Вы тут

Трое... На востраве слёз


...«Ну, ці добры ў вас дзень? — сумяшчаючы вітанне з пытаннем, звычна цікаўлюся ў знаёмага дзеда. — Як жывяце?»

Адказвае той па-рознаму: то ўлюбёным «Паскудства, брат, і не пытайся», то вясёлым «Пачну з аналізаў?» і «Дрэнна, але я прывык»... Надоечы ў яго яшчэ адзін варыянт з'явіўся:

— Ды як на караблі — ванітуе, але ж плыць трэба!

Па дарозе

«Хай гавораць» — гэта назва папулярнага ток-шоу. «Усе гавораць!» (прычым адначасова) — гэта, здаецца, таксама адтуль. А яшчэ — з грамадскага транспарту, бо там...

Ну вось надоечы ў нашым аўтобусе па гучнай сувязі чуваць засцярогі ад кішэнных зладзеяў, трохі цішэй кантралёры высвятляюць адносіны з двума п'янымі «зайцамі», побач з імі штось абмяркоўвае купка дзяўчат, раз-пораз і на ўсе галасы «спяваюць» мабільнікі... Праўда, у іншых... І гэта яны, тыя іншыя, некаму нешта кажуць...

А дзеда, што сядзіць паблізу, гэта раздражняе: ён, мусіць, таксама хацеў бы! І таму, падумаўшы, дзелавіта расшпіляе куртку, з унутранай кішэні дастае штось падобнае на капшук (сцягнутую вяровачкай торбачку для табакі), а ўжо з яго — мабільнік, старанна ўглядаецца ў дробныя лічбачкі, штось націскае, сурова кажа камусь:

— Будзь дома! Я зараз прыеду...

Больш казаць, здаецца, няма чаго, але ж і размову спыняць не хочацца... Таму дзед, уважліва агледзеўшы руку з мабільнікам, строга дадае:

— Ты вось што — вечарам мне пазногці абрэжаш... Толькі ж глядзі — не забудзься!

Усё цяпер: наяўнасць «апарата» засведчана, загады аддадзены. Значыць, можна схаваць тэлефон назад у кішэнь ды ехаць далей...

З пачуццём уласнай «нягоршасці».

З вялікага грому...

Кідкага, досыць гучнага «Мы адкрыліся!» на новай кавярні няма, але ж дзверы яе прыадчынены, і адтуль, на праспект, ну гэтакі пах, што міжволі прыпыняеш хаду і нават зазіраеш.

Там амаль бязлюдна, там прасторна і ўтульна, там хораша накрытыя сталы, цікавы інтэр'ер...

— Што вам прапанаваць? — пытае мілая гаспадыня ў дзвюх кабет, мусіць, таксама завабленых пахам.

— Спачатку — цэннік, — адказваюць тыя.

Ён, вядома ж, ёсць — распрацаваны, зацверджаны... Што жанчынак, праўда, не радуе, бо, паводле яго за кубачак кавы трэба заплаціць 35 тысяч беларускіх рублёў.

— Сюды хіба што па святах заходзіць, — каментуе гэту лічбу адна з кабет.

Другая — больш катэгарычная:

— А я і па святах сюды ні нагой...

Што, вядома ж, крыўдна! Крыўдна для жанчын, якім, відаць, хацелася б тут пасядзець, крыўдна для гаспадара, які — ну напэўна ж! — марыў адкрыць гэтую кавярню, выкупляў памяшканне — не маленькае, у цэнтры сталіцы, «укладваўся» ў рамонт-абсталяванне, завозіў прадукцыю, падбіраў сабе кадры і ўжо бачыў прыбытак. А што атрымаў?

Адказ (дай Бог памыліцца!) — побач з кавярняй: на крамцы «Оптыка», замацавана кідкае: «Распродаж! У сувязі з ліквідацыяй».

У вас сваё вяселле, у нас — сваё

Міхасёк апроч асноўнай школкі ходзіць у музычную, шмат займаецца дома. Надоечы вось развучваў песню «Во поле березонька стояла...». Бабуля пазірала на яго, слухала, а потым, калі ўнук ужо «злажыў» акардэон, прызнала:

— Харошая песня!.. Мы ў твае гады такія рэдка спявалі.

— А якія часцей? — зацікавіўся ўнук.

— Ну вось паслухай, — прапанавала бабуля і, падняўшыся з крэсла, урачыста завяла: «Ленин всегда живой, Ленин всегда со мной — в горе, в надежде и в радости. Ленин в моей весне, в каждом счастливом дне, Ленин в тебе и во мне...»

