Вы тут

«Фізікі» атрымаюць напоўніцу


А індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы павінны разбірацца з часовай адміністрацыяй Дэльта Банка

Згодна з заканадаўствам, атрымаць кампенсацыю па ўкладах (дэпазітах), размешчаных у банках Рэспублікі Беларусь, маюць права фізічныя асобы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства. Да аб'ектаў кампенсацыі банкаўскіх укладаў фізічных асоб адносяцца бягучыя (разліковыя) рахункі фізічных асоб, карт-рахункі фізічных асоб, дабрачынныя рахункі фізічных асоб, уклады да запатрабавання фізічных асоб, тэрміновыя ўклады фізічных асоб, умоўныя ўклады фізічных асоб, ашчадныя сертыфікаты, выпушчаныя банкам. А вось банкаўскія ўклады фізічных асоб, якія выступаюць у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, не з'яўляюцца аб'ектамі кампенсацыі. У такім выпадку варта звяртацца ў часовую адміністрацыю банка.

Куды звяртацца і калі заплацяць?

У сувязі з тым, што 18 сакавіка Нацбанкам была адклікана ліцэнзія ў ЗАТ «Дэльта Банк», Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб будзе весці папярэдні запіс для прыёму ўкладчыкаў з 23 сакавіка 2015 года:

1) па электроннай пошце: prіem@adc.by (неабходна пазначыць прозвішча, пашпартныя звесткі, тэлефон зваротнай сувязі, пажаданыя час і дату прыёму;

2) па тэлефонах: +375 17321 13 34, +375 17321 13 38.

Пасля гэтага пра дату прыёму вас праінфармуюць дадаткова па тэлефоне ці электроннай пошце. Прыём фізічных асоб у агенцтве ажыццяўляецца толькі па папярэднім запісе. На прыёме пры сабе мець: арыгінал дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту); дакумент, які сведчыць асобу. У выпадку адсутнасці дагавораў банкаўскага ўкладу (дэпазіту) выпіскі па ўсіх дагаворах банкаўскага ўкладу (дэпазіту) укладчыкаў будуць падрыхтаваны ЗАТ «Дэльта Банк» цэнтралізавана, таму звяртацца ў банк кожнаму ўкладчыку асобна не трэба.

Выплата кампенсацый будзе ажыццяўляцца ў банку, які вызначыць Нацыянальны банк. Адзначым, што выплата кампенсацыі ажыццяўляецца на працягу аднаго месяца з даты падачы ў агенцтва заявы аб выплаце кампенсацыі па форме, вызначанай агенцтвам, арыгіналаў дагавораў банкаўскага ўкладу і атрымання ад агенцтва паведамлення па вызначанай форме аб месцы і часе выплаты.

Спецыялісты агенцтва таксама адказалі на шэраг іншых пытанняў, якія апошнімі днямі ім задавалі.

Дэбетавыя карткі

— Ці будзе выплачана кампенсацыя трымальнікам асабістых дэбетавых картак, у тым ліку зарплатных?

— Так. Асабістая дэбетавая картка — гэта дэбетавая картка, выкарыстанне якой прадугледжана дагаворам аб выкарыстанні карткі паміж банкам-эмітэнтам і фізічнай асобай. Грашовыя сродкі на асабістых дэбетавых картках — гэта сродкі, размешчаныя на бягучых (разліковых) рахунках фізічных асоб. А такія рахункі фізічных асоб з'яўляюцца аб'ектамі кампенсацыі. Не будзе выплачана кампенсацыя па карпаратыўнай дэбетавай картцы, бо гэта картка, выкарыстанне якой прадугледжана дагаворам аб выкарыстанні карткі, заключаным паміж банкам-эмітэнтам і юрыдычнай асобай (індывідуальным прадпрымальнікам).

Памеры і валюта

— У якім памеры выплачваецца кампенсацыя?

— У памеры 100% укладу (дэпазіту), належных укладчыку на дату адклікання ў банка ліцэнзіі.

— У якой валюце выплачваецца кампенсацыя?

— У валюце ўкладу (дэпазіту). Калі ўклад размешчаны ў замежнай валюце, то пакрыццё будзе выплачана менавіта ў ёй або, па жаданні ўкладчыка, у беларускіх рублях, зыходзячы з афіцыйнага курсу Нацыянальнага банка на дату адклікання ў банка ліцэнзіі.

— Якую суму кампенсацыі атрымае ўкладчык, калі ў яго некалькі розных укладаў у адным і тым жа банку?

