталі змрочныя, халодныя дні... Наваліліся бяссонніца, цяжкія думкі. Аказваецца, я, сам таго не заўважаючы, быў моцна прывязаны да яе. Здаецца, за адно спатканне з ёй аддаў бы палову жыцця, хаця яшчэ паўгода таму пра гэта не думаў. Мяне перасталі цікавіць іншыя жанчыны. І бачу, што яны нічым не горшыя за Таню, але думкі толькі пра яе...

А як нервуюць яе бясконцыя размовы па тэлефоне — з ім, з кім жа яшчэ. З якім шчаслівым выразам твару яна крочыць па калідоры! А вось мне яна так часта не тэлефанавала, са мной столькі не размаўляла... Калі бачу яе, радасную і чужую, то пасля палову дня не магу прыйсці ў сябе.

— Што з табою? — здзіўляецца шэф. — Дзе новыя ідэі, дзе прапановы? Твая працаздольнасць знізілася ў разы!

Я ведаю, што са мной. Я ўжо напісаў заяву аб звальненні. Перачытаў, задумаўся: якімі парадоксамі напоўнена жыццё! Пасля таго, як «узяў» Таню на работу, я «звольніў» самога сябе. Не магу спакойна глядзець на яе шчасце...

Г.А.,

Брэсцкая вобласць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.