Вы тут

Скрыжаванне як стан


у дакументальна-паэтычным фільме беларускага рэжысёра

Кіно ніколі не перастане здзіўляць. Спосаб выказвання, сюжэт, стыль, манера — бездань, што ідзе ад самога жыцця (і чалавечая фантазія, і сацыяльныя ўмовы адсюль жа). Бязмежжа. Чэрпаць можна бясконца як аўтарам, так у выніку і гледачам. Дакументальны фільм Настассі Мірашнічэнкі «Скрыжаванне» пра бяздомнага гомельскага мастака Валерыя Ляшкевіча — унікальная з'ява ў беларускай кінапрасторы, таму што стаў не проста выказваннем, прыкладам стылю ці манеры, а, як кажа рэжысёр, сацыяльным праектам. Хоць такая назва і гучыць даволі бяздушна. Магу сказаць папярэдне: дакументальная стужка «Скрыжаванне» — сапраўднае мастацтва кіно. Тое, што не толькі «забаўляльнае», але і важнае.

26-2

Зіма, вясна, лета, восень і... зноў зіма

Уявіце. Сінявокі, сівы бяздомны мастак піша карціны ў закутку гомельскага чыгуначнага вакзала, дзе знаходзяцца камеры захоўвання, і кажа, што прыйшоў да сімвалізму, таму што той больш танны. Ён наведвае кніжную краму, каб пачытаць, і зачытваецца да моманту, пакуль яму асцярожна не скажуць, што закрываюцца на абед. Прычапляе для продажу свае карціны, якія называе «шэдэўрыкамі», уздоўж роўна падстрыжаных кустоў і мілагучна размаўляе з кожным зацікаўленым... Валерый, дарэчы, лічыць, што некалькі карцін дазваляюць яму ўсведамляць, што жыццё яго не дарэмнае.

Просты пераказ, а ўжо цікава. Але, на шчасце, гэта не той выпадак, калі кіно спекулюе на тэме «расказаць пра галадаючых афрыканскіх дзяцей і атрымаць рэзананс». Усё, што паказваецца, — пражываецца, прапускаецца праз сябе і гэтыя эмоцыі захоўвае.

Дакументальны фільм паэтычнай мовай ахоплівае год з жыцця Валерыя — зіма, вясна, лета, восень і зноў зіма. Падзел гэты, хоць і адсылае да матыву бягучага, імклівага часу, абумоўлены і даследчай цікавасцю дакументаліста, і сюжэтам. Як бяздомны мастак жыве ў летнюю спякоту, чым яму пагражае восеньскі дождж, дзе ратуецца ад марозу ўзімку? Дні, можа, і ўцякаюць, але таксама, як становішча героя, «часы заўжды аднолькавыя», што падкрэсліваецца паралелямі паміж часткамі фільма. Нехта фатаграфуецца побач з помнікам, вакзальнае табло, вечныя пасажыры ўважліва яго вывучаюць...

Як ні дзіўна, фільм, што падкрэслівае нязменнасць часоў, становішчаў, людзей, здолеў перавярнуць цэлы свет з ног на галаву. Найлепш яго разглядаць у кантэксце, які вырас разам са здымачным працэсам. І без падзейнага антуражу ў фільма хапае вартасцяў. Але не менш важна, што з яго дапамогай таленавіты мастак выставіўся ў Нацыянальным мастацкім музеі, атрымаў прафесійныя водгукі аб сваёй творчасці і, мы на гэта спадзяёмся, хутка пераедзе ва ўласны дом, без якога жыве — на вуліцы — ужо больш за дваццаць гадоў. На імя мастака быў адкрыты рахунак у банку для дабрачынных ахвяраванняў — на новы дом. Сёння Валерый адмаўляецца ад здымнага жылля, каб хутчэй сабраць патрэбную суму. У фільме чуецца: «Я выключна безабаронны». Ужо хутка гэта можа змяніцца.

Так, мастацкія вартасці і рэальная дапамога рэальнаму чалавеку ўзаемна дапаўняюць адно аднаго і складаюць выбітны твор мастацтва. Сучаснае беларускае кіно нас гэтым не песціць.

26-1

Эфект Сервантэса

Нядаўна прагучала навіна пра тое, што знайшлі, як мяркуецца, астанкі аўтара рамана «Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчскі» іспанца Мігеля дэ Сервантэса, які — таленавіты, іранічны, актуальны (што важна) творца — памёр у галечы. «Дон Кіхот», адзін з найвыбітнейшых твораў сусветнай літаратуры (і адзін з самых папулярных), паспяхова жыве да гэтых часоў. У некаторых элементах біяграфіі Сервантэса — удзел у вайне, палон, беднасць — можна ўбачыць «кошт» бессмяротнасці яго твора, а можна гэтым проста апраўдацца. Іаган Себасцьян Бах непрызнаны пры жыцці як кампазітар. Вінсэнт Ван Гог, аўтар «Едакоў бульбы» і «Зорнай ночы над Ронай», не прадаў ніводнай сваёй карціны... Мы нечага не бачым.

