Вы тут

Адзнака ў школе: пернік ці бізун?


Ці трэба адмаўляцца ад безадзнакавага навучання ў пачатковай школе

Школьная адзнака даўно стала такім жа абавязковым атрыбутам, як класная дошка або партфель. Што звычайна жадаюць школьніку? Добрых адзнак... Раней шкалярам жадалі вучыцца на «пяцёркі», а, каб кагосьці пахваліць, звычайна казалі, што «зроблена на пяць балаў». Цяпер жа індыкатарам школьнай паспяховасці сталі «дзясяткі», але што змянілася ў прынцыпе? У многіх сем'ях нават «сямёрка», атрыманая дзіцем, становіцца трагедыяй!

21-27

21-27

 

Як вядома, зараз рыхтуюцца змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. І адна з прапаноў тычыцца вяртання ў пачатковую школу адзнак. На дадзены момант увогуле без адзнак навучаюцца вучні першых і другіх класаў. А ў трэціх і чацвёртых — не выстаўляюцца адзнакі па такіх прадметах, як «выяўленчае мастацтва», «працоўнае навучанне», «музыка» і «фізічная культура і здароўе».

Трэба прызнаць, што ў безадзнакавага навучання ёсць як прыхільнікі, так і апаненты. Апошнія ўказваюць на недасканаласць гэтай сістэмы і вялікую нагрузку пры запаўненні дакументацыі, якая кладзецца на настаўнікаў пачатковых класаў. Ім, акрамя класнага журнала, даводзіцца запаўняць яшчэ і журнал сістэматычнага ўліку ведаў, уменняў і навыкаў, ствараць
партфоліа для сваіх вучняў і прыдумляць розныя іншыя спосабы (зорачкі, сонейкі, флажкі і гэтак далей), каб зафіксаваць рух наперад у вучобе сваіх вучняў. Да таго ж без выстаўлення адзнакі ў дзённік цяжка растлумачыць бацькам, на якім узроўні развіцця знаходзіцца іх дзіця.

Пяцьдзясят на пяцьдзясят

— Летась мы правялі апытанне сярод педагогаў пачатковай школы, цікавіліся іх меркаваннем: ці лічаць яны эфектыўнай сістэму безадзнакавага навучання ў першых і другіх класах, — расказала падчас «круглага стала» на тэму «Перспектывы навучання без адзнак у сярэдняй школе» начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі ВалянцінаГІНЧУК. — У апытанні былі задзейнічаны педагогі з усіх рэгіёнаў краіны. Іх меркаванні падзяліліся: 24% апытаных лічаць сістэму безадзнакавага навучання эфектыўнай, яшчэ столькі ж таксама лічаць гэты падыход эфектыўным, але пры ўмове, што настаўнікі будуць вызвалены ад залішняй дакументацыі, а 46% апытаных назвалі дадзены метад ацэнкі неэфектыўным і паведамілі, што, на іх думку, адмовіцца ад безадзнакавага навучання ў першым і другім класах можна.

40% рэспандэнтаў лічаць, што выстаўленне адзнак па дзесяцібальнай шкале неабходна ўводзіць з другога года навучання, а 33% лічаць магчымым перайсці да выстаўлення адзнак ужо з другога паўгоддзя першага класа.

Валянціна Гінчук расказала, што ў 2008—2012 гадах у Беларусі праходзіў эксперымент па апрабацыі безадзнакавага навучання вучняў трэціх і чацвёртых класаў па чатырох прадметах — «музыцы», «выяўленчым мастацтве», «працоўным навучанні» і «фізічнай культуры і здароўі». Па яго выніках была зроблена выснова, што навучэнцы якасна засвойваюць змест урокаў, паспяхова спраўляюцца з заданнямі трэцяга, чацвёртага і пятага ўзроўняў складанасці, дзе неабходна, скарыстоўваюць веды ў знаёмай і незнаёмай сітуацыі, у іх паніжаны ўзровень трывожнасці, яны не баяцца памыліцца і, самае галоўнае, у гэтых навучэнцаў сфарміраваліся ўнутраныя матывы да вучэбнай дзейнасці. Таму па выніках эксперымента гэтую мадэль укаранілі па ўсёй краіне.

Цікава, як змянялася стаўленне бацькоў да безадзнакавага навучання: калі ў пачатку эксперымента ідэю падтрымлівалі толькі 46% бацькоў, то на апошнім этапе іх было ўжо 63%. А вось спроба ўкараніць безадзнакавае навучанне ў пятым класе па прадмеце «выяўленчае мастацтва» правалілася. Педагогі канстатавалі зніжэнне ў дзяцей матывацыі...

На думку Валянціны Гінчук, незадаволенасць многімі настаўнікамі безадзнакавай сістэмай навучання тлумачыцца проста: ад педагога патрабуецца на кожным уроку даць змястоўную ацэнку рабоце кожнага вучня, каб той зразумеў, чаму ён навучыўся. А гэта сур'ёзная работа...

