Вы тут

Гаспадары офісаў паменшылі апетыты


У сталіцы істотна патаннела арэнда памяшканняў для «белых каўнерыкаў»

Эксперты сталічнага рынку камерцыйнай нерухомасці падлічылі, што сярэдні кошт арэнды памяшканняў у бізнес-цэнтрах Мінска знізіўся з пачатку года на 12%. Аб гэтым паведамляе кіраўнік праектаў агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Наталля Новікава.

24-45

Тэндэнцыя — на зніжкі

Такім чынам, толькі за люты арэндныя стаўкі ў мінскіх офісах класа «А» (вышэйшы ўзровень) знізіліся на 5% — да 27,2 еўра за квадратны метр з ПДВ. Больш за ўсё за месяц «схуднелі» стаўкі ў аб'ектах C-класа — на 15%. Цяпер «квадрат» у іх у сярэднім абыходзіцца арандатарам ў 13,6 еўра. Стаўкі арэнды ў бізнес-цэнтрах класа «B» знізіліся на 8% і ў сярэднім складаюць 18 еўра за адзінку плошчы.

Між іншым, сёння попыт на рынку арэнды офісных плошчаў застаецца стабільным. Аднак арандатары сталі больш пераборлівымі пры выбары памяшканняў, а ўласнікі бізнес-цэнтраў у большасці сваёй ідуць на ўступкі. У выніку знізіліся стаўкі і ўзрасла колькасць прэферэнцый з боку дэвелапераў. У той жа час рынак цяпер актыўна карэктуе цэнаўтварэнне, пры гэтым з выхадам на раўнаважны стан арэндныя стаўкі могуць зафіксавацца на адным узроўні. Але для дасягнення балансу попыту і прапановы на рынку павінен прайсці яшчэ некаторы час, лічыць спецыяліст.

Прапанова «пераскоквае» попыт

Тут трэба ўлічваць і той факт, што цяпер у Мінску будуецца больш за 30 офісных аб'ектаў. А ў выніку на працягу года рынак офіснай нерухомасці можа прырасці яшчэ на 170 тысяч «квадратаў». Сярод знакавых бізнес-цэнтраў — Rіvіera Plaza са SPA-комплексам і Premіer Palace з гандлёвай зонай (абодва — на праспекце Пераможцаў), «Красавік» з суперофісам (на праспекце Жукава) і «Магістр» (Уручча). «Прафесіяналізм дэвелаперскага бізнесу расце, а мінскі рынак офіснай нерухомасці выходзіць на еўрапейскі ўзровень. Аднак попыт не паспявае за прапановай», — патлумачыла сітуацыю эксперт.

Рэкордныя аб'ёмы ўводу офісных плошчаў разам з няпэўнай макраэканамічнай сітуацыяй аказваюць ціск на ўзровень арэндных ставак. Разумеюць гэта як арандатары, так і ўласнікі. Прычым калі раней больш выгадныя ўмовы арэнды прапаноўвалі новыя бізнес-цэнтры, якім важна як мага хутчэй знізіць узровень вакантнасці, то цяпер падобныя ўмовы прадастаўляюць і дзейныя аб'екты.

Набыццё ва ўласнасць — не ў фаворы

Пры гэтым рынак пераарыентуецца з продажу офісных плошчаў на іх арэнду. «Цяпер офісныя памяшканні рэалізуюцца толькі на пляцоўках унікальных аб'ектаў або па прывабных цэнах. Простыя памяшканні, ды яшчэ па завышаным кошце, як правіла, застаюцца незапатрабаванымі», — патлумачыла агульную сітуацыю кіраўнік праектаў. На другасным рынку офіснай нерухомасці цэны знізіліся ў лютым на 14%. За квадратны метр у бізнес-цэнтрах B-класа цяпер у сярэднім просяць 2090 умоўных адзінак (USD), C-класа — 1860 у. а. Пры гэтым прымальныя для рынку цэны ў сярэднім ніжэй на 15-20%.

Кліентаў «праглынуць» гібрыдныя комплексы?

У найбліжэйшай будучыні ўскладніцца структура рынку офіснай нерухомасці, лічыць эксперт. Сёння ў Мінску ўзводзяцца комплексы, якія спалучаюць у сабе офісныя, гандлёвыя і забаўляльныя аб'екты. Калі ў Маскве, Варшаве або Парыжы гэта ўжо стала нормай, то для Мінска — рэдкасць. У цені такіх гігантаў пасрэдным аб'ектам стане складаней заняць сваю нішу на рынку, упэўнена прадстаўніца агенцтва нерухомасці.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.