Вы тут

Пра карысць «грэчы з сасісай»


...Добра, што раней гэтага не ведаў, бо як бы жыў, нават не ўяўляю. Справа ў тым, што знатным кулінарам сябе не лічу і нейкімі адмысловымі рэцэптамі прыгатавання страў не валодаю, але час ад часу (калі ён ёсць — вольны) люблю пазавіхацца на кухні. Нічога асаблівага. Ну, прыгатую зрэдку, паядзім з жонкай, яна падзякуе, скажа, што смачна было, і ўсё. Дык вось не! Даведаўся нядаўна, што ў Заходняй Еўропе мужчына, які нешта прыгатаваў, паводзіць сябе, як той барон Мюнхгаўзен, які, мы памятаем, быў славуты не тым, што лятаў на Месяц, а тым, што ніколі не хлусіў. Не хлусіў, але сябе між справамі пахваліць мог. Памятаеце? «Пацэліў. Качка! З яблыкамі. Яна, здаецца, добра прасмажылася». — «Яна, здаецца, і соусам па дарозе аблілася». — «Праўда? Як гэта міла з яе боку!»

26-19

Але і гэта яшчэ не ўсё. Там і тэрмін з'яве прыдумалі адмысловы. Ну як без яго! Тых мужчын, што любяць гатаваць, празвалі... Нізавошта не здагадаецеся — гастрасексуаламі! Ага, былі метрасексуалы, на змену ім прыйшлі ламберсексуалы, а цяпер вось і гэтыя ... «сексуалы» ад кухні з'явіліся. Прынцып утварэння тэрміна, трэба сказаць, навізной не вылучаецца. Ведаеце анекдот у нашу «кулінарную» тэму? Адна сталічная «штучка» нейкім чынам трапіла ў правінцыю. Заходзіць у буфет аўтавакзала, аглядае паліцы, вітрыны і пытаецца ў прадаўца: «А сыр ракфор у вас ёсць?» — «А што гэта?» — «Амаль што звычайны сыр, толькі з цвіллю». — «Не, сыра ракфор у нас няма. Але магу прапанаваць чабурэкі-ракфор, селядзец-ракфор...» Гэта я да чаго? Калі нехта мужчынскага полу, напрыклад, прыбярэцца ў кватэры, дык ён што, адразу клінерсексуалам стане? (Гэта адвольнае ад англійскага слова «прыбіральшчык».) Да смецяроў, дворнікаў, напэўна, такое азначэнне таксама можна аднесці. Уяўляеце, як адразу ўзлятаюць рэйтынгі ЖЭСаў і прэстыж працы камунальніка ўвогуле? Так і бачу аб'яву пра вакансіі: «Ты малады, прыгожы, працавіты? Стань адным з нас!» Прачынаешся ранкам ад шоргату мятлы аб тратуар: ат, ты наш клінерсексуал у аранжавым камбінезоне, ужо шчыруеш, разбіваеш дзявочыя сэрцы...

Але вернемся на кухню. Ніхто не спрачаецца, што секс і кулінарныя справы заўсёды побач. З якога боку ні зірні. Гэта і стравы-афрадызіякі, якія дадаюць сексуальнай цягі, і звычайныя, што надаюць проста сілы, каб тая цяга была. Сервіроўка «з душой», якая намякае на цела. Працэс прыгатавання — асобная «песня». Можна рабіць гэта разам. Лёгкае віно, водар спецый, сінхроннасць дзеянняў... Сольнае «выступленне» тваёй жанчыны ў фартушку» «на босыя грудзі» таксама не пакіне абыякавым. Без віна і спецый... Нават застаўшыся дома ў гордай адзіноце, можна такую эратычную страву «забабахаць»! Не падумайце нічога такога, а пачытайце (лепш, вядома, паслухайце ў арыгінале) маналог Рамана Карцава «Нядзельны ранак». Як там чалавек гатуе сабе сняданак, у прыватнасці, салату ў хрустальнай вазе. «...Густа пасаліў. Заліў усё гэта алеем. Акрапіў воцатам. Крыху дадаў маянэзу і пачаў перамешваць драўлянай лыжкай. Знізу падчэпліваць і ўгору. Паліваў сокам, які ўтвараўся, і — яшчэ знізу ўгору...» Гэта ж слінкай можна захлынуцца ад гастранамічнага аргазму яшчэ да таго, як ты да рота тую лыжку данёс!.. Пакуль на кухні не з'явіцца (жартуем у тэму далей) наваспечаны гастрасексуал і ўсё не сапсуе... Адно, спадарства, мяне радуе — не кожны можа ім стаць.

Справа ў тым, што гэтаму «сексуалу» проста гатаваць — мала. Не, наш аб'ект вылучаецца любоўю да дарагой кухоннай тэхнікі. Гаворка не пра якую там патэльню ці набор каструль вядомай фірмы, што вы! Размова пра абсталяванне, якое ў прынцыпе для хатніх умоў і не прызначана, а выкарыстоўваецца ў рэстаранным бізнесе. Карацей, каб на кухні з тэхнікай быў «поўны фарш» (люксавая камплектацыя). Напрыклад, паведамляецца, што адзін такі гастрасексуал з Гамбурга (тут так і хочацца дадаць фразу з «Джэнтльменаў удачы» пра адну птушку з таго горада), прыдбаў такую кухонную штуку за... чатыры тысячы еўра (і працягвае спускаць практычна ўвесь сямейны бюджэт на іншыя падобныя «прыбабахі» і на заняткі ў кулінарных школах)! Гэтыя грошы былі сямейнымі зберажэннямі, адкладзенымі на водпуск і рамонт. Прычым з жонкай гэты «сексуал» нават не параіўся. Відаць, сюрпрыз хацеў зрабіць для каханай... Памятаеце? Жанчына ў салоне разлічваецца за футра. Прадавец пытаецца: «А чаму купюры мокрыя?» Тая адказвае: «Муж вельмі моцна плакаў, калі аддаваў іх». У нашым выпадку тое ж самае, толькі наадварот.

Вось таму я ўпэўнены, што нам гастрасексуалы не пагражаюць. Таму што ніводзін мужчына не аддасць столькі грошай на нейкую кухонную тэхніку. І ніводная жанчына яго за гэта не асудзіць. Дарэчы, жонка таго небаракі падала на скасаванне шлюбу: сужэнец у адным з пакояў іх двухпакаёўкі вырашыў зрабіць склад тэхнікі, а яшчэ знесці сцяну паміж гасцёўняй і кухняй, каб павялічыць плошчу апошняй і ўвогуле — перабрацца спаць туды!..

...Прыгадайце выступленне новасібірскай каманды КВЗ «СТЭПіКо». Хлопец вырашыў зрабіць дзяўчыне прапанову ў рамантычных абставінах. У рэстаране яму гавораць: «У сувязі з гэтым рэкамендуем нашу фірмовую страву — «грэча з сасісай»... Повар надзявае пярсцёнак на сасісу, прысыпае «грэчай», упрыгожвае свечкамі... Анфіса рубае «грэчу», руку пякуць свечкі... Вершы, рамантыка... Яна даходзіць да «сасісы», а там пярсцёнак. Бах — неспадзяванка!..» Так што глядзіце загаловак. Занадта проста, скажаце вы? Галоўнае, каб было ўзаемапаразуменне.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.