Валерый Ляшкевіч, дзеля выставы якога Нацыянальны мастацкі музей знайшоў у сваім графіку «фортку», жыве на вуліцы, «выстаўляецца» тут жа, спіць на вакзале ці вуліцы, пакідае свае рэчы ў камеры захоўвання, мыецца ў грамадскай лазні. Можа, ён таксама геній, якога мог прызнаць толькі час? Адназначна вядома толькі, што Валерый прадаў сваіх твораў ужо больш, чым Ван Гог. На вуліцы.

Расказваючы пра фільм, я зачапілася за словазлучэнне «гомельскі мастак». Ці можна некага прывязваць да пэўнай геаграфіі, калі ў яго няма дома, прапіскі, калі яго «няма ў базе»?.. І пытанне гэтае ўзнікла, таму што мы захраслі ў сацыяльных умоўнасцях і хутка сапраўды, як у самых звычайных антыўтопіях, калі нашага імя не будзе ў базе, — не будзе і нас.

І гледзячы на сінявокага Валерыя Ляшкевіча, слухаючы яго разумныя разважанні, назіраючы — зімой, вясной, летам — за яго немудрагелістым жыццём, думаеш, што нам не патрэбны базы, каб быць. А магчыма, Валерый больш за ўсіх нас — ёсць.

Людзі з часам пакінулі Валерыя, нават тыя, «хто нічога з сябе не ўяўляе». Затое яны ў базе. Чым «Скрыжаванне» застанецца для нас? Фільмам пра сацыяльна-жыццёвую несправядлівасць ці неабходным штуршком да ўсведамлення таго, што для быцця нам не патрэбна матэрыяльная мішура?

Шэсце па фестывалях

З аднаго боку, карціна роўненька ўпісалася ў традыцыю моцнай беларускай дакументалістыкі, з другога — пайшла насуперак тэндэнцыі бесталентнасці фільмаў, створаных за свой кошт. «Скрыжаванне» сапраўды здымалася з мізэрным бюджэтам, без дапамогі дзяржаўных сродкаў, спонсарскіх грошай — сваімі сіламі. Здымачная група працавала «на голым энтузіязме», якога ў сучасных беларускіх творцаў хапае. Кінааматары бяруцца за камеру, сур'ёзныя тэмы і гуляюць у вялікае кіно, выстаўляючы подзвігам уласнае фінансаванне таго, на што ў выніку не варта марнаваць час.

Настасся Мірашнічэнка ў гэтае кола не ўпісваецца: скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці рэжысёр кіно і тэлебачання. Да «Скрыжавання» працавала над дакументальнымі фільмамі ў Белвідэацэнтры і тэлевізійнымі праектамі. І даказала, што твор мастацтва (які нават выйшаў за межы проста мастацтва) не заўсёды патрабуе значных выдаткаў.

«Скрыжаванне» ўжо атрымала шматлікія ўзнагароды. Першае, што хацелася б адзначыць, — перамога ў намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм» нацыянальнага конкурсу «Лістапада» (разам з фільмам «Афганістан. Я памятаю» Халімы Хасанавай). Крыху раней на Варшаўскім міжнародным фестывалі, дзе стужка ўдзельнічала ў конкурсе поўнаметражнага дакументальнага кіно, «Скрыжаванне» атрымала прыз «Спецыяльная згадка журы» і «Прыз глядацкіх сімпатый». І, нарэшце, мае ў актыве перамогу ў трох намінацыях фестывалю дакументальнага кіно «РАСІЯ»: «Найлепшы фільм пра чалавека-стваральніка», «Найлепшы дэбют» і «Прыз глядацкіх сімпатый». І вось яшчэ: цяпер карціна ўдзельнічае ў конкурсе Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно ў Бруселі (Бельгія), а ў красавіку — у фестывалі еўрапейскага кіно «Сrоssіng Еurоре» ў аўстрыйскім Лінцы.

Пасля гэтага фільм, напэўна, можна будзе ўбачыць па тэлебачанні, а затым — і ў інтэрнэце. І гэта важна, таму што «Скрыжаванне» — варты прадстаўнік, па-першае, беларускага, па-другое, неабходнага кіно. Па-трэцяе, гэта не проста кінакарціна, не проста сацыяльны праект, а сапраўднае мастацтва быцця.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Для тых, хто хоча дапамагчы мастаку пераехаць ва ўласны дом, публікуем рэквізіты для папаўнення рахунку: Ляшкевіч Валерый Віктаравіч, дагавор № 884392, рэгіянальная дырэкцыя №300 ААТ «БПС-Сбербанка», Гомель, Сялянская (Крестьянская), 29а, код банка 369.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».