Пастыр


Бог яму даў любоў і даў тых, каму пра яе гаварыць. Даў паству, дзе Боскую любоў здаўна ведалі, толькі забываць пра яе сталі — час быў такі, калі ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт толькі пачынаў сваё служэнне тут. У 1978 годзе ён быў прызначаны Мітрапалітам Мінскім і Беларускім. Яму, чалавеку «нетутэйшаму» па нараджэнні, даверылі служэнне на тэрыторыі (не было яшчэ асобнай краіны), дзе сышліся розныя культурныя ўплывы (у тым ліку рэлігійныя), але складанасць была і ў тым, што вось той самы люд, які намінальна быў праваслаўным, аддаліўся ад Бога. Але свяшчэннаслужыцелю даверылі паству... Не было іншага выйсця служыць ёй добра, як толькі з любоўю. І тады ўсё сыходзіцца: праз любоў спасцігаецца вера, людзі шукаюць шлях да яе. У складаныя 90-я гады, можа, найчасцей сталі думаць пра тое, што і чаму адбываецца ў жыцці. Шмат хто адкрыў для сябе дарогу ў храм. І патрэбны былі разумныя пастыры, якім было што сказаць. У 1989 годзе мітрапаліт Філарэт прызначаны Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Гэтай краіне ён прысвяціў амаль 40 гадоў свайго жыцця. Служыць і цяпер, у свае 80 гадоў, калі ўжо пайшоў на пакой, — як вернік і малітоўнік.

[caption id="attachment_76341" align="alignnone" width="600"]21-35 Міт­ра­па­літ Фі­ла­рэт у гады служэння.[/caption]

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі з 80-годдзем.

«Вы прайшлі насычаны і цяжкі шлях служэння Праваслаўю, прыкладаючы вялізныя намаганні для таго, каб Праваслаўная царква адрадзілася і стала духоўнай апорай народа. Працай і малітвамі першага беларускага экзарха адноўлены гістарычныя святыні, узведзены новыя храмы і манастыры, шырокае развіццё атрымаў багаслоўскі і міжцаркоўны дыялог. Вы заўсёды заклікалі да хрысціянскай любові, міру і грамадскай згоды», — гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: «Невыпадкова Ваша архіпастырская і грамадская дзейнасць атрымала высокае прызнанне дзяржаўнай улады і беларускага народа. Мы ведаем Вас не толькі як выдатнага прапаведніка, педагога, вучонага-тэолага, але і як шчырага і адкрытага чалавека».

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Слабодчыкаў, скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь:

— Гэта свяшчэннаслужыцель, асоба якога знакавая для Беларусі. Як чалавек ён вельмі цікавы. Мы сустракаліся шмат разоў, асабліва калі я зрабіў помнік патрыярху Алексію ІІ. Мітрапаліт Філарэт наведваў майстэрню, дзе я працаваў. Ён мала гаварыў, больш глядзеў. Памятаю словы пра тое, што помнік ствараецца своечасова, што скульптура павінна з'явіцца там, дзе ёй належыць быць. Сама асоба патрыярха Алексія ІІ была значная для праваслаўных вернікаў Беларусі. Мітрапаліт Філарэт падышоў да скульптуры, крануў яе, уважліва глядзеў, думаў, было адчуванне, што ён нібыта ў думках размаўляе з патрыярхам. Хутчэй за ўсё, яны кантактавалі, былі знаёмыя блізка. Пажаданні наконт помніка былі канкрэтныя і значныя — наконт фігуры, прапорцый і самога духу скульптуры. Ён пагадзіўся, што скульптурны вобраз падобны не толькі фізічна, але і духоўна. Па твары мітрапаліта Філарэта я зразумеў, што яго кранула за душу. Я бачыў у майстэрні чалавека глыбокага, удумлівага. Але і ад яго сыходзіла святасць і сіла духу. Шчасце для Беларусі, што ў той час да нас на служэнне прыехаў такі разумны, дальнабачны і тонкі чалавек. Ён знайшоў тут сябе, знайшоў кантакт з нашым народам і здолеў працаваць так, каб сувязі ўнутры грамадства не парушыліся, а ўмацаваліся. Гэта было на нашай памяці, мы маглі назіраць і разумець, што значыць асоба свяшчэннаслужыцеля. Сустракаючы такіх духоўных асоб, хочацца верыць у тое, што яны прапаведуюць.

Протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода:

— Мітрапаліт Філарэт — апостал найноўшага часу. На працягу 35 гадоў, што ўладыка быў архіпастырам Беларускай Праваслаўнай Царквы, ён аддана служыў ёй. Можна толькі здзіўляцца працаздольнасці мітрапаліта. У гады, калі пад яго кіраўніцтвам знаходзіліся прыходы Заходняй Еўропы, Беларускай епархіі і аддзел знешніх царкоўных зносін, ён працаваў на хаду: у аўтамабілях, цягніках, самалётах. У савецкія часы дзякуючы ўладыку быў захаваны Успенскі Жыровіцкі манастыр, які ўлада не раз збіралася закрыць. Ён адрадзіў Мінскую духоўную семінарыю. Каб аб'яднаць у свядомасці свецкай інтэлігенцыі навуку і рэлігію, арганізоўваў канферэнцыі, дзе ўдзельнічалі навукоўцы і багасловы. Беларуская царква пры мітрапаліце Філарэце набыла свой нацыянальны каларыт. З самага пачатку кіравання епархіяй Патрыяршы Экзарх устанавіў святкаванне Сабору беларускіх святых, вывеў з ценю гісторыі новыя святыя імёны. Па ініцыятыве Уладыкі Святое Пісанне, Дзеянні апосталаў, царкоўныя службы і малітвы пераклалі на беларускую мову. Цяжка ўявіць, колькі патрэбна сіл, каб зрабіць так шмат аднаму чалавеку.

Сяргей АЛЕЙНІК: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі і пры Святым Прастоле па сумяшчальніцтве:

— Намаганні ганаровага Патрыяршага Экзарха па забеспячэнні міжканфесійнай гармоніі і талерантнасці ў беларускім грамадстве вядомыя далёка за межамі Беларусі. Пра гэта сведчаць і шматлікія міжнародныя кантакты ў розных краінах свету, і мерапрыемствы па развіцці міжрэлігійнага дыялогу, які праводзіўся пад яго патранажам у Рэспубліцы Беларусь.

Яркім пацверджаннем яго заслуг у гэтай сферы стала нядаўняя сустрэча мітрапаліта Філарэта з дзяржаўным сакратаром Святога Прастола кардыналам П'етра Паралінам, які выказаў глыбокую пашану і падзяку за ўклад уладыкі ў развіццё міжканфесійнага міру і згоды ў Беларусі.

Валерый БАРАДЗЕНЯ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах:

— Я заўсёды сачыў за працай мітрапаліта Філарэта. Натуральна, пра гэтага чалавека многае могуць сказаць яго справы — як развівалася праваслаўная вера ў нашай краіне ў гады, калі ганаровы экзарх узначальваў Беларускі экзархат, якой склалася міжканфесійная сітуацыя ў нашай краіне. Апошняе, дарэчы, з'яўляецца прадметам нашага гонару — хоць Беларусь і шматканфесійная краіна, ніякіх спрэчак рэлігійных у нас няма. Натуральна, усё гэта дасягненне ў тым ліку і мітрапаліта Філарэта. Гэта вельмі паважаны чалавек, ён уплываў і сёння ўплывае на многія працэсы, якія праходзяць у нашай краіне. Важна, што аўтарытэт Царквы ўмацоўваюць такія людзі.

Я, дарэчы, жыву непадалёк ад Дома міласэрнасці, які будаваўся пры садзейнічанні мітрапаліта Філарэта. Мае дзеці пасля хадзілі туды ў нядзельную школу. Натуральна, што і на ўсе царкоўныя святы мы з сям'ёй там бываем.

Аляксей СКАКУН, старшыня СВК «Астрамечава» Брэсцкага раёна, старшыня Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза:

— Да сустрэчы з мітрапалітам Філарэтам мы рыхтаваліся з некаторым хваляваннем. Хацелася паказаць самае лепшае ў нашай гаспадарцы, пахваліцца набыткамі і дасягненнямі. І былі вельмі рады, калі з прапанаванай праграмы яго праасвяшчэнства выбраў сад. Сад — асаблівы гонар «Астрамечава». Мы стварылі яго аднымі з першых у Беларусі па новых тэхналогіях. Яблыні ўжо радавалі ўраджаямі — такімі, што любому госцю не сорамна паказаць. Мітрапаліт з цікавасцю разглядаў сад, распытваў работнікаў пра іх жыццё, працу, сямейныя клопаты. І было відаць, што госць застаўся задаволены наведваннем. Нашы супрацоўнікі да гэтай пары ўспамінаюць тую цёплую сустрэчу і адзначаюць шчырасць, душэўнасць, дабрыню, якія ішлі ад архіпастыра Беларусі.

