Вы тут

Сон-трава


Песня «Сон-трава» Руслана Белага і Пятра Ліпая адлюстроўвае абуджэнне нашага краю, якое штогод адбываецца з вясновым сонцам, з першымі кветкамі. Радасць адчування зменаў у навакольных краявідах суседнічае са шчымлівым водгаласам крывавых падзей мінулай вайны. З мяккім лірызмам, задушэўнай цеплынёю музыка перадае напружанасць пачуццяў — і песня ўспрымаецца баладна, як драматычны роздум-успамін.

У прыпеве асвятляецца вобраз магічнай расліны, якую ў народзе з развагаю пяшчотна называюць сон-травою. У красавіку—маі яна цвіце ў сухіх сасновых лясах, на пясчаных схілах. Яе пухкія разлапістыя лісцікі і сцябло нібы пацвярджаюць, што іх ахінулі душы нашых папярэднікаў. І на лясных прагалінах, ля абеліскаў і былых акопаў гэтыя чароўныя кветкі з касмічным — фіялетавым — водблескам і сонечна-жоўтай сарцавінай суадносяцца з вечна маладымі душамі абаронцаў беларускай зямлі.

Напрыканцы мінулага стагоддзя песня «Сон-трава» Руслана Белага і Пятра Ліпая загучала на канцэртах, у праграмах радыё- і тэлеперадач. У выкананні заслужанага артыста Беларусі Леаніда Нікольскага яна чуецца героіка-лірычным казаннем пра мужнасць і каханне, пра самаахвярную вернасць Радзіме і светла-суровую памяць.

21-3

Верш Пятра Ліпая

Музыка Руслана Белага

Да тых палян шляхі няблізкія,

І ў сэрцы болю не стрываць,

Як пад ляснымі абеліскамі

Цвіце ў маі сон-трава...

Прыпеў:

І цвіце сон-трава,

І звініць сон-трава —

Гэта памяць зямлі прарастае...

І цвіце сон-трава,

І звініць сон-трава —

Нашы душы гукае, гукае...

А не расой — слязой матулінай

Дол акрапляе з даўніх дзён,

І сніцца хлопцам, што паснулі там,

Трывожны сіні майскі сон.

Прыпеў.

Яны нясуць букеты майскія

Сваім дзяўчатам — з той пары!

Лясныя кветкі партызанскія,

Што не паспелі падарыць...

Прыпеў.

О кветкі сон-травы! Над доламі

Ім не заснуць і ў цішыню.

Яны трапечуцца, як полымя

Зямнога Вечнага агню.

Прыпеў.

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.