Вы тут

Прыгоды нясвіжскіх гармат


З-за сваёй прыгажосці яны былі пажаданым трафеем для захопнікаў

Вытанчаныя, арыстакратычныя ўладанні Радзівілаў у Нясвіжы цяпер усе ведаюць як палацава-паркавы комплекс. Аднак палац адначасова з'яўляецца і замкам, які вытрымліваў аблогі падчас розных войнаў. Больш таго, у ім вырабілі калекцыю гармат з унікальным аздабленнем. Усе захопнікі імкнуліся вывезці іх як самы жаданы трафей. Аднак гарматы, быццам шчаслівым лёсам адзначаныя, зноў вярталіся туды, дзе былі адлітыя...

24-41

Падрабязней пра гэта можна пачытаць у кнізе Міколы Волкава «Артылерыя Нясвіжскага замка», якая выйшла ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча. Аўтар з'яўляецца прафесійным гісторыкам, аднак гэтую працу напісаў так, каб чытаць было цікава ўсім, разбавіў яе аповедамі пра рэальных людзей... Але пакуль кніжка яшчэ не трапіла ў вашы рукі, прапаную, са слоў Міколы Волкава, перажыць частку тых прыгод, што выпалі на долю нясвіжскіх гармат:

Унікальнасць еўрапейскага маштабу

«Я апрацаваў шмат інвентароў, апісанняў узбраенняў фартэцый Радзівілаў, Сапегаў, некаторых іншых родаў. З цягам часу стала відавочна, што артылерыя нясвіжскага замка — з'ява выключная ў гісторыі не толькі Беларусі, але і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага і нават Рэчы Паспалітай. У Расіі ўвогуле быў іншы дзяржаўны лад, і прыватныя асобы такую артылерыю ніколі не заказалі б.

Чым унікальныя гэтыя гарматы? Па-першае, яны маюць вельмі адметны дэкор. Унікальнасць такога аздаблення трэба разумець у еўрапейскім маштабе. У 1886 годзе Нясвіж наведваў крон-прынц Фрыдрых Вільгельм (у будучыні ён стаў Вільгельмам ІІ, пры ім Германія распачала Першую сусветную вайну). У сваім дзённіку ён апісвае нясвіжскія гарматы і адзначае: «Такой калекцыі выдатнай зброі я не бачыў нідзе ў іншым еўрапейскім музеі».

Працуючы з літаратурай па збройнай справе, я не бачыў настолькі дасканалага дэкору гармат больш ні ў якой краіне — гэта ўнікальная з'ява.

Па-другое, арсенал унікальны тым, што захоўваўся ў Нясвіжы, з невялікімі перапынкамі, цягам трох з паловай стагоддзяў: ад канца XVІ стагоддзя да 1940 года. У іншых беларускіх фартэцыях, такіх як Ляхавічы, Слуцк (у патэнцыяле яны былі нават мацнейшыя за Нясвіж) таксама была артылерыя, але яе знішчылі ў XVІІІ стагоддзі.

Па-трэцяе, гарматы мелі вялікае значэнне для Радзівілаў на працягу чатырох стагоддзяў — з сярэдзіны XVІ па пачатак XX стагоддзя. Яны сведчылі пра каралеўскія амбіцыі гэтага роду.

4.20

 

Дэкор з саламандрай

Знешні выгляд надзвычай арыгінальны. На ствале мы можам бачыць сямігаловую гідру — напэўна, магічным спосабам яна павінна была дапамагаць гарматам страляць. Часам іх аздаблялі ўзоры ў выглядзе вінаградных гронак. Некаторыя з іх нагадваюць патрушчаную калону. Яна быццам абвязана вяроўкамі для надання трываласці — але і вяроўкі насамрэч выліты з бронзы. Такая знешняя «старажытнасць» з'яўляецца мастацкай стылізацыяй.

Паўстае пытанне, навошта Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку, які пабудаваў гэты замак, заснаваў арсенал, трэба было так упрыгожваць гарматы? Я пакуль што не знайшоў адказу на такое пытанне. Можа, камусьці з вас удасца гэта зрабіць...

Але гэты дэкор «працаваў»: ён не толькі дэманстраваў высокі статус уласніка і яго амбіцыі. Напрыклад, пры Сіротку была адліта серыя гармат, якая называлася «4 элементы» — вада, зямля, агонь і паветра. А ў замку было чатыры бастыёны — усё сімвалічна.