Яшчэ хачу адзначыць, што наш ганаровы Патрыяршы Экзарх — чалавек з тонкім пачуццём гумару, вельмі просты ў стасунках. Некалькі гадоў таму мне пашчасціла быць запрошаным на свята ў епархіяльнае ўпраўленне. Мы тады ўсёй дэлегацыяй гаспадаркі вельмі спяшаліся і літаральна ўляцелі ў залу ў апошнія секунды да пачатку мерапрыемства. «Вось і Скакун прыскакаў», — весела пракаментаваў наша з'яўленне Філарэт».

Абу-Бекір ШАБАНОВІЧ, муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання Рэспублікі Беларусь:

— Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя я адчуў, наколькі высокі аўтарытэт кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы сярод людзей у нашай краіне, не толькі сярод хрысціян, але і сярод татараў-мусульман. Пазней, калі я быў абраны муфтыем, нашы шляхі на рэлігійнай глебе сыходзіліся шматкроць. Я шчыра рады, што Усявышні даў мне магчымасць не толькі пазнаёміцца, але і бліжэй сысціся з гэтым вялікім чалавекам з чыстай душой, рэлігійным асветнікам, які быў для мяне высокім прыкладам у маёй дзейнасці.

Мітрапаліт Філарэт быў перш за ўсё асветнікам. Мы разам удзельнічалі ў многіх міжнародных канферэнцыях, якія мелі за мэту вывад насельніцтва на шлях высокай духоўнасці, і вядучая роля ў гэтым была шаноўнага мітрапаліта Філарэта. Мяне заўсёды здзіўляла яго высокая эрудыцыя і цярпенне. Як арганізатару такіх канферэнцый яму не было роўных: ён выслухоўваў і аналізаваў увесь ход дыскусій, пад яго кіраўніцтвам прымаліся дэкларацыі, якія істотна паляпшалі якасць абмеркавання той альбо іншай тэмы. Гэты чалавек дапамог нам, прадстаўнікам сусветных рэлігій у Беларусі, разам наладжваць добрыя адносіны ўзаемапаразумення — вёўся неназойлівы, раўнапраўны дыялог. Разам з тым ён вёў дыялог на высокім узроўні з дзяржавай і з грамадскімі арганізацыямі. У перыяд станаўлення дзяржаўнасці такая дзейнасць вядучага кіраўніка хрысціянскай Царквы, разам з астатнімі рэлігійнымі лідарамі, дазволіла сфарміраваць дзяржаўную палітыку ў рэлігійнай і нацыянальнай сферы, а таксама знайсці сродкі, якія ажывілі міжнацыянальныя адносіны. Гэта вельмі значна для грамадскай мадэлі, якая фарміравалася на гуманна-рэлігійным падмурку.

Асабліва мне хочацца спыніцца на стварэнні Грамадскага савета па маралі, дзе кіраўнікі рэлігійных арганізацый разам з лепшымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі рэгулярна абмяркоўвалі значныя праблемы жыцця нашай краіны і давалі ім сваю адзнаку з пазіцыі не толькі рэлігіі, але і грамадства ў цэлым. Гэта дазваляла мацаваць адносіны паміж грамадствам і рэлігійнымі арганізацыямі. Значная заслуга ва ўсім гэтым вядучага беларускага багаслова — мітрапаліта Філарэта.

Гэтыя ідэі жывыя, і мы спадзяёмся, што цяпер, калі сучасны свет надзвычай палітызаваны, калі паміж дзяржавамі расце напружанасць, яны будуць прадоўжаны і ўмацаваны. Я блізкі па ўзросту да ганаровага экзарха; як і ён, памятаю Вялікую Айчынную вайну з яе крывёю, болем, вялікім горам, таму наша пакаленне асабліва востра адчуе, як важна не дапусціць паўтарэння гэтай катастрофы.

Шчыра зычу нашаму вялікаму сябру і рэлігійнаму настаўніку добрага здароўя і шмат гадоў жыцця! Мы бясконца ўдзячныя яму за яго працу, і няхай ён пачуе гэтае кароткае прызнанне яго вялікіх заслуг у фарміраванні духоўна-маральнага ўзроўню народа нашай краіны.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.