Вы тут

У Магілёў завітаў «М@рт.кантакт»


Усё пачалося з відовішчнага спектакля на плошчы ў цэнтры горада. Артысты літоўскага тэатра «Пілес», пераапранутыя ў касцюмы часоў французскага караля Людовіка XV, амаль гадзіну ўтрымлівалі ўвагу гледачоў. Калі ўлічыць пасажыраў грамадскага транспарту, які запавольваў рух, калі праязджаў міма, захапляльныя сцэнкі з жыцця вядомай французскай фаварыткі мадам дэ Пампадур убачылі сотні гараджан. Наогул у першы дзень маладзёжнага міжнароднага форуму былі сыграны адразу 4 спектаклі. Такая насычаная праграма захаваецца на працягу ўсіх сямі дзён фестывалю.

24-50

Трагедыі, камедыі, пластыка, сцэнічныя эксперыменты — гледача чакае сустрэча з героямі 19 пастановак у выкананні калектываў з 10 краін свету. На форум завіталі прадстаўнікі тэатраў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Ізраіля, Германіі, Эстоніі, Арменіі, Кіргізіі. І большасць з іх — моладзь, якая паспела ўжо заявіць пра сябе і атрымаць першыя высокія ўзнагароды.

— Магіляўчанам можна пазайздросціць, што ў іх ёсць такое добрае вясновае свята, як «М@рт.кантакт», — адзначыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. — За час свайго існавання гэты форум пазнаёміў гледачоў з лепшымі пастаноўкамі айчынных і замежных аўтараў. А смелым і вынаходлівым творцам адкрыў шлях у вялікае мастацтва. Магілёў стаў трывалай творчай пляцоўкай для таленавітых маладых рэжысёраў, акцёраў, сцэнарыстаў.

Арганізатары фестывалю вырашылі, што сёлета, у Год моладзі, форум абыдзецца без прафесійнага журы. Гэта місія ўскладзена на саму моладзь. Менавіта маладым, якія ставяць свае адзнакі хутчэй сэрцам і эмоцыямі, будзе дадзена слова. Тым не менш на свята запрошаны міжнародныя тэатральныя эксперты, якія кожны дзень пасля праглядаў будуць «перамываць костачкі» стваральнікам і ўдзельнікам пастановак.

Сярод тых, хто прыязджае ў Магілёў не ў першы раз, вядомы тэатр «Прытулак камедыянта» з Санкт-Пецярбургу. Той самы, дзе няма пастаяннай трупы, а лепшыя рэжысёры самі падбіраюць сабе акцёраў на свае пастаноўкі. Гэта творчая пляцоўка, дзе ажыццяўляюцца самыя дзёрзкія задумкі, якія не маюць магчымасці рэалізавацца на сцэне звычайнага штатнага тэатра. Спектакль «Каварства і любоў» у сучаснай версіі маладога таленавітага расійскага рэжысёра Васіля Бархатава, які адным з першых адкрыў тэатральную афішу «М@рт.кантакта», выклікаў неадназначныя эмоцыі ў гледачоў — ад захопленых з боку моладзі да вельмі крытычных з боку тэатразнаўцаў. Але ўсе сышліся думкамі ў тым, што таленавіты малады артыст Ілья Дэль у ролі Фердынанда і яго чароўная Луіза ў выкананні адоранай маладой актрысы Паліны Талстун (між іншым, зоркі тэлесерыялаў) былі непараўнальныя.

Уперадзе яшчэ шмат цікавых сустрэч і мерапрыемстваў. На форуме працуюць майстэрні маладой рэжысуры і маладой журналістыкі, падчас «круглага стала» ўдзельнікі абмяркуюць ролю сучаснай драматургіі ў сучасным тэатры. На працягу тыдня будзе выходзіць газета, дзе маладыя аматары тэатра падагульняюць свае назіранні за творчымі падзеямі аднаго фестывальнага дня. А гледачы маюць магчымасць пакінуць свае меркаванні наконт убачанага на спецыяльнай «сцяне», якая на час форуму ўсталявана ў фае драмтэатра.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.