Вы тут

Неба. Самалёт. Лялькі


«Жыў-быў адзін самалёт... самы маленькі самалёт на свеце. І жылося яму зусім не проста. Самі ведаеце, як цяжка, калі ты найменшы...» Аднак тыя, хто паспеў заўважыць гэты самалёт у вялікім Мінску, зразумелі: калі вельмі захацець, то поспеху даб'ецца нават самы маленькі.

24-4

Гастролі Магілёўскага абласнога тэатра лялек, безумоўна, увайшлі ў лік адметных тэатральных падзей сакавіка. У Мінск прывезлі дзве дзіцячыя казкі: «Выкраданне скарбаў» Марыі Клары Машаду і «Самы маленькі самалёт на свеце» Святланы Залескай-Бень. Гэтая «Кантрамарка» прысвячаецца палёту над тэатральнай сцэнай і «экіпажу», праз які ён стаў магчымым.

Казку пра самы маленькі самалёт напісала Святлана Залеская-Бень. Шырокай публіцы яна вядома іранічнымі спевамі пра тонкую душэўную арганізацыю жанчын, канцэртнымі праграмамі-кабарэ ды філасофскай лірыкай кабарэ-бэнда «Сярэбранае вяселле», лідарам якога яна і з'яўляецца (дарэчы, пачуць музыку Святланы Залескай-Бень можна і ў спектаклі). У больш вузкіх колах Залескую-Бень ведаюць як рэжысёра і актрысу тэатра лялек. Сталыя гледачы памятаюць «Хатняга вожыка» паводле апавядання «Міцька» Дзмітрыя Шынкарова. Малыя захапляюцца спектаклем «Быў бы ў мяне дракон...» паводле казак Дональда Бісета, што Святлана Залеская-Бень паставіла ва ўласным тэатры «Кардонка» і разам з Зояй Кянько здольная паказаць на абсалютна любым стале ў любой кропцы свету. Кранальная гісторыя пра самы маленькі самалёт адпавядае чаканням прыхільнікаў казачніцы, рэжысёра, актрысы і музыкі ды прыемна здзіўляе тых, хто нічога пра Святлану Залескую-Бень не чуў.

...Самы вялікі на свеце сабака, не схільны да паўнаты, шукае гаспадара і вырашае напісаць ліст у рэдакцыю газеты, аднак на пошце лісты ад сабак не прымаюць. Канверт выпадкова трапляе да самага маленькага самалёта на свеце, з якога здзекуюцца вялікія самалёты. Маленькі самалёт вырашае дапамагчы сабаку, забірае ліст і ляціць. Каля старога ліхтара, які спачатку не гарыць, а потым гарыць, трапляе ў жывот жабы. Перамагае стракоз. Пераадолеўшы ўсе цяжкасці, ён прылятае ў рэдакцыю. Ліст друкуюць, і самы вялікі сабака сустракае гаспадара — самага маленькага пенсіянера, а самалёцік нарэшце становіцца ўпэўненым у сабе.

Гісторыю пра палёт у рэдакцыю на сцэне Магілёўскага дзяржаўнага тэатра лялек увасобіў галоўны рэжысёр Ігар Казакоў — адзін з самых маладых галоўных рэжысёраў у краіне. Менавіта ён некалькі гадоў таму адчуў «вывіх часу» і не пабаяўся ўзяцца за «Гамлета» Уільяма Шэкспіра, якога беларускія рэжысёры даўно абыходзяць увагай. Казакоў паставіў «Гамлета» ў тэатры лялек, пераапрануў галоўнага героя ў касцюм Супермена, ператварыў трагедыю ў трагіфарс. Пастаноўкі Казакова для дзяцей не менш запамінальныя. Напрыклад музычная казка-размалёўка «Чароўны пэндзаль», напісаная сумесна з Алесяй Сабела (спектакль-лаўрэат ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі Рэспублікі Беларусь). «Самы маленькі самалёт на свеце» выразна падкрэслівае адметнасць рэжысёрскага стылю. Заўважна тэндэнцыя Ігара Казакова да выбару сучаснага арыгінальнага матэрыялу для дзіцячых спектакляў, пэўная яго правакацыйнасць, схільнасць да сінтэзу розных тэхнік лялечнага тэатра.

Увасабляць вобразы, аб'ёмы і памеры герояў Ігар Казакоў запрасіў тэатральнага мастака Таццяну Нерсісян, з якой яны ўжо не раз плённа працавалі (згадаць хаця б той жа «Чароўны пэндзаль»). На сцэне арганічна спалучаюцца і «жывы» план акцёраў, і анімацыя, і лялькі. Памеры герояў вар'іруюцца ад крыху большага за далонь самалёціка да вялізнай раставой лялькі сабакі, якая займае ледзь не палову сцэны. І гэта супрацьпастаўленне заварожвае маленькіх гледачоў.

Ролю самага маленькага самалёта выконвае Таццяна Фёдарава. Актрыса-травесці пераўтвараецца на «жывым» плане ў крышку задзірыстага хлопчыка, які думае, што ён — самалёцік, і пераканаўча адольвае шлях да поспеху то павольна, сунуўшы рукі ў кішэні, то наадварот, хутка-хутка, кружачы ляльку-самалёт пад штанкетам. Такім чынам яна, здаецца, супрацьпастаўляе рух памеру і гарманізуе асваенне прасторы і тэмпарытм спектакля.

Гісторыя поспеху самага маленькага самалёта на свеце яшчэ раз нагадвае і пераконвае: можна быць шчаслівым нават тады, калі ты самы маленькі. І ў гэтым пераказе нечым нагадвае казку пра дом, які пабудаваў Джэк. Але шэраг згадак і асацыяцый, што выплываюць у свядомасці разам з гісторыяй пра маленькі самалёт, пераконвае: тэатр лялек — гэта адна з лакацый сучаснага беларускага тэатральнага працэсу, дзе адбываюцца самыя цікавыя падзеі. Бо нават простая дзіцячая казка часам нараджае больш тэатральных кантэкстуальных спасылак, чым спектакль для дарослых у акадэмічным тэатры.

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?