— Укладчык атрымае 100% укладу (дэпазіту) па кожным укладзе, незалежна ад іх колькасці ў адным і тым жа банку.

— Як запазычанасць па крэдыце, узятым у банку, у якога адклікана ліцэнзія, паўплывае на памер кампенсацыі па ўкладах?

— У гэтым выпадку пры разліку кампенсацыі з сумы ўкладаў адымаюцца сумы пратэрмінаваных крэдытаў, сумы пратэрмінаваных адсоткаў, якія падлягаюць выплаце на дзень адклікання ліцэнзіі ў банка, а таксама штрафныя санкцыі за несвоечасовае пагашэнне крэдыту (калі яны налічаны банкам).

— Ці выплачваюцца працэнты па ўкладах?

— Так. Па ўсіх укладах, незалежна ад умоў, будуць налічаны працэнты, належныя ўкладчыку на дату адклікання ліцэнзіі.

Чым можна пацвердзіць права?

— Калі права на кампенсацыю банкаўскага ўкладу (дэпазіту) пацвярджаецца сведчаннем аб праве на спадчыну або пастановай суда аб прызнанні за спадчыннікам права ўласнасці на банкаўскі ўклад (дэпазіт), куды звяртацца спадчынніку?

— Спадчыннік з дакументам, які сведчыць асобу, павінен звярнуцца ў дзяржаўную ўстанову «Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб». Пры гэтым да заявы неабходна дадаткова прыкласці арыгінал пасведчання аб праве на спадчыну або пастанову суда аб прызнанні за спадчыннікам права ўласнасці на банкаўскі ўклад (дэпазіт).

— Ці можна атрымаць кампенсацыю па даверанасці на распараджэнне грашовымі сродкамі ва ўкладах (на рахунках) даверніка, засведчанай службовай асобай банка, у якога адклікана ліцэнзія?

— Не, такая даверанасць не дае права на атрыманне кампенсацыі. Па выплату можа звярнуцца прадстаўнік укладчыка, прад'явіўшы натарыяльна засведчаную даверанасць. Гэтай даверанасцю абавязкова павінна быць прадугледжана права даверанай асобы на атрыманне кампенсацыі. Акрамя таго, прадстаўнік таксама можа звярнуцца па выплату кампенсацыі і на падставе наяўнай генеральнай даверанасці (гэта даверанасць з поўным аб'ёмам правоў, у якой змяшчаюцца паўнамоцтвы на карыстанне і распараджэнне ўсёй маёмасцю даверніка і ажыццяўленне яго правоў і абавязкаў, у тым ліку на прадстаўніцтва перад любымі трэцімі асобамі па ўсіх пытаннях і на вядзенне любых спраў ад імя даверніка).

— Калі ўкладчык змяніў прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, іншыя пашпартныя звесткі і не паспеў (прапусціў тэрмін) паведаміць пра гэта ў банк, у якога адклікана ліцэнзія, якія дакументы яму неабходна падаць у агенцтва?

— Да дакумента, які сведчыць асобу, павінна быць прыкладзена заява аб змене пашпартных звестак і дакументы, якія пацвярджаюць гэтыя змены (пасведчанне аб заключэнні шлюбу, рашэнне суда аб разводзе, даведкі і іншыя дакументы).

Метал не кампенсуюць

— Ці падлягаюць кампенсацыі сродкі на рахунках у каштоўных металах (металічных рахунках)?

— Не, гэтыя сродкі пакрыццю не падлягаюць. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2008 года № 369-З «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб» аб'ектамі кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) з'яўляюцца грашовыя сродкі ў беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаныя фізічнымі асобамі на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты). На металічных рахунках улічваюцца не грашовыя сродкі, а каштоўныя металы, якія вымяраюцца ў пэўных вагавых адзінках.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Грошы верне Банк «Масква-Мінск»

Пастановай праўлення Нацыянальнага банка ад 19 сакавіка 2015 года №171 прынята рашэнне аб прызначэнні адкрытага акцыянернага таварыства «Банк Масква-Мінск» (ААТ «Банк Масква-Мінск») банкам, які будзе ажыццяўляць выплату фізічным асобам кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), прыцягнутых закрытым акцыянерным таварыствам «Дэльта Банк» (ЗАТ «Дэльта Банк»).

У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб», з дня атрымання банкам названага апавяшчэння Нацбанка ў Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб узнікла абавязацельства па кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), прыцягнутых ЗАТ «Дэльта Банк».

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.