Вы тут

І праз вякі не будзе апраўдання


Заўтра споўніцца 72 гады хатынскай трагедыі

Здаецца, пра Хатынь ведаюць усе — столькі было публікацый і сюжэтаў на гэтую тэму. Сёння ўжо можна па гадзінах у храналагічнай паслядоўнасці аднавіць увесь дзень 22 сакавіка 1943 года. Але з кожным разам усплываюць усё новыя дэталі...

21-21

Гэта было ў панядзелак, якраз на рэлігійнае свята Сарака пакутнікаў. Як потым аказалася, пакутнікаў у той дзень было значна больш. Напярэдадні ў Хатынь прыйшлі партызаны з атрада «Мсцівец» брыгады дзядзькі Васі (маёра Варанянскага). Пераначаваўшы ў вёсцы, раніцай яны пайшлі на заданне: трэбы было абарваць тэлефонную сувязь і зрабіць у тым месцы засаду на нямецкую рамонтную каманду. Замаскіраваўшыся, сталі чакаць немцаў.

У гэты ж час, прыкладна каля 9 гадзін, на дарогу выйшлі каля сарака сялян з суседніх Казыроў. Па загадзе немцаў яны расчышчалі лес уздоўж дарогі Лагойск — Плешчаніцы. Некалькі чалавек ад кожнай сям'і — іначай расстрэл. Засада знаходзілася ад іх прыкладна за паўкіламетра.

Тым часам на аднаўленне тэлефоннай сувязі з Плешчаніц на дзвюх грузавых машынах выехалі два ўзводы 1-й роты 118-га ўкраінскага батальёна. Разам з імі на легкавой машыне ехаў камандзір роты хаўптман (капітан) Ганс Вёльке. У Германіі яго ведалі як алімпійскага чэмпіёна па штурханні ядра 1936 года. Перад вёскай Губа легкавая машына адарвалася ад іншых і трапіла пад абстрэл партызан. Вёльке загадаў спыніцца: ён быў паранены ў руку. Паліцэйскія выскачылі з машыны, заляглі за калёсамі і адкрылі агонь у адказ па партызанах. А Вёльке пабег па полі, спрабуючы выцягнуць пісталет з кабуры. У гэты момант яго дагнала партызанская куля.

Колькі было партызан у засадзе? У данясенні атрада «Мсцівец» гаворыцца, што дзве роты. У роце, у тым ліку партызанскай, было прыкладна 80 — 100 чалавек. Нават калі дапусціць, што яны былі няпоўныя, гэта нямала. Прычым у роце павінны былі быць 2 — 3 ручныя кулямёты. А засада, па сведчанні асуджаных карнікаў са 118-га батальёна, знаходзілася на адлегласці каля 30 метраў ад шашы. Можна ўявіць, што было б з нямецкай калонай ад удару такой колькасці партызан з кулямётамі! Таму наўрад ці іх там было столькі. Чалавек каля 15, не больш. Да месца нападу пад'ехала машына з салдатамі 118-га ўкраінскага батальёна, якія пачалі адстрэльвацца. Партызаны сталі адыходзіць у бок Хатыні. Бой заціх. Было забіта двое паліцэйскіх. Гэта адбылося каля адзінаццаці раніцы.

Лічыцца, што пралогам трагедыі ў Хатыні былі менавіта гэтыя падзеі на шашы. Але яшчэ раней там адбыўся яшчэ адзін выпадак, які стаў фатальным для казырскіх сялян і паўплываў на лёс Хатыні. За некалькі дзён да трагедыі ў гэтым жа месцы партызаны зрабілі засаду на нямецкі патруль. Нападзенне якраз і стала першым звяном ва ўсім ланцугу хатынскіх падзей. Гэта пацвярджае нямецкі дакумент таго часу, у якім гаворыцца пра бой.

З аператыўнага данясення жандарскага паста ў Плешчаніцах 20 сакавіка 1943 года: «...19.3.43 у 5.00 на дарогу ў Лагойск быў накіраваны дазор у складзе 5 жандараў, 20 паліцыянтаў і 20 салдат 118-га ўкраінскага батальёна для забеспячэння аховы суправаджэння на гэтым участку. Калі дазор у 7.30 прайшоў прыблізна 200 м за вёску Губа (кв. 2260), ён быў нечакана абстраляны з дзвюх высотак кулямётным агнём. Вахмістр жандармерыі Яцына быў цяжка паранены ў жывот. Дазор адказаў на агонь з прыдарожных канаў, куды кінуўся хавацца. Пасля перастрэлкі на працягу прыблізна 30 хвілін бандыты спынілі агонь і збеглі...»

Думаецца, што менавіта пасля гэтага нападзення партызан на патруль немцы і загадалі жыхарам Казыроў высякаць лес на 100 метраў ад дарогі ўздоўж шашы. Праз дзень гітлераўцы ў данясенні паведамілі што
«...паранены 19 сакавіка 1943 года вахмістр жандармерыі рэзерву Яцына 20.3.1943 памёр ад ран у лазарэце СС у Мінску».

Пра гэта даведалася кіраўніцтва 118-га паліцэйскага батальёна, які дыслацыраваўся ў Плешчаніцах. Аднак немцы нічога не зрабілі. Але, калі ў другі раз партызаны напалі ў тым жа месцы, ды яшчэ загінуў нямецкі афіцэр, камандзір першай роты капітан Вёльке, гітлераўцы прынялі рашэнне разам з эсэсаўцамі з батальёна Дырлевангера прачасаць мясцовасць у напрамку Хатыні. Яна стала першым населеным пунктам на шляху ў азвярэлых карнікаў. Найбліжэйшая вёска Губа тады ацалела. Але роўна праз год, 22 сакавіка 1944 года, і вёска з 12 хат была спалена.

