Вы тут

Разбяруцца і дапамогуць


У суботу ўпершыню на «прамой лініі» быў Мікалай ШАРСТНЁЎ, старшыня Віцебскага аблвыканкама. Ён быў прызначаны на гэтую пасаду напрыканцы мінулага года. І падчас выслухвання зваротаў Мікалай Мікалаевіч перыядычна падкрэсліваў, што ён «чалавек новы». Таму хоча пачуць сутнасць скаргі без лішніх слоў, як мага дакладней. Больш як за тры гадзіны выслухаў каля сарака чалавек. Што здзівіла, мала званкоў было з глыбінкі, пераважная большасць — з Віцебска.

24-44

«Прафесійная скаржніца»

Сярод гараджан, якія патэлефанавалі, была жанчына, якую можна назваць «прафесійнай скаржніцай».

Карэспандэнт «Звязды» некалькі разоў яе чуў падчас аналагічных «ліній» з удзелам кіраўнікоў мясцовай улады, кантрольных органаў.

— У 2007 годзе капітальны рамонт нашага дома правялі... Туалет сумясцілі з кухняй, праект знішчылі. Да спальні прыбудавалі чужую веранду. Дакументацыю хай пакажуць! Куды не звяртаюся, адны адпіскі, — «рапартавала» жанчына.

Сітуацыю пракаментаваў мэр Віцебска. Аказалася, што ўсе службы не раз займаліся разглядам скаргі. І ніякіх парушэнняў не знайшлі. У доме зроблены капітальны рамонт. Дарэчы, яго можна назваць «элітным». Калісьці быў на дзве кватэры, потым адну прыбудавалі. Дык жыві і радуйся ў ціхім цэнтры, але...

— У працэсе рамонту грамадзянка «ўносіла змены»: ванную зрабіць па-іншаму, кухню таксама. Усе заўвагі стараліся станоўча тэхнічна вырашаць... Скардзілася на гэта і на тое. Імкнуліся пайсці насустрач і дараблялі, як маглі вырашалі пытанні. І быў падпісаны адпаведны акт здачы жылля ў эксплуатацыю... Яна прыватызавала кватэру некалькі гадоў таму. Сёння, згодна з заканадаўствам, за бюджэтны кошт мы не маем права нейкія рамонты рабіць. Могуць камунальнікі аказаць паслугі, але за плату, — растлумачыў Віктар НІКАЛАЙКІН, старшыня Віцебскага гарвыканкама.

З-за такіх «прафесіяналак», на думку Мікалая Шарстнёва, грамадзяне не могуць расказаць пра насамрэч важныя праблемы.

Жыльцы таксама павінны

Мікалай Мікалаевіч, калі пачуў пра яшчэ адзін праблемны дом, заклікаў жыльцоў па-
ўдзельнічаць у навядзенні парадку.

— У Віцебску ў доме на тры пад'езды жывём. Чаму не ўцяпляюць? А побач дом параўнальна малады, дык там і вокны замянілі. А ў нас шум у кватэрах, бо дом на скрыжаванні насычаных транспартам вуліц... Нават пад'езды не рамантуюць, — эмацыянальна расказвала жанчына.

Губернатар наконт капітальнага рамонту сказаў, што былі б у бюджэце грошы, адрамантавалі б, не зацягваючы. Але ёсць і больш праблемныя дамы. І шмат людзей пастаянна скардзяцца на тое, што дзясяткі гадоў чакаюць капітальнага рамонту. На жаль, на ўсіх адразу не хапае бюджэтных сродкаў. Але ў пошуку грошай, упэўнены Мікалай Мікалаевіч, трэба шукаць і неардынарныя падыходы.

— А ў пад'ездах павінны захоўваць парадак і самі жыльцы, — лічыць губернатар. — Бо хто там смеціць, хто сцены аблівае і лямпачкі б'е?

Званкі з глыбінкі

Вяскоўцы задалі пытанні, некаторыя з якіх можна назваць кансультацыйнымі. Напрыклад, чаму забаранілі свіней утрымліваць на прыватным падворку, які недалёка ад свінакомплексу? З-за наступстваў афрыканскай чумы, ад якой Віцебшчына пацярпела больш, чым іншыя вобласці краіны, адказаў губернатар і параіў перайсці на птушак.

Агучылі і вялікую адлегласць аўтобуснага прыпынку ад вёскі. Але ж адпаведны сацыяльны стандарт не парушаны. Губернатар паабяцаў асабіста выехаць на месца. Інвалід па зроку прасіў прывесці ў парадак невялікую дарожку, каб мог нармальна хадзіць. З будучай сталіцы абласных «Дажынак» — Талачына — пацікавіліся, чаму аўтобус заязджае да чыгуначнага вакзала толькі на паперы. Быў зварот наконт зямельнай спрэчкі. А жыхарка Суража выказала просьбу аб рамонце кватэры...

Мікалай Шарстнёў распарадзіўся на працягу тыдня разабрацца з кожным сігналам. І, калі ўлада можа ў канкрэтнай сітуацыі дапамагчы, трэба гэта зрабіць.

— А калі не, дык так трэба і сказаць людзям, каб не пісалі, не тэлефанавалі. Бо іх пытанне вырашыць немагчыма. І чалавек павінен гэта разумець... Грошай няма, навошта абяцаць пра рамонт і іншае? Абяцаем, і гэта змякчае сітуацыю, а чалавек чакае... Мы павінны праўдзіва з людзьмі размаўляць. І людзі нас зразумеюць, — канстатаваў пасля «прамой лініі» губернатар.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».