Вы тут

Мелодыя дажджу


...Мяккае «дзынь» нябачнага званочка над уваходам ненавязліва паведамляе публіцы пра іх з'яўленне. Вось удача — любімы столік у кутку ля акна аказваецца незанятым. Яна падыходзіць да яго, нячутна ступаючы па мяккім дыване — праз вячэрні паўзмрок маленькай залы, праз мімалётныя ацэньваючыя позіркі. Ён ледзь прыкметна падтрымлівае яе, злёгку дакранаючыся да рукі...

21-19

Як толькі яны займаюць месца ў сваёй «бухце» — столікі адмяжоўваюцца адзін ад аднаго невысокімі перагародкамі — ад цёмна-зялёнай парцьеры аддзяляецца ў чымсьці чорна-белым афіцыянт і плыве па праходзе... Праз паўхвіліны ён ужо нахіляецца над іх столікам, пытаючыся: «Вам як заўсёды?»

Яны адначасова ківаюць галовамі ў знак згоды і ўсміхаюцца. Трэба ж — «як заўсёды»! Гэтую кавярню яны і наведвалі ўсяго разы са тры, звычайна тады, калі надвор'е было мярзотнае, а разбегчыся ў розныя бакі не хапала сіл. Прыкладна як сёння...

Недзе там, за акном (ці ў іншым вымярэнні), бясконцым патокам льецца з неба вада. Горад хутаецца ў плашчы, хаваецца пад парасоны і патанае ў шэрых рэках. На вуліцах гаспадарыць вецер, шпурляючы ў твары прахожых прыгаршчы халодных кропель...

А тут усё па-іншаму. Утульна і ненавязліва. Яна непрыкметна скідвае пад сталом абодва туфлікі і апускае ногі на мяккі дыван. Дзякуй Богу, можна расслабіцца, а ўсім астатнім няма да іх ніякай справы...

«Вунь там, —думае яна, — за столікам насупраць сядзяць тры жанчыны. На іх твары накладзена столькі грыму, што яны страцілі жывасць і здольнасць выяўляць эмоцыі... П'юць дарагое віно, кураць дарагія цыгарэты. І робяць выгляд, што іх абсалютна не хвалюе ўсё, што адбываецца навокал. Але кожная напружана чакае. Таго, з кім можна было б правесці астатак жыцця, ці некалькі месяцаў, ці хаця б ноч... Цудоўна разумеючы, што ёсць нешта відавочна прыніжальнае ў гэтым завуалявана-красамоўным чаканні...»

А яшчэ яна думае пра сваю перавагу над імі — ёй нікога не трэба чакаць. Яна нават калі і чакае, то з упэўненасцю, што прыйдуць.

...У зале зайграў аркестр. Дакладней, невялікі аркестрык. Уласна кажучы, з-за яго яны і выбралі гэтае месца. Першым разам зайшлі выпадкова, пачулі — і жывая музыка прываражыла чароўнымі гукамі. А можа, ім толькі здаецца, што чароўнымі?.. Можа, насамрэч музыкі іграюць бяздарна і менавіта з гэтай прычыны іх даўно не запрашалі на прэстыжныя выступленні ў вялікія залы. І яны — ад безвыходнасці і безграшоўя — падаліся забаўляць шчымлівымі рамансамі непераборлівую і непатрабавальную публіку...

Мужчына бярэ руку жанчыны ў сваю і пяшчотна, ледзь кранаючы, перабірае яе пальцы. «Гэта мы ці не мы? — думае яна. — Мы ёсць ці нам гэта толькі здаецца?»

Аркестр змяняе рэпертуар і манеру ігры — у музыцы ўжо няма надрыву. Чароўныя гукі льюцца не інакш як з самых патаемных глыбінь скрыпічнай душы і адлятаюць пад столь, каб змяшацца там з цыгарэтным дымам і вінным пахам.

Круціцца галава...

«Так?» — пытаюцца яе вочы.

«Так, так, так, тысячу разоў так!» — адказвае яго погляд.

«Вельмі?» — удакладняюць яе напаўраскрытыя вусны.

«І нават яшчэ больш!» — сцвярджаюць яго цёплыя далоні і нецярплівыя пальцы.

Адна з трох жанчын за суседнім столікам паварочваецца і доўга глядзіць на іх, ляніва пацягваючы з бакала чырвона-барвовую вадкасць.

Яна бянтэжыцца і аднімае руку.

— Гэта твая знаёмая? — пытаецца ў яго. — Увесь час сюды глядзіць.

— Супакойся, яна проста нам зайздросціць.

— А ёсць чаму?

— І ты яшчэ сумняваешся?..

Ён заўважае, што яна зняла туфлі. Знарок скідвае на падлогу сурвэтку і нахіляецца, каб падняць. Кончыкамі пальцаў праводзіць па маленькай вузкай ступні...

— Не трэба, нам пара ісці. Дождж, напэўна, ужо скончыўся.

...За спінай раствараецца шчымлівая мелодыя, гукі яе ўсё больш аддаляюцца, і скрыпка спявае і плача ўжо для кагосьці іншага.

А дождж не скончыўся — толькі крыху зменшыўся. Узяўшыся за рукі, яны бягуць да прыпынку... «Пакуль!» — крычыць яна, ускокваючы на падножку перапоўненага тралейбуса. Праціскаецца на заднюю пляцоўку і з заміраючым сэрцам глядзіць на гадзіннік. Ён паказвае пачатак восьмай. У-фф... Адлягло... «Яшчэ паспею праверыць урокі ў Волечкі і прыгатаваць вячэру мужу, трэба толькі выйсці на прыпынак раней, каб забегчы ў краму».

«Асцярожна, — папярэджвае вадзіцель, — дзверы зачыняюцца...»

Ала Бывалава

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.