У архіве Радзівілаў у Польшчы захоўваецца выява невядомай гарматы. На ёй няма ніякіх подпісаў, але на пярэдняй частцы ствала мы яўна бачым саламандру. Языкі полымя ззаду і рыбіна луска спераду акурат сведчаць пра гэту істоту. Перагледзеўшы ўсе інвентары радзівілаўскіх, сапегаўскіх рэзідэнцый, я дакладна магу сказаць, што гармата «Саламандра» была толькі адна — у Нясвіжы.

Яна была зроблена на ўзор тых, што адліваў імператар Максіміліян І. Парай да нясвіжскай «Саламандры» была гармата «Кракадзіл», якая захоўвалася ў калекцыі імператара. Гэта значыць, што Сіротка спецыяльна заказваў зброю на ўзор той, што была ў кіраўніка Свяшчэннай Рымскай імперыі, спецыяльна яе архаізаваў і надаваў такую складаную форму. З гэтага мы можам рабіць выснову пра палітычную лінію, якой прытрымліваўся Сіротка.

Вывучаючы гэтыя гарматы, можна дакрануцца да ўнутранага свету, менталітэту людзей, што іх стваралі.

У гісторыі нясвіжскай зброі шмат як белых, так і чорных, шэрых плям. Усё гэта вельмі інтрыгуе і падштурхоўвае даследаваць далей.

[caption id="attachment_76452" align="alignnone" width="600"]24-43 Гармата, стылізаваная пад па­тру­шча­ную ка­ло­ну.[/caption]

«Патопленыя» гарматы адкапалі сяляне з Лахвы

З-за сваёй прыгажосці гарматы сталі пажаданым трафеем для захопнікаў. Адна з першых гармат, якая трапіла ў рукі ворагаў, у 1625 годзе была знойдзена ў Біржайскім замку, адтуль вывезена ў Стакгольм. Яна захавалася да нашага часу і цяпер стаіць у музеі арміі ў Стакгольме.

У час 13-гадовай вайны ў 1654—1667 гадах замак быў акружаны. Захавалася згадка з тых часоў, напісаная слуцкім намеснікам Багуслава Радзівіла: «Шкада будзе, калі возьмуць Нясвіжскі замак, там такая прыгожая артылерыя захоўваецца!» На шчасце, Нясвіжскі замак выстаяў і зброя захавалася на месцы.

У час Паўночнай вайны са шведамі замак усё ж узялі. У 1706 годзе пад яго сцены падышоў Карл ХІІ, які меў славу непераможнага, і яму вырашылі не супраціўляцца. Кароль меў магчымасць агледзець гарматы і вырашыў вывезці ў Стакгольм. Але перавозіць іх сталі незвычайным чынам. У Карла былі планы ва Украіне, і гарматы таксама накіравалі туды. Цягнуць іх давялося праз Прыпяць, аднак высветлілася, што тыя, хто іх перавозіў, не разлічылі свае сілы. Гарматы вырашылі затапіць, гэта адбылося ў 1706 годзе. Самае цікавае, што ніхто не ведаў, куды падзелася зброя. Радзівілаўскія падначаленыя рапартавалі, што ўсе гарматы забралі з сабой шведы ці пераправілі. Аднак у 1717 годзе нечакана сяляне з вёскі Лахвы (цяпер Лунінецкі раён) у рэчцы адкапалі гэтыя гарматы і вярнулі іх у Нясвіж.

20110727Warszawa_4587

 

Ці ўсе скарбы знайшлі?..

Інтрыгуючыя падзеі адбываліся і ў другой палове XVІІІ стагоддзя, калі замак належаў Пане Каханку. Ён меў каралеўскія амбіцыі, яго рыхтавалі да таго, каб стаць каралём. Ён і сам усяляк імкнуўся да такога стану, таму пастаянна ўвязваўся ў канфлікты з пратэктарам тагачаснага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага — Расіяй. Пры Пане Каханку расійскія войскі двойчы займалі замак: у 1771 годзе яны абсалютна «абчысцілі» збройню. Усе гарматы былі расплаўлены і прададзены ў Каралявец (сучасны Калінін-
град) — так сведчаць крыніцы. Але, што цікава, вярнуўся Пане Каханку і з ім зноў вярнуліся гарматы! Узнікае пытанне, дзе ён іх хаваў?..

