Вы тут

Вось яна, формула!..


Памятаеце фільм «Стракатая стужка» з серыяла пра прыгоды Шэрлака Холмса? У прыватнасці разважанні доктара Ватсана? «Кожны псіхолаг вам скажа: не верце мужу, які гаворыць кепскае пра сваю цешчу, не верце пасынку, які лаецца на сваю мачаху, не верце ўсім тым жахам, якія расказвае падчарка пра свайго айчыма». Памятаеце, якраз у гэтым месцы, на апошнім слове доктара Ватсана, у кватэру на Бейкер-стрыт, 221б увальваецца драпежнікападобны вярзіла і не надта культурна прадстаўляецца? Я, маўляў, доктар Грымбсі Ройлат са Сток-Морана, айчым адной вядомай вам асобы... Ён так прамаўляе гэта «са Сток-Морана», што хочацца з утульнай канапы разам з пледам перамясціцца адразу ў Сток-Моран. Ну, хаця б таму, што ў гэты самы момант там няма Грымбсі Ройлата. Памятаеце выраз твару доктара Ватсана пасля яго з'яўлення? Ватсан, як заўсёды, памыліўся ў сваіх разважаннях. Бо калі б сказаў іначай, то меў бы рацыю. Іначай — гэта хаця б вось так: «Не верце сваякам, якія запэўніваюць, што ніколі не сварацца».

Такіх мужоў і жонак шмат. Яны так пераканаўча, з такімі інфантыльна-анёльскімі выразамі сваіх сталых і стомленых твараў даво-
дзяць зацікаўлена-замілаваным суразмоўцам пра тое, як пражылі «душа ў душу», прайшлі па жыцці «рука аб руку» — і ніколі (за пяць даўжэзных дзясяткаў разнастайных, паўнюткіх на падзеі гадоў — ніколі?!) ні на каліўца не пасварыліся. Казачнікі!

Мой асабісты досвед сведчыць якраз пра адваротнае. Мне не трэба нават выходзіць з пад'езда, каб абвергнуць гэтую «формулу шчасця». Ды што там з пад'езда — нават з кватэры можна носа не паказваць. З канапы не ўставаць, з-пад пледа не вылазіць — і, папіваючы распушчальную каву, варажыць на суседскае заўтра.

Возьмем суседзяў зверху. Там заўсёды цішыня. Яны ніколі не сварыліся, а потым — бац! — развяліся. А вось суседзі злева. Чуеце? Зноў сварацца! Сварацца на прамілы Бог, удзень і ўначы — і ніякі развод іх не бярэ.

Мне мой псіхолаг неяк аднойчы давала параду: «Каб у сям'і быў лад, трэба ладзіць у ёй сваркі. Дазіравана. Калі занадта доўга ўсё ціха-мірна, то сварку трэба арганізаваць спецыяльна». Ну, у мяне да «спецыяльна» яшчэ ніколі не даходзіла. І дзякуй Богу.

Вось! Вось яна, формула сапраўднага сямейнага шчасця! Людзі сварацца, калі яны адно да аднаго не абыякавыя. Ну, або так: калі людзі адно да аднаго абыякавыя, яны не сварацца. Гэта чыстая праўда! Навошта, сапраўды, мне сварыцца з кабетай, якая, гэтаксама як і я, стаіць на прыпынку ў чаканні трамвая? Паедзем мы разам, але пры гэтым кожная сваёй дарогай. А вось калі яна сваім спічастым абцасам наступіць мне на мезенец...

«Большасці людзей патрэбен канфлікт, каб было проста цікава жыць». Гэта ўжо мая любімая Юлія Высоцкая сказала. Люблю, калі яна ў сваёй кулінарнай перадачы «жэніць» агрэставы мус з бульбяною кулябякай. І яна гэта сказала не пра кабет, якія наступаюць сваімі абцасамі на чужыя мезенцы. Яна гэта сказала пра мужчыну з жанчынай, якія адно аднаму муж і жонка. Бо калі вам нецікава разам, то навошта жыць пад адным дахам? А калі вы жывяце пад адным дахам, то чаму б вам хоць зрэдку не пасварыцца? Хаця б дзеля прыемнасцей прымірэння.

А тыя казачнікі, што так пераканаўча даводзяць пра даўжэзнае жыццё «душа ў душу»... У іх проста не было суседкі з добрым слыхам.

Святлана Дзянісава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.