Міхасёк спачатку слухаў, ва ўсе вочы глядзеў, а потым як зарагоча!

Бабуля нават пакрыўдзіцца на яго хацела — насілу стрымалася.

Бо, падумаўшы, зразумела: вельмі многае з таго, што яе пакаленне ўспрымала ўсур'ёз, за чыстую манету, пакаленню ўнукаў здаецца смешным. Яшчэ мякка кажучы.

Экспертыза

Гароднінай варта запасацца з восені. Ну хоць бы для таго, каб потым не насіць яе з рынку, бо гэта і цяжка, і дорага, і часам чарга...

Па́ра ў ёй — наперадзе. Жонка старанна «перабірае» бурачкі: тыя, што падабаюцца, кладзе на вагі, тыя, што не — вяртае назад у скрынку. Муж — дапамагае ёй. Ён (як бы гэта сказаць?) перабірае перабранае і нават не маўчыць:

— А вось гэты бурак ты чаму адкінула? — пытаецца ў жонкі.

— А то сам не бачыш? — злуецца яна. — Яго ж мышы пагрызлі!

— Ну і што? Мыш жа не дурная — штось «хімознае» есці не будзе. А пагрызла, — значыць, добры, чысты бурак!..

Мужчына гаварыў пра гэта гучна і настолькі ўпэўнена, што бурачкі ў цёткі куплялі ўсе, нават тыя, каму не трэба.

Новы паварот...

Унук да бабы Зіны прыязджае рэдка, на дзянёчак-другі і, вядома ж, не для таго, каб там працаваць. Але ёй напярэдадні прывезлі дровы, яна дамовілася з чалавекам парэзаць... Тут хоць-нехаць трэба дапамагчы — заўтра...

Унук для гэтага раней звычайнага лёг спаць, бабуля са старой шафы выцягнула ці не такія ж старыя прашараваныя сынавы джынсы ды латкі на падбіўку — села штабнаваць. І не забавілася: праз гадзінку-другую апратка была гатова.

— На, адзень, — загадала ўнуку ранічкай. — Добра будзе дровы падаваць.

— У гэтым?! Бабуля, ты што?! — абалдзела зацягнуў унук, уважліва разглядаючы джынсы. — Ды гэта ж сама тое цяпер! Круцізна... Сапраўдныя рэзанкі! Дзе ты ўзяла? Я іх на працу буду насіць, — казаў хлопец, «улезшы» ў старое новае і задаволена аглядаючы сябе ў люстэрку. — Можа, яшчэ такія ёсць?

— А як жа! Здаецца, трое... Толькі яны зусім прашараваўшыся, латка на латцы — і на каленях і ў клінах...

— А ты можаш зашыць — вось гэтак?

— Золатка, чаму ж не...

Госць — абнадзеены — добрага паўдня рэзаў ды сек на падворку дровы.

Бабуля ў гэты ж час сядзела за швейнай машынкай і бязмежна рада была, што гора ды бедната прывучылі некалі эканоміць кожную капейку, не купляць гатовага, новага (лепей самой што звязаць ці пашыць), не выкідаць старога, калі можна зацыраваць і падлатаць...

А яшчэ — разважала пра моду. Хто ж думаў, што яна, гэтая капрызная дама, раптам павернецца ў бок старога ды парванага, што надоўга затрымаецца ў ім, што менавіта яна — і зноў жа раптам — адродзіць бабуліна ўмельства, верне ва ўжытак спрадвечныя, але добра забытыя словы кшталту лата (кавалак тканіны, скуры, якім залатана дзірка ў адзенні, абутку), падбіўка (тое, чым падбіта, падшыта што-небудзь знізу, з адваротнага боку), штабнаваць (шыць, прашываць, прастрочваць што-небудзь — звычайна машынкай).

«Злачынства» і пакаранне

Паміж намі, жанчынамі. З ліста: «У маёй старэйшай дачкі цацак і лялек некалі шмат было. Яна любіла з імі гуляць, а вось складваць на месца — ну ніяк! Я і прасіла яе, і маліла... Урэшце стала крычаць, казаць: калі ты сама, маўляў, не будзеш прыбіраць свае цацкі, то я прыбяру — павыкідаю ў печ.

Дзіця як быццам пачула мяне, але ж праз тыдзень забылася. А ў мяне якраз кепскі настрой... Ну і згрэбла я ўсе папяровыя лялькі, шуганула іх у стаяк — на вачах у малой...

