Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі адбылася ўчора ў Астане, паведамляе БЕЛТА. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі існуючыя гандлёва-эканамічныя выклікі ў рабоце Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама разгледзелі некаторыя пытанні міжнароднага парадку дня, якія закранаюць інтарэсы трох краін.
На сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі і Казахстана Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Напярэдадні 70-годдзя Перамогі зразумела, што мы павінны быць разам. Вельмі ж шмат выклікаў, дайшло ўжо да гісторыі, у тым ліку са спробай нават не перапісаць, а перакрэсліць нашу агульную гісторыю, таму і эканамічна, і палітычна мы павінны напярэдадні 70-годдзя Перамогі прадэманстраваць сваё адзінства».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што кожны год даводзіцца рэагаваць на новыя выклікі. На яго думку, час пацвярджае, што Еўразійскі эканамічны саюз быў створаны своечасова. «Больш за тое, гэта не проста дэкларацыя — мы вялікую колькасць дакументаў прынялі, фармалізавалі яго, падпісаўшы шэраг пагадненняў. І ў рамках нашага саюза мы павінны рэагаваць на гэтыя выклікі», — сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, ёсць складаныя пытанні, якія трэба вырашаць, але ёсць і простая формула для таго, каб таваразварот унутры нас рос — трэба гандляваць уласнымі таварамі. І мы пра гэта гаварылі. «Арыентацыя на тое, каб наш унутраны рынак запоўніць уласнымі таварамі — гэта пытанне нумар адзін. Для нарошчвання таваразвароту ўнутры саюза неабходна забяспечыць зняцце бар'ераў. Іх быць не павінна. Тады прасцей будзе яго нарошчваць».
Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што не трэба забываць і пра іншых членаў саюза, якім павінны быць прапанаваны варыянты развіцця падзей на перспектыву.
Перамовы прэзідэнтаў у Астане былі непрацяглымі, але вельмі насычанымі і змястоўнымі. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі ўвесь комплекс узаемаадносін паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй. Краіны аб'ядноўваюць цесныя гандлёвыя і інвестыцыйныя сувязі. Сукупны ВУП «тройкі» складае 85% валавога прадукту СНД. Расія займае першае месца ў знешнім гандлі Беларусі і Казахстана. Па выніках 2014-га расійскі таваразварот з гэтымі дзвюма дзяржавамі склаў амаль $60 млрд. Беларусь і Казахстан разам займаюць трэцяе месца ў гандлёвым балансе Расійскай Федэрацыі. Пашыраецца інвестыцыйнае ўзаемадзеянне. Аб'ём расійскіх капіталаўкладанняў у эканомікі Беларусі і Казахстана дасягнуў
$18 млрд, у сваю чаргу Беларусь і Казахстан уклалі ў Расію каля $10 млрд. Створаны і дзейнічаюць больш за 7 тысяч сумесных прадпрыемстваў.
Уладзімір Пуцін лічыць, што важным напрамкам партнёрства з'яўляецца прамыслова-тэхналагічная кааперацыя. Ажыццяўляюцца сумесныя праекты ў машынабудаванні, умацоўваюцца сувязі ў касмічнай сферы, рэалізуецца дарожная карта па сумесным выкарыстанні касмадрома Байканур на 2014-2016 гады. Цесна пераплецены энергетычныя галіны трох дзяржаў — яны ўзаемадзейнічаюць у сферы здабычы, транспарціроўкі і перапрацоўкі вуглевадароднай сыравіны. Расія аказвае дапамогу Беларусі і Казахстану ў развіцці ядзернай энергетыкі. «Расатам» узводзіць атамную электрастанцыю ў Беларусі, дзе першы энергаблок будзе запушчаны ўжо ў 2018 годзе, а таксама працуе над будаўніцтвам першай АЭС у Казахстане і вядзе сумесную здабычу ўрану.
