Павук


Павук — сімвалічная істота ў культуры ўсходніх славян, звычайна з негатыўным сэнсавым значэннем: хітры, жорсткі і шкодны. Уся яго сутнасць заключана ў тым, каб плесці павуцінне і атрутным укусам паралізаваць сваю ахвяру.

* У паданнях расказваецца аб тым, што Бог стварыў зямлю, неба, чалавека і павука. Але той пачаў плесці сваю сетку, быццам бы другое неба, і стаў прычынай чалавечых грахоў. На Палессі існавала паданне пра тое, як Бог ператварыў у павука ткача, што пахваляўся «зацягнуць» сваім прадзівам увесь свет. У хрысціянстве павук стаў сімвалам д'ябла, які заваблівае чалавека ў грахоўныя сеці і п'е яго кроў.

* У той жа час у іншых паданнях павук выглядаў станоўчым персанажам: у адным з іх ён супакоіў муху, якая перашкаджала спаць малому Хрысту, у другім — выратаваў Багародзіцу, заплёўшы павуціннем уваход у пячору, дзе яна хавалася ад ворагаў. І лічылася, што забіць павука значыць згубіць сваё шчасце.

* Павука звалі гаспадаром хаты, усяляк ахоўвалі, лічылі, што ён прыносіць поспех, багацце і дабрабыт.

* У беларускіх і ўкраінскіх паданнях павук узнімаецца на неба і нясе Богу хлебныя крошкі, пераконваючы яго, што людзі не шануюць хлеб і не павінны атрымліваць добры яго ўраджай. Таму лічылася вялікім грахом пакідаць пасля абеду крошкі на стале ці на падлозе.

* Павук і яго дзейнасць асацыіраваліся з ткацтвам. Прымаўка «павук раніцай — туга і клопаты, павук увечары — суцяшэнне і радасць» літаральна ўспрымалася так: ткацтва было прыемнай працай увечары, а калі за яго трэба было сядаць ужо з раніцы, то гэта азначала, што трэба ткаць ніткі і палатно на продаж.

* У народных прыкметах павук, які апускаецца са столі, быццам бы з неба, прадказваў хуткіх гасцей. Павук, што апускаецца перад вачыма, з капелюша ці валасоў, прадказваў чалавеку шчасце, поспех, на парозе хаты — пахаванне. Чорны павук прадказваў няўдачу, белы — шчасце.

* Калі ўлетку павукі раскідаюць свае сеткі — будзе добрае надвор'е, прычым даволі працяглы час. Калі павуціння няма — будзе моцны вецер, навальніца.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».