У 1792 годзе каля 40 гармат зноў былі дзесьці схаваныя. У 1812 годзе, пасля адступлення Дамініка Радзівіла, з замка вывозіліся ўсе каштоўнасці. Хутчэй за ўсё, самыя прыгожыя гарматы і на гэты раз схавалі. Перыяд канца XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя быў даволі «цёмным», з пункту гледжання таго, што хавалі, дзе і ці змаглі пасля знайсці... Бо пасля таго, як падзеі вайны з Напалеонам прайшлі, у 1819 годзе 30 гармат знайшліся ў адным з памяшканняў замка — пра іх ніхто не ведаў. Гэта падштурхоўвае нас да разваг, што, можа, не ўсе гарматы, якія калісьці хавалі ў Нясвіжы, былі знойдзены, як і не ўсе скарбы?.. Многія ведаюць пра 12 залатых апосталаў, якія дзесьці ляжаць і чакаюць тых, хто іх адшукае — але звестак пра іх вельмі мала. А вось гарматы згадваюцца ў многіх крыніцах. Мы можам меркаваць, што іх хавалі, прычым вельмі добра.

Пасля таго, як расійскія войскі вывезлі гарматы, яны даведаліся, што Пане Каханку яшчэ штосьці ўтаіў. Знайшлі нават чалавека (артылерыста Радзівілаў), які ведаў, дзе яны схаваны. Прывезлі яго ў Нясвіж, капалі ў трох месцах глыбокія ямы, але безвынікова.

4.23

«Іх пакручасты лёс працягваецца»

Пакручасты лёс гармат працягваўся. У пачатку XІX стагоддзя Радзівілы выбралі каля 20 самых прыгожых з іх і пакінулі для сваёй прыватнай калекцыі як каштоўны рэлікт. Яны захаваліся да нашага часу.

З пачаткам Першай сусветнай вайны, калі па тэрыторыі Беларусі прайшла лінія фронту, расійскае кіраўніцтва прыняло рашэнне аб вывазе ўсіх каштоўных для абарончай прамысловасці матэрыялаў (званоў, старых гармат) углыб Расіі. Пасля таго большасць званоў у нашы цэрквы і касцёлы так і не былі вернутыя. Але нясвіжскія гарматы захавалі і не пусцілі на пераплаўку.

У пачатку 1920-х гадоў па дамоўленасці савецкай Расіі з Польшчай іх перадалі ў Варшаву. Прычым адпраўлялі 21 гармату, а прыбыло ў Польшчу 24 — значыць, па дарозе дзесьці знайшлі яшчэ 3. Паляжаўшы крыху ў каралеўскім замку ў Варшаве, яны былі вернуты ў Нясвіж. Але там, на жаль, доўга не затрымаліся. У 1940 годзе, калі ў замка былі ўжо новыя ўласнікі, каштоўную зброю перадалі ў Мінск. Ёсць фотаздымак 1942 года, дзе гарматы ляжаць у дворыку гістарычнага музея, а на іх вісіць шыльдачка: «З гэтых гармат літоўскія феадалы стралялі па беларускіх сялянах». Такі спосаб інтэрпрэтацыі нашай спадчыны цяпер здаецца камічным.

У 1942—1943 гадах іх вывезлі ў Берлін як сведчанне заваёў нямецкага войска. У дакуменце, які пацвярджае гэта, напісана, што разам была перададзена і скрынка з гістарычнымі малюнкамі... Адразу ўзнікаюць пытанні, што гэта былі за малюнкі, куды яны падзеліся? Адтуль зброя пазней была вывезена ў Санкт-Пецярбург. Мною рабіліся запыты адносна скрынкі, але пра яе нічога не вядома... Такім чынам, нас яшчэ чакаюць адкрыцці. Трэба шукаць, і мы знойдзем шмат цікавага ў гісторыі.

У 1953 годзе па дамоўленасці з палякамі гарматы былі перададзены ў Варшаву. Сёння большасць з іх захоўваецца ў музеі Войска Польскага. Для нясвіжскага замка зроблены дзве копіі гэтых гармат...»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.