Асобна была закранута сітуацыя ў глабальнай эканоміцы, якая застаецца нестабільнай. «Нізкая дзелавая актыўнасць, застой сусветнай гаспадаркі, валацільнасць сыравінных рынкаў прама адбіваюцца на краінах СНД. У 2014 годзе сукупны прырост ВУП дзяржаў Садружнасці склаў толькі 0,9%, сёлета і зусім чакаецца некаторы спад, прыкладна на 1,4%», — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін адзначыў, што на сустрэчы ішла гаворка пра сітуацыю ва Украіне. Прэзідэнт Расіі адзначыў актыўны ўдзел Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева па садзейнічанні ва ўрэгуляванні гэтай праблемы. «Дзякуючы дасягнутым у Мінску 12 лютага пагадненням з'явілася рэальная магчымасць для паэтапнай дээскалацыі ўзброенага канфлікту. Вельмі разлічваем на тое, што ўлады ў Кіеве будуць цалкам выконваць дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. Прэзідэнт Расіі дадаў, што на сустрэчы былі закрануты і іншыя аспекты рэгіянальнага парадку дня.
Паводле слоў Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, для Еўразійскага эканамічнага саюза 2015-ты з'яўляецца годам вялікага выкліку. «Цяперашні крызіс выкліканы рэзкім зніжэннем коштаў на энерганосьбіты. У сувязі з гэтым у ЕАЭС панізіўся таваразварот. Мы меркавалі, што такія рызыкі будуць. Наша задача сёння — дамовіцца і вельмі па-дзелавому нашым урадам абмеркаваць гэта. 2015-ты — вялікая рызыка і вялікі выклік для ЕАЭС», — сказаў ён.
Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся развіваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, даручыўшы урадам прапрацаваць пытанні, якія спрыяюць аднаўленню росту аб'ёмаў гандлю. Прэзідэнты таксама прынялі рашэнне працягваць практыку падобных нефармальных сустрэч, каб абмяркоўваць і прымаць аператыўныя рашэнні па рэагаванні на крызісныя з'явы.
Уладзімір Пуцін запрасіў прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана прыняць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у Маскве, якія пройдуць з нагоды 70-годдзя Перамогі, агульнай святой даты для трох краін. Ён таксама адзначыў, што ў парадзе на Краснай плошчы 9 Мая разам з расійскімі прымуць удзел беларускія і казахстанскія ветэраны.
Пасля заканчэння трохбаковай сустрэчы прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі наведалі бібліятэку першага Прэзідэнта Казахстана. Кіраўнікі дзяржаў пагутарылі з юнымі наведвальнікамі бібліятэкі. Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну былі ўручаны электронныя чытацкія білеты.
Напярэдадні ў рамках рабочага візіту беларускага кіраўніка ў Астану адбылася двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева. «У нашых двухбаковых адносінах, здаецца, усё не так дрэнна. Хоць запаволенне ёсць і хацелася б, каб перш за ўсё гандаль развіваўся нармальнымі тэмпамі. Але вядомыя падзеі звонку, абвал расійскага рубля амаль у два разы, вядома ж, паўплывалі на сітуацыю ўнутры Казахстана, унутры Беларусі», — сказаў беларускі лідар.
«Да месца ваша запрашэнне, спроба абмеркаваць гэтую сітуацыю і, калі трэба, прыняць рашэнне. Таму што нас гэта насцярожвае. Тэмпы негатыўныя назапашваюцца, і многае залежыць тут ад Расійскай Федэрацыі, мы ўтрох павінны знайсці выхад з гэтага становішча так, каб наш саюз аказаўся і надалей прывабным, каб людзі бачылі, што ў нас станоўчая дынаміка, хаця б унутры нашага саюза», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Беларускі лідар звярнуў увагу таксама на прэзідэнцкую перадвыбарчую кампанію, якая праходзіць у Казахстане. «Вы ведаеце наша стаўленне да вас, ведаеце, што мы за вас вельмі перажываем, зычым вам перамогі. Я ведаю, што казахстанскі народ ставіцца да вас з вялікай увагай і цеплынёй, але як бы ні склалася гэтая прэзідэнцкая кампанія, нам трэба думаць пра будучыню», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Учора візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан завяршыўся.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.