Вядома, што ў той дзень частка батальёна Дырлевангера была на карнай акцыі ў вёсцы Чудзенічы Лагойскага раёна (пацверджана архіўнымі дакументамі). Там карнікі акружылі вёску і арыштавалі сем'і братоў Шчурэвічаў. Потым сабралі ўсіх жыхароў і на іх вачах у двары Антона Шчурэвіча расстралялі 7 чалавек, уключаючы дзяцей, а хату яго спалілі. Забітых абклалі саломай і падпалілі, а праз тыдзень, як і ў Хатыні, спалілі ўсю вёску і людзей у стайні.

Па апошніх звестках, самога камандзіра батальёна, штурмбанфюрара СС Оскара Дырлевангера, тады ў Лагойску не было. Паводле адных крыніц, ён быў у той час у Берліне на нарадзе, па іншых — выязджаў у Магілёў па справах, бо батальён зусім нядаўна прыбыў адтуль у Лагойск, а Дырлевангер у лютым быў у адпачынку ў Германіі. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ў Хатыні быў гаўпт-штурмфюрар СС Артур Вільке, супрацоўнік мінскага СД. Ён на чале каманды СД прыбыў сюды напачатку сакавіка 1943 года.

Цікавы наступны дакумент. У загадзе начальніка аператыўнага штаба паліцыі бяспекі і СД рэйхскамісарыята Остланд ад 18 лістапада 1942 года гаварылася: «Па даручэнні ўпаўнаважанага рэйхсфюрара СС па барацьбе з бандамі партызан обергрупэнфюрар СС Бах дае кіраўніку каманды СД права вырашаць — спальваць вёскі або не, знішчаць ці эвакуіраваць іх жыхароў...»

Такім чынам, начальнік каманды СД разам з камандзірам батальёна мог на месцы прымаць рашэнне аб пакаранні жыхароў вёскі. Хатынцы не пайшлі з партызанамі і ўсе засталіся ў вёсцы... Але нямецкія афіцэры, якія кіравалі аперацыяй, вынеслі асуджальны вердыкт...

Захавалася нямецкая справаздача маёра Кернера пра знішчэнне Хатыні. У ёй гаворыцца аб упартым супраціўленні партызан у вёсцы, што нават прыйшлося скарыстаць цяжкае ўзбраенне — процітанкавыя гарматы. У дакуменце сказана: падчас бою разам з 34 партызанамі было забіта шмат жыхароў, частка іх загінула ў вогнішчы пажару, а большасць яшчэ за некалькі дзён пакінула Хатынь, каб не мець нічога агульнага з бандытамі.

Кернер, падазраючы, што яго можа пакараць за зверскае знішчэнне Хатыні нават фашысцкае начальства, многае выдумаў, каб апраўдацца. На самай справе ніякага бою з цяжкім узбраеннем у Хатыні не было. Карнікі праследавалі партызан амаль да вёскі Мокрадзь, але туды не заходзілі. Як успамінае мясцовая жыхарка Мокрадзі М.К. Мяркулава, калі немцы прыехалі ў Хатынь, яны ўсе збеглі з вёскі.

«Пасля абеду гэта было, сонца ўжо заходзіла, — расказвае жанчына. — Пачалі страляць, кулі свісталі вакол. Партызаны беглі: чалавек 30 іх было. У нас тут дзяўчына ішла, хата іх недалёка стаяла. Яна ваду несла, і куля яе дастала. Яна перад намі звалілася, застагнала і памерла потым. Каля дваццаці гадоў ёй было, звалі яе Белякова Жэня. А сюды ў Мокрадзь немцы тады не пайшлі...»

Доўгі час лічылася, што ў батальёне Дырлевангера не засталося данясення пра падзеі ў Хатыні. Але сляды гэтага злачынства ўсё-такі захаваліся. У дзённай зводцы батальёна пра баявыя дзеянні ад 23 сакавіка 1943 года коратка апісаны падзеі ў Хатыні 22 сакавіка: «118-ты батальён тэрмінова запрасіў падтрымкі каля населенага пункта Губа. Нямецкая матарызаваная рота сумесна са 118-м батальёнам праследавала бандытаў, што адступілі ў Хатынь. Пасля агнявога бою населены пункт быў узяты і знішчаны. 30 узброеных бандытаў (у поўнай экіпіроўцы, у тым ліку 1 партызанка) забітыя. Трафейная маёмасць і зброя пакінуты 118-му батальёну...»

Пасля таго, як адступілі партызаны, карнікі замкнулі кола акружэння і пачалася расправа над мірным насельніцтвам. Пра тое, які жах тварыўся тады ў Хатыні, напісана і сказана не раз. У вёсцы загінула 149 чалавек, з іх — 75 дзяцей.

Паступова адкрываюцца невядомыя старонкі трагедыі Хатыні. Але ў вызначэнні вінаватых у яе знішчэнні нічога не памянялася — вёску разам з людзьмі спалілі фашысты, якой бы нацыянальнасці яны ні былі. Гэтаму злачынству і праз стагоддзі не знойдзецца ніякага апраўдання.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.