— Безадзнакавую сістэму навучання настаўнік павінен прыняць усім сэрцам, — падтрымлівае калегу начальнік аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі Лілія КУЗНЯЦОВА. — Рэалізаваць гэту ідэю так, як яна задумвалася першапачаткова, можа толькі прафесіянал і адначасова творчы чалавек, таму што безадзнакавае навучанне не азначае, што яно безацэначнае. Форму фіксацыі вучэбных дасягненняў сваіх вучняў педагог выбірае сам. Таму безадзнакавая сістэма навучання вымагае ўдасканалення прафесійнай культуры настаўнікаў і правядзення інфармацыйна-тлумачальнай работы з бацькамі. Я, як прадстаўнік пачатковай школы, выступаю за безадзнакавае навучанне, якое стварае камфортную атмасферу ў школе і захоўвае псіхалагічнае здароўе дзіцяці. У школьнікаў адсутнічае страх перад урокамі, яны не баяцца дапусціць памылку. Мяркую, што перспектывы безадзнакавай сістэмы навучання напрамую залежаць ад таго, наколькі якасна рыхтуюць педагогаў у ВНУ. Ці надаюць там гэтай тэме належную ўвагу...

21-26

21-26

 

Выпраўленая памылка — рух наперад

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алы СЕМЯНОВІЧ,адзін з прынцыпаў безадзнакавага навучання — спалучэнне якаснага і колькаснага складнікаў ацэнкі. Гэта значыць, што педагог ацэньвае не толькі прырост у ведах і ўменнях. Для яго значэнне мае здольнасць вучня адаптавацца да школьнага асяроддзя, уменне задаваць пытанні, кантактаваць...

— Для сістэмы безадзнакавага навучання характэрна неперарыўнае адсочванне таго, на якім этапе знаходзіцца кожны канкрэтны вучань, — тлумачыць Ала Семяновіч. — А пры дзесяцібальнай сістэме, якая ацэньвае толькі канчатковы вынік, ацаніць кожны крок дзіцяці немагчыма. Значыць, сёння трэба ставіць вучню «2», заўтра «4», потым «6», а якую тады выстаўляць яму адзнаку за чвэрць? Калі дзіця выпраўляе ўласную памылку — гэта прагрэс, рух наперад, але пры 10-бальнай сістэме выпраўленая вучнем у кантрольнай рабоце ці дыктоўцы памылка лічыцца недахопам і ўплывае на канчатковую адзнаку. Я разумею бацькоў, якім прасцей запытацца ў дзіцяці, што яно сёння атрымала... Добра, калі гэта будзе «10» ці «9» балаў, а калі «5» ці «6»? Але ж у кожнага дзіцяці — свой патэнцыял, і нельга чакаць, што ўсе будуць выдатнікамі. А безадзнакавае навучанне дазваляе дзецям не бачыць адзін у адным «выдатнікаў» і «двоечнікаў», «сераднячкоў» і «харашыстаў». Тым больш што суб'ектывізм заўсёды будзе прысутнічаць у ацэнцы, зробленай настаўнікам...

Не зламаць жыццёвы сцэнарый

— Эйнштэйн пісаў, што калі рыбу ацэньваць па яе здольнасці ўзбірацца на дрэва, то яна ўсё жыццё пражыве з верай у сваю нікчэмнасць, — дзеліцца сваім меркаваннем настаўнік-метадыст, кандыдат педагагічных навук, настаўніца пачатковых класаў Святлана ГІН. — Што там складанага ў пачатковай школе? Прыкладна так разважаюць бацькі, упэўненыя, што дзіця наперакор ім вучыцца не хоча... Скажыце, калі дзіця вучыцца катацца на веласіпедзе і падае, ці злуемся мы на яго? Не, бо яно ж вучыцца. А чаму ў такім разе мы злуемся, калі дзіця вучыцца чытаць, лічыць і ў яго штосьці не атрымліваецца?

Мне цікава было даведацца меркаванні саміх дзяцей наконт адзнак, таму я правяла ў школах Гомельскага рэгіёна міні-даследаванне. Апытаннем былі ахоплены 440 вучняў 3-х і 4-х класаў. Высветлілася, што 94% трэцякласнікаў жадаюць вучыцца з адзнакамі, а сярод чацвёртакласнікаў на карысць адзнак выказаліся 75%.

У той жа час большасць са школьнікаў хацела б атрымліваць толькі «9» і «10» балаў. Чаму? Як паведамілі самі дзеці, для таго, каб парадаваць сваіх бацькоў, якія сварацца нават за «сямёрку». Дзеці баяцца сустрэць неадабрэнне з боку маці ці бацькі і яшчэ больш баяцца пакарання. 57% школьнікаў паведамілі, што іх дрэнныя адзнакі выклікаюць негатыўную рэакцыю з боку бацькоў. Таму я лічу, што ўсе сілы трэба скіраваць на работу з дарослымі. А бацькам трэба спакойна ўспрымаць вынікі дзіцяці, у тым ліку адмоўныя...