Што цікава, яна не заплакала, не стала капрызіць. Паглядзела на мяне вачыма старой бабулі і ціха сказала:

— Я сваё дзіця аніколі ТАК не пакрыўджу.

...Больш за 25 гадоў прамінула, а тую карціну мы бачым як зараз — і я, і яна».

Бо ўрок.

Браты

Пасля смерці жонкі з гаспадаркі ў дзеда Язэпа засталася двоечка: васьмігадовы сабака Малыш і двухгадовы кот Мурчык. Дзеду спатрэбілася нямала цярпення, каб іх падружыць. Але ж спробы былі не марнымі: з часам кот і сабака ўжо хлябталі з адной міскі — на пацеху старому.

Зрэшты, цяпер яму не да яе. Заняты дзед, моцна: паркан зусім разваліўся — метраў з дзесяць новага паставіў. А стары — падумаў — добра будзе на дровы пусціць...

За сякеру з раніцы ўзяўся і, як высветлілася, не адзін: зверху, з высокай ігрушы, за ім назіраў кот, каля ног стаў круціцца і сабака, прычым не без толку. Варта было нейкай палачцы адляцець падалей, як ён, у два скокі, кідаўся следам, у зубах прыносіў да кучы і, падобна, радасці большай не меў, чым пачуць ад старога: «Ты малайчына, Малыш! Ты мой памочнік!»

Вось так, «талакой», яны і шчыравалі, пакуль не згледзелі, што з лесу набліжаецца сіняя хмара. «Да навальніцы, відаць?» — падумаў дзед, але працу не кінуў...

Дождж абрынуўся раптам і нібы з вядра! Кот, скокнуўшы з грушы, сігануў у сабачую будку. Туды ж, у надзеі на ратунак, кінуўся Малыш.

Але не тут тое было: Мурчык ашчэрыўся і так пагрозліва падняў сваю лапу, што бедны сабака аж стаў, моўчкі пытаючы: «Дружа, якая мыш цябе ўкусіла?»

...Усё, як у людзей, — гледзячы на іх з-пад паветкі, усміхаўся ў вусы дзед. — Ну сапраўды: злаўчыцца нейкі нахаба, зойме цёплае месца (нават чужое!), і тады «кранты», як той казаў: не падступіцца ўжо — ні законнаму гаспадару, ні шчыраму служаку, ні нават сябру, з якімі надоечы дзялілі міску.

Трое... На востраве слёз

«Врозь нам скучно, вместе — тесно» — гэта пра іх, пра Сяргея і Наташу, бо «спісаўшыся» ў інтэрнэце (гадоў з дзесяць таму), яны неўзабаве зажылі разам. Потым — пасварыліся і раз'ехаліся, з'ехаліся зноў і зноў...

Ён казаў, што гэта — ужо «з канцамі», што дарогі назад няма і нават быць не можа! Але...

Як на тое ліха і чыста выпадкова, у яго з'явіліся «лішнія» грошы (трапілася «халтура»), ён хацеў патраціць іх на адпачынак, а ехаць аднаму...

Карацей, ён сам пазваніў ёй, сам запрасіў!

Наташа згадзілася і там, на беразе цёплага мора, праз тыдзень-другі аб'явіла яму, што зацяжарала, што хоча раджаць!

Што ён? Ды як і належала: быў рады, зрабіў прапанову рукі і сэрца, бо дзіця ж павінна расці ў сям'і.

Гэта ён так лічыў...

І доўга дзівіўся, чаму яна (гэтая сям'я) ніяк «не ствараецца» — ні з рэгістрацыяй шлюбу, ні з нараджэннем дачкі? Чаму яны з Наташай пастаянна «сабачацца», канфліктуюць «па-чорнаму», чаму жонку тады нясе, не раўнуючы, як Астапа...

У апошні раз, напрыклад, яна дагаварылася да таго, што Сяргей не проста няўдачнік, што ён не проста не мужчына, а яшчэ і не... бацька яе дзіцяці!

Вось гэта, апошняе, трэба было неяк асэнсаваць, пераварыць, а потым яшчэ і праверыць. Як засведчыла экспертыза, дачка сапраўды не яго.

Але што далей? Як сказаць пра гэта любімай чатырохгадовай дзяўчынцы? Як кінуць яе? На каго?

Бацька (не бацька?) пакутліва думае, разважае... Маці, падобна, не, бо, кажуць, ёсць цяпер катэгорыя людзей, якія нешта робяць і гавораць нават тады, калі мозг адпачывае.

На гора іншым.

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.