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія ВАНІНА расказала, што аналіз зваротаў у Міністэрства адукацыі акрэсліў дзве галоўныя праблемы: высветлілася, што многія бацькі не ўмеюць размаўляць ні са сваімі дзецьмі, ні з настаўнікамі.

— У першакласніка і другакласніка, калі той прыходзіць дамоў, дагэтуль пытаюцца, што ён атрымаў у школе. Не цікавяцца, як той правёў дзень, ці спадабаўся яго малюнак... А адносіны бацькоў з настаўнікамі яшчэ больш складаныя. Ім значна прасцей задаць пытанне міністру адукацыі праз інтэрнэт, чым падысці да школьнага настаўніка. У міністэрства прыходзяць звароты, у якіх бацькі цікавяцца, чаму іх дзіцяці паставілі тую ці іншую адзнаку? А бацькі першакласнікаў і другакласнікаў не разумеюць, як ва ўмовах адсутнасці адзнак развіваецца іх дзіця. Чаму не запытацца пра тое ж у школьнага настаўніка?

— У школе, дзе вучацца мае дзеці, 40% зваротаў да школьнага псіхолага звязаны з ацэначна-адзнакавай дзейнасцю, — паведаміў сямейны псіхолаг, бацька чатырох дзяцей Андрэй ТУРАВЕЦ. — Многія сем'і зацікаўлены ў тым, каб іх дзіцяці паставілі зразумелую ім адзнаку. Мы арганізавалі ў школе «Клуб бацькоў». На першае месца сярод пытанняў, якія іх хвалююць, мужчыны паставілі школьныя адзнакі. Высветлілася, што фізічнае пакаранне за дрэнныя адзнакі, на жаль, застаецца нормай для многіх сем'яў.

Па словах спецыяліста, да 7 гадоў у дзіцяці фарміруецца базавы жыццёвы сцэнарый. Але першы клас становіцца своеасаблівай пераломнай кропкай. І нават калі ў дзіцяці быў вельмі пазітыўны сцэнарый, педагог можа ўсё зламаць, уключаючы самаацэнку дзіцяці, прычым так, што потым ужо ні псіхолаг, ні псіхатэрапеўт яму не дапамогуць.

Таму ад таго, як сёння будуць вучыць дзяцей у школе, што, як і калі будуць ацэньваць, залежыць, якімі яны будуць заўтра. Упэўненымі ў сабе, творчымі, адкрытымі або выйдуць закамплексаванымі і безыніцыятыўнымі, з ярлыком няўдачніка. У якасці альтэрнатывы педагогі прапануюць адмовіцца ад выстаўлення бягучых адзнак і пакінуць толькі тэматычны і выніковы кантроль, каб спачатку даць дзецям час навучыцца, а ўжо затым экзаменаваць іх веды...

Надзея НІКАЛАЕВА.

Калі вы бачыце, што дзіця вельмі заклапочана сваімі школьнымі адзнакамі, або вы самі перабольшваеце іх каштоўнасць, скарыстайцеся парадамі псіхолага.

Парада № 1.

Задумайцеся, наколькі вашы патрабаванні і чаканні суадносяцца з магчымасцямі дзіцяці. Не арыентуйце яго толькі на поспехі ў школе. Лепш дапамажыце вылучыць тыя прадметы, па якіх ён здольны атрымліваць высокія адзнакі.

Парада № 2.

Калі ў дзіцяці не ладзіцца з вучобай, паспрабуйце ўстрымацца ад папрокаў. Супакойце яго і растлумачце, што вы будзеце любіць яго незалежна ад адзнак, якія ён атрымлівае.

Парада № 3.

Часцяком бацькі перажываюць з прычыны дрэнных адзнак і заўваг з боку настаўніка значна больш, чым вучань. Не забывайцеся, што адзнака часта носіць суб'ектыўны характар. Паспрабуйце не драматызаваць школьныя няўдачы. Наадварот, падтрымайце дзіця і ўсяляйце ўпэўненасць у тым, што ў наступны раз у яго ўсё атрымаецца.

Парада № 4.

Калі дзіця стараецца, не скупіцеся на пахвалу. Нават калі яго намаганні і не прынясуць высокую адзнаку, ён будзе ведаць, што для вас важныя яго старанні і жаданне вучыцца. Пры гэтым не параўноўвайце яго поспехі з поспехамі іншых дзяцей. Сканцэнтруйцеся на тым, як ён вырас у параўнанні з самім сабой ранейшым, чаму новаму ён навучыўся.

Парада № 5.

Не варта занадта захапляцца найвышэйшымі баламі і гараваць праз нізкія. Не забывайцеся, што дзіця ў першую чаргу ідзе ў школу па веды.

Парада № 6.

Будзьце прыкладам. Калі маці — перфекцыяністка, то і дзіця можа вырасці з «сіндромам выдатніка». Не саромейцеся прызнавацца ў сваіх промахах і няўдачах. І дэманструйце пры гэтым разумнае стаўленне да пройгрышу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.